Дзмітрыя Дудойця ўнеслі ў «спіс экстрэмістаў» — у студзені 2022 года ён скончыў жыццё самагубствам. У Гродне мужчыну з псіхічным захворваннем асудзілі да шасці гадоў калоніі. Гродзенца затрымалі за абразу Лукашэнкі, Пуціна і Кадырава. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў вобласці з 3 па 9 кастрычніка.
Затрыманнні
Затрыманне ў аграгарадку Азёры. Мясцовага жыхара затрымалі, выцягнуўшы яго з грузавога аўтамабіля. Прычына — распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў, заклікі да блакавання аўтамабільных дарог і гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі.
Затрыманне ў Ваўкавыску. Мясцовага жыхара затрымалі за рэгістрацыю ў «Плане Перамога». Чатыры разы мужчына прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у пратэстах. Затрыманы — Аркадзь Навумчык, паведамляе «Вясна».
Ліквідацыя
Грамадскае аб’яднанне «Трофі клуб «Белавежскія зубры» знаходзіцца ў працэсе ліквідацыі. Такое рашэнне прыняў 6 верасня Гродзенскі абласны суд.
Арганізацыя працавала 11 гадоў. Яна размяшчалася ў в. Новы Двор Свіслацкага раёна. Клуб арганізоўваў трофі-рэйды ў раёне і ўдзельнічаў у спаборніцтвах пазадарожнікаў.
Загінулага ўнеслі ў «спіс экстрэмістаў»
На мінулым тыдні 67 чалавек папоўнілі «спіс экстрэмістаў». Сярод іх — і жыхары Гродзенскай вобласці. Гэта Шырынскі Максім Дзмітрыевіч з Навагрудка, Урбановіч Андрэй Іванавіч з Ліды, Янкоўская Таццяна Вячаславаўна, Вінакураў Сяргей Аляксеевіч, Краўцоў Аляксей Віктаравіч, Пятроўскі Андрэй Францавіч, Шулюк Яўген Часлававіч, Дудойць Дзмітрый Канстанцінавіч і Баяровіч Аляксей Ігаравіч са Смаргоні і раёна.
Дзмітрый Дудойть адбываў «хімію» па прысудзе па арт. 369 «Абраза прадстаўніка ўлады». У студзені 2022 года ён скончыў жыццё самагубствам. Пазней у спісе напісана, што Дудойць не «адбывае пакаранне», а «сканаў».
Чытайце таксама: Жыхар Смаргоні, асуджаны на" хімію", пакончыў з сабой. Што пра гэта вядома?
Жыхара Мінска асудзілі на 7 гадоў калоніі ў Гродзенскім абласным судзе
51-гадовага жыхара Мінска асудзілі за дапамаганне ў распальванні сацыяльнай варожасці і варажнечы, незаконныя дзеянні ў дачыненні да боепрыпасаў (ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 130, ч. 2 арт. 295 КК) на сем гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму без штрафу, паведамляе пракуратура.
Згодна з матэрыяламі справы, абвінавачаны незаконна набыў боепрыпасы і незаконна захоўваў пры сабе. Ён жа ў лістападзе 2020 года і сакавіку 2021 года накіраваў у чат-боты Telegram-каналаў інфармацыю аб былым кіраўніку для яе размяшчэння іншымі на рэсурсах, «праз якія ажыццяўлялася супрацьпраўная дзейнасць у складзе экстрэмісцкіх фарміраванняў». Гэта нібыта пацягнула наступ іншых цяжкіх наступстваў.
Эдварда Вільчэўскага асудзілі на 9 гадоў калоніі ў Гродзенскім абласным судзе
Аб гэтым паведаміў Telegram-канал «Суды, задержания. Гродно и область». Таксама ён павінен заплаціць пацярпеламу 2000 рублёў кампенсацыі.
Эдварда абвінавацілі па шэрагу артыкулаў КК:
- 130 ч. 1 — Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы;
- 369 — Знявага прадстаўніка ўлады;
- 293 ч. 1 — Масавыя беспарадкі;
- 293 ч. 2 — Масавыя беспарадкі;
- 364 — Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў.
