Арганізацыя Новага года ў Гродне падаражэла ў два разы. Рэдакцыя Hrodna.life прааналізавала дакументы, размешчаныя на сайце дзяржзакупак.

UPD 13 снежня. Таксама 14 000 рублёў выдаткуюць на шэсце Дзядоў Марозаў і Снягурак у Гродне. З іх — абслугоўванне LED экрана (3000 рублёў), абслугоўванне светлавога абсталявання (4000 рублёў), сцэнічны комплекс (7000 рублёў).

Мабільная сцэна з трапам на Савецкай плошчы будзе каштаваць 13 000 рублёў, асвятляльнае і гукавое абсталяванне — па 6000. Абслугоўванне LED экрана — 5000.

Гэта стала вядома з дзяржзакупкі, якую Гродзенскі гарадскі цэнтр культуры праводзіць для святочных мерапрыемстваў да Новага года. Прастаіць абсталяванне з 30 снежня 2022 па 1 студзеня 2023 года.

Комплекс будзе памерам не менш за 10 на 12 метраў і вышынёй не менш за 1,2 м.

Сцена на Новый год в Гродно. Фото: Гродненский городской центр культуры
Сцэна на Новы год у Гродне. Фота: Гродзенскі гарадскі цэнтр культуры

Для абагравання палаткі артыстаў замовяць цеплавыя гарматы.

Агульная сума закупкі - 30 000 рублёў. Фінансуе яе Гродзенскі гарвыканкам.

На ўпрыгажэнні - круглая сума

Яшчэ 426 000 рублёў вытрацяць на абслугоўванне святочных упрыгожванняў у Гродна. Закупку праводзіць Гродзенская гарадская жыллёва-камунальная гаспадарка. Тэрмін пастаўкі - з 23 снежня па 22 сакавіка 2023 года.

А колькі было летась?

Усталяваць і абслужыць сцэну ў Гродне на Савецкай плошчы ў 2021 годзе каштавала 6000 рублёў. Светлавое абсталяванне каштавала 4000 рублёў, гукавое — 3500, LED-экран — 4000. Разам — 17 500 рублёў.

Акрамя таго, варта ўлічыць кошт абслугоўвання біяпрыбіральняў, мантаж навагодняй ілюмінацыі і навагодніх металаканструкцый — і дэмантаж. Яны ў дзяржзакупках гэтага года пакуль не адлюстраваныя.