На прадпрыемстве «Маёнтак Падароск» Ваўкавыскага раёна затрымалі трох супрацоўнікаў. Сярод іх — кіраўнік УП «Маёнтак Падароск» Юрый Меляшкевіч. Пакуль яны затрыманыя на 72 гадзіны.
27 кастрычніка стала вядома пра затрыманне Юрыя Меляшкевіча. Ён — намеснік старшыні грамадскага аб’яднання «Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры». Да ліквідацыі быў намеснікам старшыні грамадскага аб’яднання «БНФ «Адраджэнне», актывістам Руху «За Свабоду».
Таксама затрыманыя фінансавы дырэктар Дзмітрый Карабач і бухгалтарка Вольга Балтрукевіч.
«Зараз высвятляем акалічнасьці справы, ў нядзелю іх павінны ці выпусціць, ці арыштаваць», — расказаў Hrodna.life Павел Падкарытаў, уладальнік маёнтка.
Супрацоўнікаў затрымалі ў межах расследвання крымінальнай справы. Верагодна, яна ўзбуджаная па арт.243 КК «Ухіленне ад выплаты падаткаў».
На самім прадпрыемстве была выемка дакументаў. «Але, фактычна, быў ператрус. Забралі дакументы фірмы і камп’ютары», — расказаў Павел.
Ініцыятыва «Маёнтак Падароск» аднаўляе сядзібу Чачотаў-Бохвіцаў у Падароску. У 2013 годзе яе выкупіў расійскі бізнесмен беларускага паходжання Павел Падкарытаў. Турыстычны комплекс мае на мэце прыцягнуць у мястэчка новых жыхароў і выратаваць яго ад вымірання.
Чытайце таксама: «Тут ёсць геній месца». Як расійскі бізнесмен з беларускімі каранямі ажыўляе мястэчка Падароск