Зверку дадзеных ваеннаабавязаных плануюць скончыць 21 снежня 2022 года. Праз прадпрыемствы і навучальныя ўстановы ўжо праверылі дадзеныя каля 45 тыс. чалавек, паведаміў “Гродна Плюс”.

Такую зверку праводзяць штогод, але настолькі маштабную – упершыню, удакладняе канал. У параўнанні з леташнімі зверкамі, зараз людзей выклікалі для прыватнай гутаркі і ўдакладнення звестак.
Якія дадзеныя збіраюць
“Падчас правядзення зверкі ўдакладняюцца наступныя дадзеныя ваеннаабавязаных – гэта адрас месца жыхарства, адрас месца знаходжання, тэлефоны мабільныя, хатнія, сямейнае становішча, узровень адукацыі, спецыяльнасць, месца працы, пасада, якую займае па месцы працы”, – сказаў кіраўнік мабілізацыйнага аддзела вайсковага камісарыята Гродна і Гродзенскага раёна Аляксандр Раўгач.
Акрамя гэтага, у ваенкамаце ўдакладняюць стан здароўя ваеннаабавязанага. Гэта робяць для прыняцця далейшых мераў і працы. Якой менавіта працы і мераў, Роўгач не ўдакладніў.
Як звяраюць дадзеныя
Дадзеныя звяраюць двума спосабамі. Першы – праца з арганізацыямі, якія абавязаны за тыдзень прадставіць у камісарыят інфармацыю пра змяненне дадзеных супрацоўнікаў.
Другі – асабістае запрашэнне прыйсці ў ваенкамат па месцы жыхарства праз позву, тэлефанаванне або СМС-апавяшчэнне.
Да якога ўзросту могуць выклікаць для зверкі
Узрост, да якога ваеннаабавязаных будуць выклікаць у ваенкамат, залежыць ад іх звання:
- салдат і сяржантаў – да 50 гадоў;
- прапаршчыкаў і малодшых афіцэраў – да 55 гадоў;
- старэйшых афіцэраў – да 60 гадоў.


