Крымінальную справу за абразу прэзідэнта (ч. 1 арт. 368 КК) на Паўла Бялянава з Гродна закрылі праз заканчэнне тэрміну даўнасці. Пра гэта музыка і мастак распавёў у перадачы “Мы вернемся”. Праз два месяцы хлопца зноў выклікалі на допыт – ён з’ехаў з Беларусі.

Павел “Белка” Бялянаў – гродзенскі мастак, татуіроўшчык, музыка, гітарыст гурта Deviation. Яму 36 гадоў. Гродзенца выклікалі на допыт па справе аб антырасійскіх і антываенных графіці ў якасці падазраванага 29 траўня 2022 года. Яго дапыталі на паліграфе па некалькіх крымінальных справах – у тым ліку пра наркотыкі. Пры допыце гродзенца некалькі разоў ударылі — ён разбіў сабе брыво аб шафу.

У яго Instagram ўбачылі лагатып «Свабоды» і падверглі адміністрацыйнаму арышту. Калі яго распранулі і ўбачылі татуіроўкі – партрэт Аляксандра Лукашэнкі і надпіс «Лука ідзі ты на**й» — на два месяцы ўзялі пад варту паводле арт.368 КК «Абраза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь». Следчыя знайшлі публікацыі фатаграфій татуіровак чатырохгадовай даўніны, што палічылі «публічнай дэманстрацыяй».

“Я мог проста “забіць” татуіроўкі і не было б справы”

Надпіс Павел зрабіў у 2009 годзе, партрэт — у 2018. “Толькі ў іх сапсаванай рэальнасці гэтыя татуіроўкі можна ўспрымаць як абразу прэзідэнта. Я разумеў, у якой краіне я жыву і што раблю — таму яны на мяжы, — распавёў хлопец. – Я мог бы не бегчы з Беларусі, а проста «забіць» татуіроўкі і не было б справы ніякай. Мяне следчы папярэджваў: “Глядзі, сустрэне цябе ГУБАЗіК на выхадзе з турмы і залічыць публічную дэманстрацыю ў турме, дзе ты знаходзішся ў агульнай камеры, дзе ты вымушаны здзяйсняць злачынства з іх пункту гледжання”.

“Гэта проста партрэт Лукашэнкі, проста не зробленыя ў яго зрэнкі. Па іх экспертызе, з пункту гледжання сучаснай культуры, адсутнасць вачэй можа азначаць адсутнасць душы або тое, што чалавек не бачыць наваколле. Гэта можна інтэрпрэтаваць як абразу. Эксперты не ўзяліся ацэнку – пакінулі на меркаванне суда. < … > Надпіс не чытаецца, ні адзін чалавек, які бачыць гэтую татуіроўку, яе з першага разу не прачытаў. Яе чытаюць, толькі калі ведаюць, што там напісана”.

“Будзеш яму фламастэрам кожны дзень зафарбоўваць”

У турме хлопец чытаў і маляваў, набіваў руку. За два месяцы дзяўчыне і брату дайшлі чатыры лісты. Яму давалі адзін ліст раз у два тыдні.

“Судзяць у Гродне так, што даюць палову ад максімальнага тэрміну першаходам. Я рыхтаваўся ехаць на два гады [па арт. 368 КК пагражае да чатырох гадоў пазбаўлення волі – Hrodna.life]». Але за дзень да падаўжэння тэрміну яго адпусцілі — справа закрылі ў сувязі з заканчэннем тэрміну даўнасці.

Павел Белянов. Скриншот из видео проекта "Мы вернемся"
Павел Белянаў. Скрыншот з відэа праекта “Мы вернемся”

І дзяўчыне маёй сказалі: “Будзеш яму фламастэрам кожны дзень зафарбоўваць, пакуль ён не “пераб’е”. Або – з’ехаць. Сказалі, што на працягу года справу могуць аднавіць. Я прыняў гэта як намёк, што пара ехаць, – распавёў Павел.

Але ехаць хлопец не збіраўся. Але праз два месяцы пасля вызвалення яго выклікаў на допыт следчы – справу аднавілі. У той жа дзень хлопец выехаў па гуманітарнай візе ў Літву, пасля чаго перабраўся ў Польшчу. Цяпер гродзенец больш за два месяцы жыве ў Варшаве на сквоце (незаконна занятае памяшканне, дзе жывуць блізкія па ідэалогіі людзі – Hrodna.life). Вярнуцца дадому хлопец збіраецца пасля змены рэжыму.

Чытайце таксама: Распранаюць да трусоў і здымаюць выбачэнні. Як жыхароў Гродзенскай вобласці затрымліваюць за татуіроўкі