Эдвард — таксіст з Ліды, яму 28 гадоў. У яго двое дзяцей, паведамляе dissidentby. Справу пачалі разглядаць 26 верасня ў Гродзенскім абласным судзе. Суддзя — Мікалай Рачынскі.
Палітвязня журналіста Дзяніса Івашына змяшчалі ў карцэр
Івашын знаходзіўся там з 1 па 7 кастрычніка. Раней у Дзяніса забралі паліто. «Дык вось вязьня, які знаходзіцца амаль 24 гадзіны ў халодным бэтонным памяшканьні, бязь верхняй вопраткі выводзяць на пачатку кастрычніка на вуліцу, і нахабна заяўляюць, што гэта ўсё адпавядае іхным «інструкцыям», — напісала жонка палітвязня.
5 кастрычніка Івашыну вярнулі паліто. 7 кастрычніка ён выйшаў з карцэру — яму перадалі перадачу.
Пачобут — у спісе «тэрарыстаў»
Журналіста Анджэя Пачобута ўнеслі у пералік арганізацый і фізічных асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці.
Яго абвінавачваюць у «распальванні варожасці» (арт. 130 КК) і «закліках да мер абмежавальнага характару (санкцый), накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспекі» (арт. 361 КК).
Новыя палітвязні
Гэта:
- Марына Санкевіч, асуджаная па ч. 1 арт. 130 КК, ч. 1 арт. 342 КК, ч. 1 арт. 293 КК, ч. 1 арт. 368 КК да сямі гадоў калоніі за публікацыі ў Telegram-каналах;
- Павел Мякіш, асуджаны па ч. 3 арт. 130 КК, ч. 1 арт. 179 КК за перадачу дадзеных сілавікоў у Telegram-канал да пяці гадоў калоніі.
Новыя экстрэмісцкія каналы
Суд Ленінскага раёна Гродна 30 верасня 2022 года прызнаў экстрэмісцкімі матэрыяламі Youtube-канал «Руслан Линник» і Telegram-канал «Дзікае Паляванне».
Новыя «экстрэмісты»
Аляксея Забірана і Марыну Санкевіч ўнеслі ў пералік грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці.
У Гродне мужчыну з псіхічным захворваннем асудзілі да шасці гадоў калоніі
19 верасня ў Гродзенскім абласным судзе 26-гадовага Андрэя Сачэўку асудзілі да шасці гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, прызнаўшы яго вінаватым па ч.1 арт. 130 і ч. 1 арт. 293 КК. Вядома, што мужчына мае растройства асобы. Андрэй таксама ўключаны ў пералік арганізацый і фізічных асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці, паведамляе «Вясна».
Прысуд вынес Васіль Скок. Бок дзяржабвінавачання падтрымала Галіна Войшаль. Судовымі засядацелямі выступілі Мікалай Варанкоў і Крысціна Лобан.
Мужчына не прызнаў віну, а пацвердзіў толькі факт напісання каментароў 11 і 12 жніўня 2020 года. Удзел мужчыны ў гродзенскіх маршах не пацвердзіўся пасля прагляду відэазапісаў з мерапрыемстваў у горадзе.
Жыхара Краснасельскага асудзілі на 1,5 года «хіміі» за лайк пад партрэтам Лукашэнкі
3 кастрычніка суд Ваўкавыскага раёна разгледзеў крымінальную справу Андрэя Дуброўскага па артыкуле 368 КК «Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь». Яго судзілі за лайк пад партрэтам Аляксандра Лукашэнкі «з каментаром абразлівага характару» ў адной з груп сацыяльнай сеткі «Одноклассники», піша MAYDAY TEAM.
Суддзя Мікалай Талашка асудзіў Андрэя на 1,5 года абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу. Гэта на паўгода менш, чым запытваў дзяржабвінаваўца.
Андрэя затрымалі 28 ліпеня па арт. 19.11 КаАП і асудзілі на 15 сутак арышту. За гэты час яму прад’явілі абвінавачванне па арт.368 КК — на волю ён выйшаў пад падпіскай аб нявыездзе.
