Узгадненне — да 10 працоўных дзён. У Беларусі ўвялі новую сістэму рэгулявання коштаў

У Беларусі ўвялі новую сістэму рэгулявання цэнаў на беларускія і імпартныя тавары. Прынцыпы выкладзены ў пастанове Рады міністраў Беларусі № 713 ад 19 кастрычніка. Для 370 тавараў устаноўлены гранічныя надбаўкі, а для павышэння коштаў трэба будзе атрымліваць дазвол у мясцовай улады і дзяржаўных органаў. Пры гэтым вытворцам, імпарцёрам і гандлёвым арганізацыям патрэбна будзе даць абгрунтаванне для падаражэння.

Як будуць ўзгадняць цэны

Працэдура ўзгаднення для павышэння адпускной цаны не можа перавышаць 10 рабочых дзён. Для тавараў, якія хутка псуюцца — 5 працоўных дзен.

Дзяржаўныя прадпрыемствы або ўстановы павінны атрымліваць дазвол у адпаведных дзяржаўных органаў. Для спрашчэння працэсу яны змогуць ствараць спецыяльныя камісіі, часцей за ўсё з прадстаўнікамі прафсаюзаў, заўважыў Myfin.

Юрыдычным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам дазволы на падвышэнне коштаў будуць выдаваць мясцовыя аблвыканкамы або Мінгарвыканкам.

Сярод прычын адмовы можа быць недахоп дакументаў або «недастатковае эканамічнае абгрунтаванне» новай адпускной цаны. Кошты ў замежнай валюце трэба будзе пералічваць паводле курсу Нацбанка на дату апрыходавання тавараў імпарцёрам.

Узгадненне ня спатрэбіцца, калі:

  • цана павялічылася прапарцыйна павышэнню ставак тарыфаў, падаткаў, кошту сыравіны, матэрыялаў і камплектуючых, уключаных у сабекошт прадукцыі;
  • цану вяртаюць на ранейшы ўзровень пасля зніжак і акцый;
  • дамова заключаецца з новым пакупніком;
  • кошт змяняецца да ўзроўню, які быў да ўступлення ў сілу пастановы (19 кастрычніка).
  • гэта новы спажывецкі тавар, цану на які вытворца павялічыў у межах дазволенай надбаўкі ў 10% .

Таксама не прыйдзецца ўзгадняць цэны на ўжываныя тавары, у крамах бяспошліннага гандлю, тавараў, што выкарыстоўваюцца ў працэсе вытворчасці, для прадукцыі грамадскага харчавання, тавараў ваеннага прызначэння і тых, цэны на якія ўжо рэгулююцца.

Паводле спісу — надбаўкі ад 15 да 60%

Да дакумента прыкладзены спіс з 370 таварных пазіцый, для якіх устаноўлены гранічныя надбаўкі для імпарцёраў і гандлю. Надбаўкі магчымыя ў межах ад 15% да 60%.

З прадуктаў у спіс увайшлі мяса, рыба, малако і малочныя прадукты, сыры, алей, хлеб, крупы, кандытарскія вырабы, гародніна і садавіна, безалкагольныя напоі і іншае. З нехарчовых тавараў - тканіны, адзенне, абутак, мэбля, дываны, тэкстыль, посуд, электратавары, тэлевізары, будаўнічыя матэрыялы, галантарэя, аўтамабілі і запчасткі, матацыклы, друкаваныя выданні, бытавая хімія, парфумерыя і касметыка, канцылярскія прыналежнасці, папера і іншае.

Забарона экспарту і максімальныя цэны на прадукцыю сельскай гаспадаркі

Дзяржорганы абавязаныя будуць забяспечваць унутраны рынак пастаўкамі беларускіх тавараў «пад поўную патрэбу». У выпадку неабходнасці для гэтага яны могуць прапаноўваць абмежаваць экспарт.

Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання ўсталюе гранічныя максімальныя цэны на сыравіну ў гэтай галіне — ад збожжа да яек і жывёлы.

Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, Міністэрства эканомікі, Міністэрства фінансаў, Міністэрства працы і Белстат сумесна павінны зацвердзіць парадак разліку сабекошту прадукцыі, які будзе прымяняцца пры цэнаўтварэнні.

Вытворцаў, імпарцёраў, нарыхтоўчых і занятых захоўваннем таварных стабфондаў арганізацый абавязалі рыхтаваць эканамічныя абгрунтаванні адпускных коштаў. Максімальныя аптовыя скідкі могуць быць толькі 10%.

З 1 студзеня 2023 года дамовы бартэру можна будзе заключаць толькі арганізацыям у рамках холдынгу, экспарцёрам і іншым юрыдычным асобам па ўзгадненні з дзяржаўнымі органамі.

Таксама ўведзена забарона выплачваць бонусы і іншыя ўзнагароды па прасоўванні тавараў у гандлі пры пастаўках вытворцамі беларускай прадукцыі.

Крыміналкі за цэны і інфляцыя

Рост цэнаў у Беларусі забаранілі з 6 кастрычніка 2022 года. За парушэнне забароны прадаўцоў затрымліваюць, заводзяць крымінальныя справы. За пакаранні адказваюць Генеральная пракуратура і Камітэт дзяржаўнага кантролю. Цэны кантралюе працоўная група пад кіраўніцтвам Наталлі Качанавай. У яе ўвайшлі прафсаюзы, дэпутаты і сенатары.

За год — з верасня 2021 па жнівень 2022 года — мяса падаражэла амаль на 18%, алкаголь на 16%, малако на 13,5%. З сакавіка 2021 года ўлады Беларусі спрабавалі замарозіць кошты на некаторыя прадукты. Рост коштаў на тавары першай неабходнасці не павінны быў перавышаць 0,2% на месяц (гэта значыць 2,4% на год). У спіс трапіла 57 тавараў. У снежні 2021 года спіс скарацілі да 29 пунктаў. З сацыяльна значных прыбралі рыс, грэчку, соль, бескасцёвае мяса, каўбасу, агуркі, памідоры, гарбату. На астатнія прадукты дазволілі падымаць кошты ад 0,3 да 0,9 адсоткаў на месяц.

У верасні 2022 г. гадавы прырост спажывецкіх паводле дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта Беларусі склаў 17,4%. Базавая інфляцыя адносна адпаведнага месяцу папярэдняга года склала 20%.

Чытайце таксама:

Падзяліцца

Апошнія запісы

Улады зробяць «раскладанку» са славутасцямі Гродна. Што туды патрапіла?

Новы сувенір у выглядзе "раскладанкі" са знакавымі аб'ектамі Гродна ствараюць улады. Яго выканаюць у выглядзе…

22 снежня 2024

У Гродне прайшоў парад Дзядоў Марозаў і Снягурак

Некалькі сотняў Дзядоў Марозаў, Снягурак, сабачак, вавёрачак і разнастайных іншых персанажаў 20 снежня прайшлі ад…

21 снежня 2024

Нерухомасць тыдня: у Гродне прадаюць кватэру «калекцыянера» з электракамінам

Трохпакаёвая кватэра знаходзіцца на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў. Сцены ў ёй абвешаныя рэпрадукцыямі, дзвярныя праёмы выкананы…

21 снежня 2024

І нават ICQ. Ва ўстанове Гродна будуць сачыць за перапіскамі супрацоўнікаў

Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для сачэння за актыўнасцю ў камп'ютарах закупляе Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі…

21 снежня 2024

Ля сажалкі на Рэпіна з’явіцца дзіцячая інклюзіўная пляцоўка — ужо запланавалі будаўніцтва

У Гродне рэканструююць тэрыторыю, прылеглую да вадаёма па вул. Рэпіна. Там жа ўладкуюць дзіцячую інклюзіўную…

21 снежня 2024

У Гродне з’явіцца музей Льва Бакста? Такую прапанову агучылі ў сінагозе

У Гродне адкрылася выстава, прысвечаная мясцоваму ўраджэнцу мастаку Льву Баксту. Экспазіцыю размясцілі ў харальнай сінагозе,…

20 снежня 2024