Тэлеканал “Гродна Плюс” пакараў свайго інжынера відэамантажа. Прычына – той пусціў у эфір архіўны запіс “Асоба дня” ад 2019 года, у якім узгадалі журналіста Юрыя Дудзя. Пра гэта тэлеканал паведаміў у сваім Telegram-канале.

“З 2020 года ў гэтай рубрыцы ідзе гаворка толькі аб савецкіх і беларускіх акторах, музыках і пісьменніках, якія не маюць дачынення да антыдзяржаўных поглядаў”, – напісаў тэлеканал у сваім Telegram-канале. “Рэдакцыя не падзяляе поглядаў дадзенага героя, якія яскрава выявіліся ў адносінах да нашай краіны пасля 2020 года”.
На думку “Гродна Плюс”, падобнай інфармацыі не месца ў эфіры дзяржаўнага тэлеканала. Таму рэдакцыя папрасіла прабачэння перад сваімі гледачамі, “каго магла абразіць дадзеная інфармацыя”.
У Гродне пакаралі, а ў Гомелі звольнілі
У Гомелі звольнілі трох супрацоўнікаў “Гомельскага гарадскога радыё” за тое, што 11 кастрычніка яны ўзгадалі ў эфіры расійскага журналіста і блогера Юрыя Дудзя. Узгадка прагучала ў рубрыцы “Хто сёння нарадзіўся”. У ёй называюць выбітных асобаў і даюць кароткую даведку пра іх.
Чаму дзяржаўныя СМІ баяцца называць Юрыя Дудзя
У сакавіку 2022 года суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў тры відэа на YouTube-канале “вДудь” экстрэмісцкімі: “Как жить, если лишают родины”, “Комиссаренко – новая жизнь после протестов в Беларуси”, “NEXTA – главное медиа белорусского протеста. Сам Юрый Дудзь у Беларусі не прызнан экстрэмістам.
“Гродна Плюс” не прыносіў выбачэнні сваім глядачам пасля жніўня 2020 года
У жніўні 2020 года, падчас мірных мітынгаў і шэсцяў тэлеканал “Гродна Плюс” трансляваў у прамым эфіры падзеі з Плошчы Леніна. Пасля чаго, рэдакцыя тэлеканала не выбачаліся перад глядачамі, якіх магла абразіць дадзеная інфармацыя.


