21-гадовая Занемонская Валерыя Ігараўна з Гродна ўвайшла ў спіс «тэрарыстаў». Жыхар Чачэрска Юрый Кавалёў трапіў у калонію за «абразу прэзідэнта». Пасля таго як ён адбыў тэрмін пакарання, Юрыя зноў судзілі і прызначылі прымусовае псіхіятрычнае лячэнне. Праз эканамічны суд Гродзенскай вобласці ліквідуюць фірму таксі, якой валодаў Мікалай Аўтуховіч. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў вобласці ў другі тыдзень лістапада.

Затрыманні

Па вяртанні ў краіну з Польшчы затрымалі гродзенца. Хлопца затрымалі за распаўсюджванне «экстрэмісцкіх паведамленняў». Гродзенец жыве ў Беларусі і часова працуе ў Польшчы. Па яго словах, раней ён быў футбольным фанатам. Да затрымання яго звесткі размясцілі ў Telegram-канале «Поступи по совести», які дэананімізуе гродзенцаў, звязаных з пратэстамі.

Гродзенца затрымалі 9 лістапада па абвінавачванні ў масавых беспарадках і распаўсюдзе «экстрэмісцкіх паведамленняў». Раней яго дадзеныя таксама размясцілі ў Telegram-канале «Поступи по совести». Затрыманы — Аляксей Паўленка, паведамляе Telegram-канал «Суды, задержания. Гродно и область».

Затрыманне ў Слоніме. Жыхар Слоніма расказаў, што ў чатах сцвярджаў, што выходзіў на мітынгі - але гэта хлусня. Таксама ён абразіў супрацоўніка міліцыі і Аляксандра Лукашэнку ў сацсетках.

72-гадовага Барыса Кучынскага асудзілі на 3 гады «хатняй хіміі»

Мужчыну судзілі 10 лістапада 2022 года ў судзе Слонімскага раёна паводле арт.369 КК «Абраза прадстаўніка ўлады»; заўв. 1 ч. 3 арт. 203 КК «Незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных» за лайк ў «Одноклассниках» са згадваннем пацярпелага старэйшага інспектара Віктара Лутчанка.

Таксама абвінавачаны заплаціць 5000 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды пацярпеламу і штраф 150 базавых велічынь (4800 рублёў), паведамляе Telegram-канал «Суды, задержания. Гродно и область».

Палітвязню Аляксею Федаркевічу ўзмацнілі пакаранне і перавялі з «хіміі» ў калонію

У Кастрычніцкім судзе Гродна 7 верасня адбыўся суд па змене пакарання палітвязню Алесю Федаркевічу. Па рашэнні суддзі Вольгі Бекушавай палітвязню змянілі абмежаванне волі з накіраваннем у ПУАТ на пазбаўленне волі.

Жыхара Салігорска асудзілі 6 ліпеня 2021 года да двух гадоў «хіміі» за абразу начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Ленінскага РАУС, паведамляе «Вясна».

Политзаключенному Алексею Федоркевичу усилили наказание и перевели из химии в колонию. Фото: "Вясна"
Палітвязню Аляксею Федаркевічу ўзмацнілі пакаранне і перавялі з хіміі ў калонію. Фота: «Вясна»

Анжаліка Борыс і Анджэй Пачобут сталі пераможцамі залатых Соваў Палоніі

У 16-ы раз аўстрыйская газета «Юпітэр» уручыла ўзнагароды. Сёлета лаўрэатамі сталі актывісты Саюза палякаў у Беларусі - старшыня арганізацыі Анжаліка Борыс і журналіст і сябра праўлення Анджэй Пачобут, паведамляе glosznadniemna.

Анджэй пад вартай у СІЗА, а Анжаліка не можа выязджаць з Беларусі. Узнагароды ў Вене за іх атрымалі журналісты TVP Polonia Ян Роман і Аляксандр Роман. Анджэй ўжо ведае пра ўзнагароду.

Гэтыя ўзнагароды называюць «польскімі Оскарамі». Яны прысуджаюцца рэдакцыяй часопіса «Юпітэр» з 2005 года польскай грамадскасці, а таксама замежнікам, якія працуюць у гэтых галінах у інтарэсах дружалюбных адносін з Польшчай.

Анжелика Борис и Анджей Почобут стали победителями Золотых Сов Полонии. Фото
Анжаліка Борыс і Анджэй Пачобут сталі пераможцамі залатых Соваў Палоніі. Фота: glos znad niemna

Сланімчаніна асудзілі да 1,5 гадоў калоніі за каментары ў інтэрнэце

10 лістапада ў судзе Слонімскага раёна вынеслі прысуд Валчку Дзянісу Вайцяховічу па артыкулах: ч. 1 арт. 368 КК «Абраза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь», заўв. 1 ч. 3 арт. 203 КК «Незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцци і персанальных дадзеных», паведамляе Telegram-канал «Суды, задержания. Гродно и область».