Суд за каментар і відэаролік
Валчку Аляксандру Юр’евічу вынеслі прысуд — 2,5 гады калоніі агульнага рэжыму. Па версіі абвінавачвання, Аляксандр у «Одноклассниках» з лістапада па снежань 2020 года, з траўня па снежань 2021 года размясціў публікацыі з абразай Аляксандра Лукашэнкі. Ён жа ў снежні 2020 года і сакавіку 2021 года «ВКонтакте» размясціў каментар і відэаролік, выказваўся на адрас Лукашэнкі, паведамляе Telegram-канале «Суды, задержания. Гродно и область».
У судзе Ленінскага раёна яго судзілі па двух артыкулах:
- ч. 2 арт. 367 КК — Паклёп у дачыненні да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;
- ч. 1 арт. 368 КК — Абраза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Вызвалілі ад крымінальнай адказнасці
Жыхару Ліды паставілі ў віну абразу Лукашэнкі, але вызвалілі з-пад крымінальнай адказнасці праз асаблівасці развіцця.
У пачатку студзеня жыхар Ліды ў стане алкагольнага ап’янення выгукнуў ля навагодняй ёлкі абразу ў адрас Аляксандра Лукашэнкі. Гэта пачулі супрацоўнікі міліцыі, пасля чаго мужчыну затрымалі. Яму паставілі ў віну ч. 1 арт. 368 КК, паведамляе «Вясна».
24 лютага 2022 года падчас закрытага судовага пасяджэння Лідскага суда былі агучаныя высновы экспертаў-псіхіятраў. Паводле экспертызы, жыхар Л. мае «лёгкую разумовую адсталасць са значнымі парушэннямі паводзін».
У выніку суд пастанавіў вызваліць мужчыну ад крымінальнай адказнасці і накіраваць на прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары.
Гродзенца затрымалі за абразу Лукашэнкі, Пуціна і Кадырава
Супрацоўніка аднаго з гандлёвых прадпрыемстваў горада затрымалі за абразлівыя каментары ў адрас Аляксандра Лукашэнкі, Уладзіміра Пуціна, Рамзана Кадырава. Мужчына папрасіў прабачэння ў Рамзана Кадырава. «Прашу прабачэння ў Рамзана Кадырава за свае непрыемныя каментары. Раскайваюся. Прабачце, калі ласка. Ахмат — сіла», — сказаў гродзенец. Ён паведаміў, што пакідаў каментары «пад уплывам дэструктыўных Telegram-каналаў». Мужчына раскаяўся ў зробленым.
Гродзенца асудзілі на 7 гадоў калоніі - у тым ліку за выказванні аб загінулых расійскіх дэсантніках
Гродзенца асудзілі на сем гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму са штрафам у памеры 50 базавых велічынь (1,6 тыс. рублёў). Верагодна, гэта Юрый Станеўскі, паведамляюць гродзенскія Telegram-каналы. Юрыя затрымалі ў тым ліку за выказванні ў адрас загінулых расійскіх дэсантнікаў.
Сланімчаніна будуць судзіць за каментар пра пратэсты ў Казахстане
Аляксандра Петушкова са Слоніма пачалі судзіць 5 кастрычніка ў Гродзенскім абласным судзе. Яго затрымалі ў студзені — за выказванні аб пратэстных настроях у Казахстане, змене ўлады і ўводзе войскаў АДКБ.
Гродзенскі гісторык, які напісаў кнігу пра Каліноўскага, пакінуў Беларусь
Праз пераслед з боку сілавікоў гродзенскі гісторык Васіль Герасімчык пакінуў Беларусь. Герасімчык быў галоўным героем у фільме «Каліноўскі», супраць рэжысёркі якога, па інфармацыі «Бе***у распачалі крымінальную справу.
Гродзенская ігумення Гаўрыіла атрымала найвышэйшую жаночую узнагароду РПЦ
Патрыярх Рускай праваслаўнай царквы (РПЦ) Кірыл узнагародзіў ігуменню Гаўрыілу ордэнам Святой раўнаапостальнай княгіні Вольгі І ступені. Гаўрыіла — першая і адзіная ў Беларусі жанчына, што атрымала гэты ордэн.