У гродзенскім Палацы творчасці дзяцей і моладзі, раней вядомым як Палац піянераў, у пачатку снежня пасля двухгадовага перапынку зноў запрацаваў басейн. У будучыні тут змогуць займацца як маладыя спартсмены, так і прыходзіць адпачываць гараджане.

Адкрыццё басейна ў Ленінскім раёне гэта добрая навіна для гараджан, бо апошнія гады дзеці з Палаца вымушаныя былі займацца ў іншых басейнах горада. А яшчэ два гады таму ў секцыі плавання ў Палацы займалася каля 800 чалавек. Карыстаўся попытам і продаж абанементаў для гараджан.

Планавалася, што пасля рамонту басейн адкрыюць у 2017 годзе з пачаткам вучобы — 1 верасня, але дазвол на адкрыццё атрымаць не ўдалося, хоць аб’ект і быў ужо гатовы да прыёму дзяцей.

Басейн нечакана для ўсіх адкрылі 2 снежня пасля традыцыйнай суботняй прамой лініі, якую правёў кіраўнік спраў Гродзенскага аблвыканкама Ігар Папоў. У той дзень у чыноўніка некалькі чалавек пацікавіліся, калі пачне прымаць наведвальнікаў басейн у цэнтры горада.

Басейн могуць неўзабаве зноў закрыць

Працамі па капітальным рамонце, мадэрнізацыі і рэканструкцыі басейна займаецца Упраўленне капітальнага будаўніцтва Гродзенскага аблвыканкама. На гэта згодна з праектам Інвестыцыйнай праграмы № 32 ад 21 студзеня 2017 года павінна было быць выдзелена каля 500 тысяч рублёў.

Але за два гады ў басейне быў выраблены рамонт толькі ніжняй часткі - старой каналізацыі. Верх застаўся без змен. Таму басейн змогуць закрыць у бліжэйшы час на працяг рамонту. Дарэчы, што гэта першы сур’ёзны рамонт басейна з 1976 года.

Нягледзячы на гэта, зараз у Палацы праводзіцца набор дзяцей з 6 гадоў у групы 1-га года навучання на платнай аснове. Басейн для гараджан будзе адкрыты крыху пазней, бо ў Палацы вырашаюцца пытанні з абанементамі і касай. Але ўжо вядомы кошт уваходнага квітка:

наведванне басейна для дзяцей з 6 гадоў, кошт адной гадзіны — 3 руб.;
наведванне басейна для дарослых — 4 руб;
наведванне басейна з саўнай — 5 руб;
навучанне плаванню дзяцей з інструктарам — 3.5 руб.

Рэжым працы басейна: панядзелак — нядзеля з 08.00 да 20.00, без абеду.

Даведка

На снежань 2017 года ў Гродне функцыянуе 7 басейнаў у школах і гімназіях горада: Ленінскі раён — Гродзенская гарадская гімназія № 1. Кастрычніцкі раён — Гімназія № 1 і № 9, і ў школах № 34, № 39, № 40.

Таксама басейн ёсць у фізкультурна-аздараўленчым цэнтры «Аквацэнтр» на Горкага і комплексе «Азотсервис» на Томіна. Таксама на вулiцы Соламавай ёсць басейн у Вучэбна-спартыўнай установе «СДзЮШАР № 5»

Таксама гарадскія ўлады не так даўно заявілі, што ў гродзенскім мікрараёне Дзевятоўка можа з’явіцца крыты басейн.