Больш за 50 чалавек прынялі ўдзел у фестывалі зімовага купання і гартавання “ЗакалФэст”. Ён адбыўся ў Гродне 27 лістапада 2022 года. Удзельнікі маглі прабегчы дыстанцыі 2,5 км, 10 км і 15 км, паведаміла БелТА.

Удзельнікі фестывалю беглі ўздоўж набярэжнай: ад гарадскога пляжа да Каложскага парка. Мужчыны беглі з голым торсам альбо ў лёгкай цішотцы, жанчыны – у купальніках. Таксама на фестывалі арганізавалі “маржаванне”. Некаторыя ўдзельнікі акунуліся ў Нёман мінімум тры разы, абліваліся вадой і праплылі 15-20 метраў. Пасля гэтага ўдзельнікі маглі папарыцца ў мабільнай саўне.
У Гродне такі фестываль адбыўся ўпершыню
У Гродне “ЗакалФэст” арганізавалі ўпершыню. Раней яго праводзілі ў Мінску. “Мы зразумелі, што гэта зараз актуальна, што гэта зараз у трэндзе, неабходна гартавацца”, – сказаў арганізатар фестывалю Сяргей Зыкаў.
Удзельнічалі ў фестывалі не толькі гродзенцы. Напрыклад, Таццяна Гурская прыехала з Асіповічаў. “Гэта ўжо не першы раз, я ўжо гартуюся. Не так часта такія спаборніцтвы бываюць, таму трэба абавязкова паўдзельнічаць”, – сказала Таццяна.
Пераможцаў на 15 км дыстанцыі ўзнагародзілі грашыма. Іншых пераможцаў – сертыфікатамі і медалямі.