Мужчыну затрымалі ў жніўні 2022 года.

21-гадовая Занемонская Валерыя Ігараўна з Гродна ўвайшла ў спіс «тэрарыстаў»

Дзяўчына абвінавачваецца па арт. 130, арт.361 КК. Яе назвалі адміністратарам «экстрэмісцкага фарміравання «Чёрная книга Беларуси».

21-летняя Занемонская Валерия Игоревна из Гродно вошла в список “террористов”. Фото: "Вясна"
21-гадовая Занемонская Валерыя Ігараўна з Гродна ўвайшла ў спіс «тэрарыстаў». Фота: «Вясна»

Палітвязня Дзяніса Івашына змясцілі ў карцэр

Аб гэтым паведаміла яго жонка Вольга. «Гэтым разам у адзіночцы таксама досыць халадно, але наш ваяр загартаваўся за час палону, і перададзеная намі тэрмабялізна дапамагае. Таму Дзяніс, сьцяўшы зубы трывае, бо разумее, што падчас вайны складана ствараць і захоўваць добрую вонкавую абстаноўку», — паведаміла яна.

12 лістапада стала вядома, што Дзянісу Івашыну працягнулі ўтрыманне ў карцэры — ён там ужо дзевяць сутак.

Акрамя гэтага, палітвязень месяц не можа зрабіць пакупкі ва ўнутранай краме гродзенскай турмы.

«І прычына не ў адсутнасьці грошай на рахунку (і мы, і іншыя неабыякавыя Беларусы стала падтрымліваем нашага ваяра пераводамі), ды ён нават праверыць стан рахунку ня можа, бо… ніводная замова не выконваецца. Крама працуе, палітвязьні робяць замовы на прадукты й рэчы зь яе,. але замоўленае так да іх і не патрапляе», — напісала жонка палітвязня Вольга.

Тлумачэнняў гэтаму няма, паведамляе Вольга. Падобная сітуацыя — у Мікалая Аўтуховіча.

Денис Ивашин. Фото жены политзаключенного
Дзяніс Івашын. Фота жонкі палітвязня

У Гродзенскай вобласці - новыя палітвязні

Валерый Тумілевіч узяты пад варту за абразу Лукашэнкі па арт. 368 КК;

Сяргей Ліцкевіч прысуджаны да пазбаўлення волі за абразу Лукашэнкі, прадстаўніка ўлады, здзек з дзяржаўных сімвалаў па арт. 368, 369, 370 КК;

Павел Малітвік асуджаны за каментары ў сацыяльных сетках у дачыненні да супрацоўнікаў МУС па арт. 369 і 364 да двух гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;

Валерый Сівук асуджаны за паклёп і абразу Лукашэнкі па арт. 188 і ч. 1 арт. 368 КК да аднаго года і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;

Уладзімір Шымчук асуджаны за абразу Лукашэнкі і здзек з дзяржаўных сімвалаў па ч. 1 арт. 368 і арт. 370 КК да аднаго года і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі,

Васіль Дземідовіч асуджаны за абразу прадстаўніка ўлады, суддзі, Лукашэнкі і выказванні ў сацыяльных сетках аб арганізацыі пратэсту да шасці гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі.

На волю выйшаў палітвязень Алег Фамін з Ваўкавыска

Ён адбываў свой тэрмін у шклоўскай папраўчай калоніі № 17, паведамляе «Вясна».

48-гадовы прадпрымальнік, трэнер па футболе з Ваўкавыска быў затрыманы 15 жніўня 2020 года і асуджаны суддзёй Мікалаем Талашкам на 2 гады і 6 месяцаў калоніі агульнага рэжыму па арт.364 КК (Гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў). Таксама Алег павінен быў выплаціць пацярпеламу міліцыянту Вячаславу Іванову 2000 рублёў.

Политзаключенный Олег Фомин. Фото: "Вясна"
Политзаключенный Олег Фомин. Фото: «Вясна»

Павел Белянаў, якога затрымлівалі за татуіроўку, на волі

Гродзенец з’ехаў з краіны.

Гродзенскага музыканта і гітарыста гурта Deviation Паўла «Белку» Бялянава затрымалі ў чэрвені 2022 года. Яго абвінавачвалі па арт. 368 КК «Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь» і ўзялі пад варту. Прычынай гэтаму стала татуіроўка музыканта «Лука иди ты на**й».

Павел Белянов. Фото провластных Telegram-каналов
Павел Белянаў. Фота праўладных Telegram-каналаў

У Гродне ліквідуюць «Цэнтр інавацыі»

Пасяджэнне аб ліквідацыі культурна-турыстычнага грамадскага аб’яднання пройдзе 21 лістапада ў Гродзенскім абласным судзе. Заяўнік — Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Гродзенскага аблвыканкама.

«Цэнтр інавацыі» з’яўляецца некамерцыйнай арганізацыяй, якая прасоўвае праекты ў галіне ўнутранага, уязнога турызму і адукацыі; садзейнічае папулярызацыі і развіццю культурна-турыстычнага патэнцыялу Гродна і Гродзенскай вобласці.

Ксёндз Андрэй асвяціў помнік на магіле Вітольда Ашурка. Да магілы прыйшлі родныя і сябры

Просім цябе благаславі гэты помнік, які мы ўзносім на магіле твайго слугі Вітольда. Адары яго сваёй бясконцай міласэрнасцю і ўваскрасі яго цела для жыцця ў хвале", — памаліўся на магіле ксёндз.

Прысутныя разам памаліліся і праспявалі гімн «Магутны Божа». Ксёндз Андрэй цёпла падтрымаў маці Вітольда Ашурка, адзначыў, што часта ўзгадвае Вітольда і моліцца пра яго.

Ксендз Андрей и мама Витольда Ашурка. Фото: facebook.com/vitold.by
Ксёндз Андрэй і мама Вітольда Ашурка. Фота: facebook.com/vitold.by

Яшчэ больш «экстрэмісцкай» інфармацыі

За тыдзень інфармацыйную прадукцыю прызналі экстрэмісцкай у:

  • Telegram-канале «Малейковщизна, Лида»,
  • Telegram-канале «Молодёжный, Лида»,
  • Telegram-канале «Росляки, Лида»,
  • Telegram-чаце «Ольшанджелес»,
  • Telegram-канале «Право имеют».

Як палітвязень адбывае прымусовае псіхіятрычнае лячэнне

Жыхар Чачэрску Юры Кавалёў трапіў у калёнію за «абразу прэзыдэнта». Пасьля таго як ён адбыў тэрмін пакараньня, Юрыя зноў судзілі і прызначылі прымусовае псыхіятрычнае лячэньне. Знаёмы Кавалёва расказаў С**бодзе пра ўмовы, у якіх таго трымаюць у псыхіятрычным шпіталі.

«Яму там надзвычай цяжка. Ён кажа, што нашмат лягчэй было на зоне, і нават у ШЫЗА ці ў карцары. Там у шпіталі абвясьцілі каранавірус. Тры тыдні Юры ня мог тэлефанаваць. Спатканьні скарацілі з 20 да 5 хвілін, і тыя праз шкло. Да ўсяго яшчэ яму колюць страшныя, як па мне, лекі. Я пачытаў — за галаву схапіўся. Баюся за ягоны стан пасьля тых лекаў», — расказаў Сяргей (імя зьмененае. — РС).

Житель Чечерска Юрий Ковалев. Фото: "Вясна"
Жыхар Чачэрска Юрый Кавалёў. Фота: «Вясна»

Лідчаніна аштрафавалі за пікетаванне фургонам

У судзе Лідскага раёна яшчэ 3 кастрычніка асудзілі мужчыну па арт. 24.23 КаАП. Згодна з пратаколам, мужчына «прыняў удзел у пікетаванні шляхам выпуску на лінію аўтамабіля з фургонам-рэфрыжэратарам KOGEL з бел-чырвона-белым сцягам», паведамляе «Гарадзенская праўда».

Суд прызнаў мужчыну вінаватым і пакараў яго штрафам у 1 600 рублёў (50 базавых велічынь). Арышт фургона-рэфрыжэратара суддзя пастанавіў скасаваць.

У Лідзе з пачатку 2022 года арыштоўваюць грузавікі з прычэпамі «БЧБ-расфарбоўкі» і затрымліваюць іх кіроўцаў, а пасля прымушаюць перафарбоўваць машыну або дамалёўваць зялёную палоску, паведамляе Z**kalo.io. «БЧБ-расфарбоўкай» лічыцца, па апісанні чытача Віктара (імя зменена), чырвоная гарызантальная паласа на белым фоне. Паводле яго слоў, яшчэ ў студзені да некалькіх яго калег-уладальнікаў такіх прычэпаў прыходзілі сілавікі, аднаго «хацелі пасадзіць на суткі», у другога «арыштавалі машыну з грузам і змясцілі на штраф-стаянку да суда», склалі пратакол за адзіночны пікет.

Суразмоўца кажа, што тады кіроўцам такіх цягачоў давялося здымаць налепкі або зафарбоўваць іх, а некаторым супрацоўнікі РАУС «прапанавалі проста дадаць зялёную палоску».

У Гомельскім абласным судзе 9 лістапада пачалі разглядаць справу «Рабочага Руху»

Па ім праходзяць супрацоўнікі «Гродна Азот» Уладзімір Жураўко, Сяргей Шэлест, Андрэй Пагерыла (арт.188, ч. 1 арт. 356, ч. 3 арт. 361−1 КК) і працаўнік «Хімвалакно» Уладзімір Цераневіч (ч. 1 арт. 356, ч. 3 арт. 361−1 КК).

Ніхто з абвінавачаных не прызнаў віну, Андрэй Пагерыла часткова пагадзіўся з абвінавачваннем у паклёпе, паведамляе СБ.

У справе 38 тамоў, уключаючы сакрэтны — яго разгледзяць асобна.

Лідчанка, якая сарвала дзяржаўны сцяг са сталічнага бара, заключаная пад варту

Уначы 26 кастрычніка 26-гадовая дзяўчына шпацыравала па вуліцы Зыбіцкай у Менску. З будынка адной установы яна сарвала чырвона-зялёны сцяг і кінула яго на зямлю, будучы п’янай, паведамляе sk.gov.by.

У дачыненні да дзяўчыны распачатая крымінальная справа па арт. 370 КК «Здзек з дзяржаўных сімвалаў.

Праз эканамічны суд Гродзенскай вобласці ліквідуюць фірму таксі, якой валодаў Мікалай Аўтуховіч

11 лістапада пачаўся працэс аб ліквідацыі юрыдычных асоб. Заяўнік — інспекцыя Міністэрства па падатках і зборах РБ па Ваўкавыскім раёне. Ліквідуюць прыватнае транспартнае ўнітарнае прадпрыемства «Ніка-Таксі». Адказчык — дырэктар Людміла Парэмская. У 2009 годзе яе затрымлівалі па адной з крымінальных спраў супраць Аўтуховіча.

Ліцэнзія на перавозку ў Аўтуховіча была з 2002 года. У 2016 годзе фірмы хацелі пазбавіць ліцэнзіі. Тады фірму зноўку зарэгістраваў Ваўкавыскі райвыканкам.

17 кастрычніка Мікалаю Аўтуховічу прысудзілі 25 гадоў пазбаўлення волі. Таксама прысудам суда ён пазбаўлены звання старшага прапаршчыка ў адстаўцы.

Іўеўскі дабрачынны фонд «Разам у будучыню» ліквідуюць праз суд

Фонд ліквідуюць па заяве Іўеўскага раённага ўнітарнага прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Пасяджэнне аб ліквідацыі грамадскіх аб’яднанняў пройдзе 21 лістапада ў Гродзенскім абласным судзе.

Арганізацыю зарэгістравалі ў 2013 годзе ў Іўі. Фонд прымаў уклады для арганізацыі работ па добраўпарадкаванні, навядзенні парадку на зямлі, умацаванню матэрыяльнай базы аб’ектаў сацыяльнай сферы (уключаючы гісторыка-культурныя каштоўнасці) і месцаў масавага адпачынку грамадзян Іўеўскага раёна.

Распаўсюдзілі дадзеныя супрацоўніка пракуратуры Гродзенскага раёна. Распачалі крымінальныя справы

Супрацоўнікі ўпраўлення ўласнай бяспекі Генеральнай пракуратуры выявілі факты незаконнага распаўсюджвання дадзеных старэйшага памочніка пракурора Гродзенскага раёна ў «дэструктыўных Telegram-каналах», паведамляе БелТА.

Пад пастамі карыстальнікі пакінулі паведамленні, якія абразілі гонар і годнасць супрацоўніка.

Пракуратура Гродзенскай вобласці распачала крымінальныя справы. Расследаваннем зоймецца УСК па Гродзенскай вобласці.

Двойчы палітуцякачка: як маці пяцярых дзяцей з Гродна з’язджала, вярталася, зноў з’ехала і стала «экстрэмісткай»

Гродзенка Іна Шырокая — маці пяці дзяцей, якая да 2020 года працавала ў кавярні і выкладала ёгу. Сёння яна — двойчы бежанка, якую судзілі і ўнеслі ў спіс экстрэмістаў.

