Гродзенца асудзілі на сем гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму са штрафам у памеры 50 базавых велічынь (1,6 тыс. рублёў). Верагодна, гэта Юрый Станеўскі, паведамляюць гродзенскія Telegram-каналы. Юрыя затрымалі ў тым ліку за выказванні ў адрас загінулых расійскіх дэсантнікаў.
Гродзенца асудзілі за ўзбуджэнне нацыянальнай, рэлігійнай і іншай сацыяльнай варожасці, публічныя абразы, здзек з дзяржсімволікі (ч. 1 арт. 130, арт. 369, ч. ч. 1,2 арт. 366, ч. 1 арт. 368, арт. 370 КК), паведамляе Генпракуратура.
У чым яго абвінавацілі?
Згодна з матэрыяламі справы, абвінавачаны з 15 ліпеня да 27 снежня 2021 года пад публікацыямі ў Telegram-чаце размяшчаў паведамленні, накіраваныя на распальванне нацыянальнай, рэлігійнай і іншай сацыяльнай варожасці ў дачыненні да вылучаных ім у паведамленнях сацыяльных груп, у тым ліку асоб іншай нацыянальнасці і іншага веравызнання.
Там жа ўтрымліваліся абразы ў адрас Аляксандра Лукашэнкі, іншых прадстаўнікоў улады і іх блізкіх, а таксама пагрозы ў дачыненні да службовых асоб.
У публікацыях былі паведамленні, звязаныя са здзекам з дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь і дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь.
Яго затрымалі за выказванні ў адрас расійскіх дэсантнікаў
Гаворка ў паведамленні пракуратуры ідзе пра Юрыя Станеўскага, паведамляе Telegram-канал «Суды, задержания. Гродно и область».
Яго затрымалі за каментар аб загінулых расійскіх дэсантніках. Мужчына растлумачыў, што пакінуў каментар, будучы п’яным і на эмоцыях. Пры затрыманні да яго дадому ўварваліся некалькі ўзброеных сілавікоў.
Мужчыну ўключылі ў пералік арганізацый і фізічных асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці.
Што за дэсантнікі?
У лістападзе 2021 года на вучэннях у Беларусі загінулі два расійскія дэсантнікі. Праз моцны парыў ветру адбылося сыходжанне парашутаў - патухлі купалы. Дэсантнікі прызямліліся жорстка і загінулі. За «блюзнерскія і абразлівыя выказванні» ў Беларусі затрымалі дзясяткі людзей.