Андрэя Тодрыка, загадчыка артапеда-траўматалагічнага аддзялення № 2 бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі (БХМД) Гродна, 29 лістапада пачалі судзіць у судзе Кастрычніцкага раёна. Яму інкрымінавалі арт. 430 ч. 1 КК — Атрыманне хабару і 433 ч. 2 КК — Незаконнае ўзнагароджанне.
Лекара затрымалі ў канцы сакавіка 2022 года. Тодрык Андрэй Тадэвушавіч – урач траўматолаг-артапед першай катэгорыі, стаж працы — 21 год. Яму 54 гады. З 1995 года ён працаваў урачом-траўматолагам у БХМД, з 2015 года — загадчыкам траўматалагічнага аддзялення. Андрэй уваходзіць у сямейную дынастыю Тодрыкаў з агульным працоўным стажам у 61 год.
Цяпер загадчыкам артапеда-траўматалагічнага аддзялення № 2 пазначаны Стрыжак Ягор Андрэевіч. Ці звольнены Андрэй Тодрык, Hrodna.life невядома. Звязацца з яго блізкімі на працягу следства не ўдалося.

Судзіць Тодрыка будзе Віталь Лабоцкі – вядомы па “палітычных” справах. У прыватнасці, ён судзіў гродзенку з анкалогіяй, збітага АМАПам таксіста і судзіць уладальніка крамы «АвтоЗапчасти» Віктара Рукшу, які напісаў заяву на праверку дзеянняў сілавікоў.
Суд – і ў Ваўкавыску
Таксама ў судзе Ваўкавыскага раёна 29 лістапада пачалі судзіць Саўко Яўгена. Яго судзяць практычна па тых жа артыкулах КК – 433 ч.1 – Незаконнае ўзнагароджанне і 430 ч. 1 – Атрыманне хабару. Яўген – загадчык траўматалагічнага аддзялення ЦРБ у Ваўкавыску. Уваходзіў на мясцовую Дошку гонару.

Што вядома пра справу?
25-26 сакавіка 2022 года ў Беларусі прайшлі масавыя затрыманні артапедаў. Ператрусы праводзіў КДБ. 18 красавіка Аляксандр Лукашэнка заявіў пра затрыманне 35 лекараў-траўматолагаў, якія “не проста падказвалі людзям, якія ляжаць на аперацыйным стале, якія імпартныя запчасткі ім у цела ўставіць артапедычныя, а прыстойныя атрымлівалі за гэта ад замежнікаў хабары”.
Паводле інфармацыі BBC, ператрусы закранулі ў тым ліку ТАА «Медлінк» — пастаўшчыка пратэзаў і металаканструкцый, якія вырабляе нямецкая кампанія Waldemar Link. На адным з кампутараў «Медлінка» нібыта быў знойдзены спіс лекараў, якім кампанія выплачвала бонусны працэнт за устаноўленыя пратэзы. Іншы суразмоўца BBC называе гэты спіс «чорнай бухгалтэрыяй». Прадстаўнікі “Медлінка” і лекары былі затрыманыя ў кавярні ў момант перадачы хабару, кажа ён.
Ва ўсім свеце кампаніі плацяць або аказваюць паслугі лекарам, якія выкарыстоўваюць іх лекі або абсталяванне, распавёў суразмоўца Hrodna.life. Напрыклад, аплачваюць даволі дарагі ўдзел у профільных канферэнцыях. Іх наведванне неабходна лекарам для росту ў прафесіі. У іншых краінах гэта адрэгулявана заканадаўствам. У нашай краіне — не. Таму тэарэтычна такія выпадкі ў Беларусі можна кваліфікаваць як карупцыю. Па чутках сярод медыкаў, на беларускіх прадстаўнікоў адной з такіх нямецкіх фірмаў “націснулі” і яна “зліла” дактароў.
Вядома, што некаторыя лекары прызналі віну, кампенсавалі ўрон і выйшлі на волю.


