Супрацоўніка аднаго з гандлёвых прадпрыемстваў горада затрымалі за абразлівыя каментары ў адрас Аляксандра Лукашэнкі, Уладзіміра Пуціна, Рамзана Кадырава, паведамляе Telegram-канал “Пульс Гродно”.
Таксама мужчына пакідаў каментары аб ходзе “спецыяльнай ваеннай аперацыі расійскіх войскаў на тэрыторыі Украіны” (менавіта так мужчына сказаў на камеру — Hrodna.life) і заклікаў ўжываць гвалт да расійскіх вайскоўцаў.
Гродзенца затрымалі каля яго працы.
“Ахмат – сіла”
Мужчына папрасіў прабачэння ў Рамзана Кадырава. “Прашу прабачэння ў Рамзана Кадырава за свае непрыемныя каментары. Раскайваюся. Прабачце, калі ласка. Ахмат – сіла”, – сказаў гродзенец. Ён паведаміў, што пакідаў каментары «пад уплывам дэструктыўных Telegram-каналаў». Мужчына раскаяўся ў зробленым.
Сілавікі паведамілі, што мужчына затрыманы “за распальванне нянавісці”. Верагодна, у дачыненні да яго ўзбудзяць крымінальную справу па арт. 130 КК «Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы».
Чытайце таксама: Гродзенца асудзілі на 7 гадоў калоніі – у тым ліку за выказванні аб загінулых расійскіх дэсантніках
Як могуць судзіць за абразу палітыка іншай краіны?
Верагодна, выказванні мужчыны могуць кваліфікаваць не як абразу ці паклёп у дачыненні да палітыка, а як дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь. Гэта значыць, яго абраза можа “дыскрэдытаваць” краіну з пункту гледжання органаў, распавёў Hrodna.life юрыст.



