Абвінавачаны ў гвалце над АМАП Ігар Лазавік не з’явіўся на пасяджэнне 10 сакавіка ў суд Кастрычніцкага раёна Гродна. Яго абвясцілі ў вышук. Ігар — сябар збітага АМАПам таксіста Аляксея Лапы, які пакінуў краіну. Лазавік быў пасажырам таксі, яго таксама збілі пры затрыманні.

Ігар Лазавік выехаў у Літву, сказаў на пасяджэнні адвакат гродзенца. Пракурор Ігар Смольскі заявіў, што абвінавачваны хаваецца ад следства, і папрасіў аб’явіць яго ў вышук і змяніць меру стрымання на ўзяцце пад варту.

Суддзя Віталь Лабоцкі пастанавіў абвясціць абвінавачанага ў вышук і прыпыніць справу.

Паводле версіі дзяржабвінавачання, Ігар Лазавік з 23.11 да 23.20 11 жніўня 2020 года «не падпарадкаваўся патрабаванням сілавікоў аб разблакоўцы дзвярэй, усведамляючы, што побач знаходзіцца супрацоўнікі УУС». А затым пры спробе «законнага вымання з аўтамабіля наўмысна нанёс рукамі і нагамі не менш за шэсць удараў у вобласць корпуса цела, рук і ног» супрацоўніка АМАП Дзмітрыя Рахунка.

Так ён прычыніў «менш цяжкія цялесныя пашкоджанні» — закрыты пералом сінякоў ногцевай фалангі чацвёртага пальца левай кісці, удары і ранкі.

Лазавік з абвінавачваннем не пагадзіўся.

Чытайце таксама: