Праваабарончая арганізацыя «Вясна» 1 лістапада прызнала палітзняволенай адвакатку з Гродна Юлію Юргілевіч. Таксама ўпершыню назвалі артыкул, па якім Юлію заключылі пад варту — 361−4 КК «Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Раней яго не разгалошвалі.
Юліі пагражае да шасці гадоў пазбаўлення волі.
Юлію Юргілевч затрымалі 30 жніўня. Яна з’язджала з Беларусі пасля пазбаўлення адвакацкай ліцэнзіі, але напярэдадні вярнулася ў краіну. 23 лютага Юлію выключылі са складу Гродзенскай абласной калегіі адвакатаў за «сістэматычныя парушэнні заканадаўства», а пасля — пазбавілі ліцэнзіі.
Юлія працавала адвакатам амаль 18 гадоў. Пасля жніўня 2020 года яна абараняла абвінавачаных па палітычных справах. Юргілевіч абараняла ў судзе Вольгу Верамеенка з крамы «Адметнасць», абвінавачаную па справе аб счэпцы, Андрэя Сакалоўскага па той жа справе, Андрэя Аўсіевіча, якога судзілі за каментар. Амапаўцы адмаўляліся ад іскаў аб кампенсацыі маральнай шкоды пасля яе допыту.
На 1 лістапада ў Беларусі 1357 чалавек прызнаныя палітвязнямі.
Чытайце таксама: «Хачу паглядзець ім у вочы». Успамінаем крымінальныя справы адвакаткі Юліі Юргілевіч, якую затрымалі ў Гродне