Гродзенскую ДЮСШ № 5 па вул. Соламавай, 76 чакае капітальны рамонт. Таксама там мадэрнізуюць памяшканні будынка басейна. Цяпер для гэтага выбіраюць генеральную праектную арганізацыю на выкананне праектна-пошукавых работ.

Упраўленне капітальнага будаўніцтва Гродна праводзіць дзяржзакупку. На працу выдаткуюць 180 000 рублёў з гарадскога бюджэту. Іх правядуць з 26 снежня па 5 траўня 2023 года. Пачатак будаўніцтва запланаваны на травень 2023 года.

Спецыялізаваны будынак фізкультурна-аздараўленчага і спартыўнага прызначэння складаецца таксама з прыбудовы, цокальнага паверха, склепа і тамбура. Агульная плошча — 2057,2 кв. м.

Што зробяць?

Пасля абследавання выправяць дэфекты. А таксама — правядуць капітальны рамонт залы басейна, вялікай і малой чараў басейна з мадэрнізацый інжынерных сістэм і сетак. Мадэрнізуюць выцяжку. Пры рамонце таксама арганізуюць уладкаванне акустыкі, відэаназірання і сістэмы электроннай фіксацыі часу. Заменяць пяць стартавых тумбаў і секундамеры. Адрамантуюць балкон, столь і лесвіцы. Уладкуюць два джакузі і забяспечаць безбар’ернае асяроддзе.

Мужчынскую і жаночыя душавыя, хларатарную, бойлерную і душавую каля парнай таксама чакае рамонт з мадэрнізацыяй інжынерных сістэм і сетак. Там уладкуюць «японскую лазню» (памяшканне з бочкай, вентыляцыяй і прытокам свежага паветра — Hrodna.life).