Іна Шырокая
Инна Широкая. Фото: «Позірк»

У Беларусі замест McDonald’s будзе расійская «Вкусно — и точка»

Рэстараны McDonald’s у Беларусі будуць працаваць пад расійскім брэндам «Вкусно — и точка». Пад новай назвай рэстараны пачнуць працаваць ў бліжэйшыя некалькі тыдняў.

«Мы захаваем усе працоўныя месцы, працягнем прапаноўваць гасцінны сэрвіс, разнастайнае меню, любімы cмак страў і высокую якасць прадукцыі па даступных цэнах, да якіх прывыклі нашы госці», — напісана на сайце кампаніі.

Дакладную дату пачатка працы пад новым брэндам не паведамілі.

21-гадовая "тэрарыстка", палітвязень на прымусовым лячэнні, ліквідацыя бізнэсу Аўтуховіча. Як прайшоў тыдзень у Гродне і вобласці
Рэстаран хуткага харчавання «Вкусно — и точка». Крыніца: vm.ru

Кіраўніку незалежнага прафсаюзу «Гродна Азот» запатрабавалі 5 гадоў пазбаўлення волі. Ён звольнены з прадпрыемства

Былога старшыню Першаснай арганізацыі Беларускага Незалежнага прафсаюза работнікаў ААТ «Гродна Азот» Андрэя Ханевіча судзяць за садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці і дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь. 9 лістапада ў Гродзенскім абласным судзе прайшло трэцяе пасяджэнне па крымінальнай справе.

Андрей Ханевич. Фото: Белорусский Независимый Профсоюз
Андрэй Ханевіч. Фота: Беларускі Незалежны Прафсаюз

Лозунг «Жыве Беларусь» прызналі нацысцкім. На колькі гадоў за яго будуць саджаць?

Міністэрства ўнутраных спраў унесла лозунг «Жыве Беларусь» ў спіс нацысцкай сімволікі і атрыбутыкі. Адпаведны дакумент апублікавалі на Нацыянальным прававым партале.

У дакуменце акрэслілі, што вітанне «Жыве Беларусь» і водгук «Жыве» ў суправаджэнні паднятай рукі з раскрытай далонню — сімвал 13-га Беларускага паліцэйскага батальёна пры СД [служба бяспекі рэйхсфюрэра — Hrodna.life] і 30-й грэнадзёрскай (пяхотнай) дывізіі Ваффэн-СС.

Дацэнта Святлану Сілаву звольнілі з ГрДУ. Раней яе затрымлівалі па «адміністратыўцы»

З Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я.Купалы звольнілі кандыдата гістарычных навук, дацэнта Святлану Сілаву. Нагодай для звальнення палічылі адсутнасць яе на працоўным месцы больш за тры гадзіны — гэта адбылося з-за затрымання.

светлана силова святлана сілава
Святлана Сілава. Фота: Facebook гераіні

Менш правоў для нацыянальных меншасцяў і касметычныя змены для беларускай: як збіраюцца змяніць Закон «Аб мовах»

Палата прадстаўнікоў рыхтуецца прыняць у першым чытанні праект закона «Аб змяненні законаў па пытаннях адукацыі». Дакумент апублікаваны на Нацыянальным прававым партале. Сярод іншага, прапануюць унесці змены ў пытанні мовы навучання.

«Старажытны прадстаўнічы орган — народнае веча». Як у Гродне абмяркоўвалі закон аб Усебеларускім народным сходзе?

Праект закона аб Усебеларускім народным сходзе абмеркавалі на гродзенскіх прадпрыемствах. Вынікі абмеркаванняў апублікавалі ў дзяржпрэсе. Там пішуць, што ўдзельнікі актыўна ўдзельнічалі ў дыскусіі. Праўда, якія менавіта пытанні іх цікавілі, у тэкстах не тлумачылі. Мяркуючы па публікацыях, абмеркаванне зводзілася да інфармавання пра змест законапраекта. Карэспандэнт Hrodna.life прааналізаваў матэрыялы дзяржвыданняў.

У Беларусі знялі з паказу дзіцячы фільм. Яго павінны былі паказаць на фестывалі «Лістапад» і ў Гродне

У Гродне, як і ў іншых абласных гарадах і раёнах, праходзяць паказы міжнароднага кінафестываля «Лістапад». Фестывальныя паказы ідуць з 4 па 11 лістапада. Пры гэтым у праграме ўжо адбыліся змены — цэнзура зняла з раскладу дзіцячы фільм Андрэя Кудзіненкі «Дзесяць жыццяў Мядзведзя».