Пасля затрымання двух кіраўнікоў кампаніі і вобшуку ў офісе ў «Маёнтку Падароск» знік доступ да часткі дакументацыі. Зараз няма магчымасці сплаціць заробкі працаўнікам ці рабіць выплаты контрагентам па дамовах. Супрацоўнікі кампаніі, якія засталіся на волі, спрабуюць працягваць працу — але пэўнасці ў тым, што ім дазволяць працаваць далей, няма. Пра сітуацыю Hrodna.life некалькі дзён таму выказаў свае думкі мецэнат і ўласнік маёнтка Павел Падкарытаў, які зараз знаходзіцца за мяжой.
Павел Падкарытаў выкупіў сядзібу Бохвіцаў у Падароску ў 2013 годзе. Плануемы комплекс меў на мэце забяспечыць жыхароў аграгарадка працай у якасці супрацоўнікаў турыстычна-рэкрэацыйнага цэнтра (з музэям шляхты ў былым палацыку), прыцягнуць турыстаў і тым самым выратаваць аграгарадок ад дэградацыі. Працы па аднаўленні ішлі марудна, бо па былой сядзібе не захавалася амаль ніякіх дакументаў, тым больш інжынерных схемаў, планаў. Фактычна давялося ствараць усю першасную дакументацыю па маёнтку наноў, праводзіць нятанныя навуковыя даследванні, перш чым распачаць уласна праэктаванне.
— На жаль, не маючы досведу, мы нарабілі памылак у самом працэсе праектавання. Нам давялося амаль цалкам перарабляць першапачаткова зроблены праект, пад гэта прыйшла фактычна новая каманда на чале з Юрыям Меляшкевічам з канца 2020 года. Бо вельмі складаная сітуацыя атрымалася з галоўнымі камунікацыямі: вада, газ, электрычнасць, каналізацыя. Яны адсутнічалі ў сядзібе ўвогуле і пытанне карэктнага завядзення іх на маёнтак аказалася вельмі складаным. Папярэдні праекціроўшчык, на жаль, рады не даў, — адказаў Павел на пытанне пра актуальны стан гатоўнасці праекта.
З 2021 года ў маёнтку пачаў працаваць новы праекціроўшчык. Давялося правесці дадатковыя даследаванні, некаторыя з папярэдніх правесці ізноў, бо інфармацыя састарэла.
— Мы планавалі скончыць праект цалкам недзе на пачатку 2023 года, з наступным атрыманнем заключэння дзяржэкспертызы. І ў 2023 можна было б нарэшце запусціць кавярню, краму і часовую экспазіцыю ў значны для кампаніі гаспадарчы абарот. Таксама планавалі рэстаўраваць пахавальную капліцу Бохвіцаў і будынак былой пажарнай часткі на тэрыторыі маёнтка.
27 кастрычніка затрымалі трох супрацоўнікаў «Маёнтка Падароск». На прадпрыемстве было выманне дакументаў - забралі дакументы фірмы і кампутары. Пасля 72 гадзін затрымання на волю выйшла бухгалтарка Вольга Балтрукевіч. Разам з ёй правялі ператрусы ў офісах прадпрыемства. Дырэктар ПТУП «Маёнтак Падароск» Юрый Меляшкевіч і фінансавы дырэктар Дзмітры Карабач застаюцца пад вартай, Крымінальная справа ўзбуджаная па нясплаце падаткаў і страхавых узносаў з заробкаў працаўнікоў амаль на 400 000 рублёў.
Цяпер камандзе трэба перафарматаваць працоўную адміністрацыю — гэта справа як мінімум некалькіх тыдняў.
— Задача перад тымі, хто застаўся, быццам бы простая — аднавіць нармальную працу прадпрыемства, скончыць праектаванне, і пачаць рэканструкцыю. Але яна і вельмі складаная адначасова і я пакуль не ведаю, як атрымаецца. Я, канешне, магу выконваць функцыі ўласніка УП і на адлегласці, мой удзел ува аперацыйнай працы не прадугледжаны статутам. Пытанне ў тым, ці дадуць працаваць кампаніі, якая ніколі не прымала ўдзел ані ў чым, апроч рэканструкцыйных прац. Бо калі не мы, то ніхто ў Падароску ніколі гэтага не зробіць. Аб’ект зусім невялічкі і нязначны па мерках дзяржавы, каб яна давала грошы на ягонае аднаўленне, а ўлады раёна тым больш не маюць такіх рэсурсаў.
Зараз прадпрыемства не мае магчымасці нават сплаціць заробкі працаўнікам ці зрабіць першачарговыя выплаты контрагентам па заключаных дамовах — праз затрыманне дырэктара і фіндырэктара і выняццё ў іх сродкаў дыстанцыйнага доступа да рахунка прадпрыемства. На ўзнаўленне доступу патрэбен час.
— Адпаведна, парушаны план-графік нашых рэканструкцыйных дзеянняў. Напрыклад, мы планавалі цалкам адрэстаўраваць капліцу Бохвіцаў да зімы, але хутчэй за ўсё цяпер не паспеем гэтага зрабіць, давядзецца адкладаць да вясны, бо зімовы час не спрыяе кладачным працам.
Праект скончыць у тэрмін, прадугледжаны дамовай праектавання, цяпер таксама будзе складана — трэба ізноў сабраць патрэбную бягучую інфармацыю, якой валодаў дырэктар. Як хутка гэта можна зрабіць, невядома. Контрагенты могуць вогуле збаяцца працаваць з маёнткам, бо могуць і да іх «прыйсці».
— Так што ніякай пэўнасці няма, што мы зможам плённа працаваць, — мяркуе Павел.
Маёнтак прыцягваў знешнія інвестыцыі ў Падароск, што было заўважна па мерках Ваўкавыскага раёна. Павел часткова ўкладаў свае ўласныя сродкі ў статутны фонд прадпрыемства, часткова прыцягваў з Еўрасаюза даўгатэрміновыя займы пад абаротныя сродкі рэканструкцыйнага праекта. Гэта — пад некалькі сотняў тысячаў еўра. Планавалася яшчэ больш. Што, вядома, цяпер пад пытаннем.
Але перспектыва спынення замежных інвестыцый быццам бы зусім не палохае ўладу. Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы 11 лістапада ў Талачынскім раёне выступіў супраць замежных капіталаўкладанняў. Так ён адрэагаваў на словы мясцовых уладаў аб тым, што ў раён збіраецца прыйсці літоўскі інвестар.
«Каб я блізка не бачыў вашых больш тут літоўцаў, фінаў і іншых. Мы ведаем, як яны заходзілі і як яны пакідалі ўсё і павыходзілі. Мы ведаем гэта. І цяпер, не хачу называць прадпрыемства, ужо мне сігналізуюць, што адны збеглі, фіны. А літоўцы бегаюць, шукаюць, як гэта, каб не кінуць прадпрыемства, а яго добра прадаць. Дык вось яны павінны ведаць, што ніхто нічога не прадасць з замежным капіталам. Гэта будзе нацыяналізавана. Вось і ўсё. Таму ня трэба — мы самі можам гэта зрабіць».
Уладальнік маёнтка не кідае прадпрыемства і не хоча нікуды «выходзіць» з яго. Ён хоча давесці праект да працоўнага стану.
— Ведаеце, гэта для мяне хутчэй місія і пакліканне, чым бізнес. На прыкладзе Падароска мне хацелася б адпрацаваць на практыцы рэальную схему, па якой прыватны бізнес (з дапамогай дзяржавы і грамадства) мог бы за свой кошт адраджаць невялікія аб’екты гістарычнай спадчыны, надаваць ім новае турыстычнае і культурніцкае жыццё, як гэта робіцца паўсюль у Еўропе, і як, на жаль, не робіцца пакуль ў Беларусі. І ў нас пачало нават нешта атрымлівацца, а тут гэткі класічны «наезд»…
Зразумейце, я не ўкладаю сюды свае апошнія сродкі, страта Падароска па тых ці іншых прычынах ніколі не зробіць мяне банкрутам. Больш за тое, я ўпэўнены, што такая страта не будзе канчатковай, нават калі мяне зараз адсюль выштурхнуць, раней ці пазней я вярнуся ў Падароск, каб скончыць сваю місію, з дапамогай дзяржавы ці без яе. Але безумоўна, тое, што адбываецца, забівае частку маёй душы, бо я не мераю Падароск на грошы. Я мераю яго на любоў і годнасць.
Новы сувенір у выглядзе "раскладанкі" са знакавымі аб'ектамі Гродна ствараюць улады. Яго выканаюць у выглядзе…
Трохпакаёвая кватэра знаходзіцца на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў. Сцены ў ёй абвешаныя рэпрадукцыямі, дзвярныя праёмы выкананы…
Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для сачэння за актыўнасцю ў камп'ютарах закупляе Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі…
У Гродне рэканструююць тэрыторыю, прылеглую да вадаёма па вул. Рэпіна. Там жа ўладкуюць дзіцячую інклюзіўную…
У Гродне адкрылася выстава, прысвечаная мясцоваму ўраджэнцу мастаку Льву Баксту. Экспазіцыю размясцілі ў харальнай сінагозе,…
Маршрут праз усю Беларусь запусціла гродзенская фірма "Пазітыў-тур". Шлях з Гродна ў Віцебск складзе амаль…