Актывістцы з Гродна Вользе Бондаравай прыгразілі судом. Пенсіянерка з Ваўкавыска Галіна Міхальчук выйшла на волю па памілаванні. Праваабаронца спытаў, ці можна пікетаваць у Facebook з БЧБ-сцягам — яму забаранілі. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў вобласці з 19 па 25 верасня.
Затрыманні
- ГУБАЗ затрымаў гродзенца, які браў удзел у пратэстах 2020 года. Мужчына ў «пакаяльным» відэа сказаў, што пад уплывам тэлеграм каналаў распаўсюджваў экстрэмісцкія матэрыялы. «Быў не згодны з выбарамі 2020 года і ішоў пад уплывам натоўпу і экстрэмісцкіх тэлеграм каналаў», — сказаў ён.
- Затрымалі гродзенца. Са жніўня па лістапад 2020 года ён удзельнічаў у акцыях пратэсту, падчас якіх «пляскаў у ладкі», выходзіў на праезную частку, уцякаў ад супрацоўнікаў міліцыі. Таксама ён размяшчаў экстрэмісцкія матэрыялы. Мужчына прызнаў віну і паабяцаў іх выдаліць.
- Пасля ператрусу быў затрыманы дырэктар «Нязведанай вузкакалейкі» Арцём Слізкі. Гэта ўстанова імкнецца захаваць старыя вузкакалейныя жалезныя дарогі як турыстычныя аб’екты. У Гродзенскай вобласці такія вузкакалейкі ёсць у Лідскім раёне на торфапрадпрыемстве «Дзітва» і ў Гродзенскім — на торфапрадпрыемстве «Верцялішкі».
- Таксама затрыманні прайшлі ў Ваўкавыску і Лідзе. Шрубок Людміла, Краўчак Наталля былі затрыманыя пры перасячэнні мяжы з Польшчай. Юруць Лілію меркавана затрымалі дома. Паведамляецца, што ў кватэры праходзіў ператрус, паведамляе Telegram-канал «Суды, задержания. Гродно и область». Іх дапыталі і адпусцілі. Прычыны затрымання і характар допытаў удакладняецца, паведамляе Б**сат.
- Затрымалі выкладчыцу Лідскай гімназіі. Як мяркуецца, — за распаўсюджванне і захоўванне экстрэмісцкіх матэрыялаў. У яе кватэры прайшоў ператрус, паведамляе Telegram-канал «Суды, задержания. Гродно и область».
- Затрымалі жыхара Слоніма. На відэа ён паведаміў, што раней быў футбольным фанатам. Яго затрымалі за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў ў інтэрнэце і абразу Аляксандра Лукашэнкі (арт.368 КК). Ён прызнаў віну.
Пенсіянерка з Ваўкавыска Галіна Міхальчук выйшла на волю па памілаванні
20 верасня на волю выйшла Галіна Міхальчук. Галіна — 70-гадовая пенсіянерка, была асуджаная на 2,5 гады пазбаўлення волі за каментары ў Telegram-чатах. «Вызваленне стала навінай для ўсёй сям'і Галіны. У межах чаго яе адпусцілі (амністыя ці памілаванне), невядома», — паведаміў dissidentBy.
Таксама памілавалі журналіста «С**боды» Алега Груздзіловіча. У ягоных дакументах сказана, што ён «вызвалены на падставе падпісанага прашэння аб памілаванні». Журналіст адзначыў, што віну не прызнаваў.
За некалькі тыдняў да гэтага Лукашэнка згадваў аб амністыі, прымеркаванай да Дня народнага адзінства, аднак адпаведны дакумент да гэтага часу не апублікаваны, паведамляе «Медиазона».
Зняволенага журналіста Анджэя Пачобута перавялі ў СІЗА Гродна
Верагодна, у гэтым горадзе і пачнецца разгляд яго крымінальнай справы, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.
Актывістцы з Гродна Вольгі Бондаравай прыгразілі судом
Вольга ў чарговы раз паскардзілася на паветраныя змеі ў колерах вясёлкі - «тавар з ЛГБТ-сімволікай» у краме «FunTastic» у Мінску, паведамляе Telegram-канал «Право имеют».
Дырэктар адказаў, што ў краме не змаглі вызначыць, які менавіта «паветраны змей» у колерах вясёлкі Вользе не спадабаўся. Усе цацкі ў краме сертыфікаваны і маюць неабходныя дакументы для іх рэалізацыі.
«Я атрымаў вусную скаргу ад супрацоўнікаў крамы, што вы паводзілі сябе вельмі шумна, выказваючы розныя фразы звязаныя з „ПТБТ“ ці нешта накшталт гэтага, просім вас у далейшым выконваць правілы парадку ў грамадскіх месцах, згодна з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, альбо мы вымушаныя будзем звярнуцца ў суд за абразы супрацоўнікаў крамы і парушэнні парадку ў грамадскім месцы», — паведаміў ёй дырэктар.
А вось у VR парку ў ГЗК «Triniti» «цацкі вясёлкавага колеру больш не дэманструюцца».
Адразу 11 жыхароў Гродзенскай вобласці папоўнілі спіс датычных да экстрэмізму
Гэта Жукоўскі Юрый Казіміравіч, Мандзік Аляксей Мікалаевіч, Чак Таццяна Уладзіміраўна, Мацвейчык Уладзімір Валяр’янавіч, Раманюк Ігар Васільевіч, Мацкевіч Аляксандр Уладзіслававіч, Конан Аляксандр Іосіфавіч, Мазырка Анатоль Анатольевіч, Куневіч Аляксандр Ільіч, Вашчыла Канстанцін Канстанцінавіч, Бурак Сяргей Анатольевіч.
Суд за каментар
Янушкевіча Дзмітрыя Іванавіча з Гродна асудзілі на год калёніі агульнага рэжыму 23 верасня ў судзе Ленінскага раёна
Мужчыну судзілі па арт. 370 КК РБ «Здзек з дзяржаўных сімвалаў» і ч. 1 арт. 368 КК «Абраза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь». Яго затрымалі за каментары з абразамі Лукашэнкі і дзяржаўнага сцяга ў «Аднакласніках». Суддзя — Наталля Козел, паведамляе Telegram-канал «Суды, задержания. Гродно и область».
Жонка палітзняволенага журналіста Вольга Івашына дала інтэрв'ю праекту «Мы вернемся». Што яна расказала?
- Дзяніс разумеў, што яго могуць затрымаць, але сям’я не збіралася з’язджаць. Перад затрыманнем людзі, якія прадставіліся Следчым камітэтам, хадзілі па суседзям Івашыных і збіраліся інфармацыю — ці ёсць у сям'і машына, за што яны жывуць.
- Паўгода лісты ад Дзяніса ўвогуле не даходзілі. Яму не прыносілі лісты, пасылкі і, верагодна, грашовыя пералікі. Аб прычыне следчыя сказалі, што гэта «таямніца следства».
- Атрымаўшы ліст ад Юрыя Васкрасенскага з прапановай аб памілаванні Дзяніс пасмяяўся, і выкінуў яго ў сметнік, нават не чытаючы.
- У Дзяніса накапілася шмат матэрыялаў, у турме ён атрымаў новы досвед і інфармацыю для новых артыкулаў. Ён пастаянна просіць перадаць яму паперу — каб пісаць. У Дзяніса некалькі сумак з лістамі, газетамі, кнігамі. Пры пераводзе з адной камеру ў другую — арыштанты дапамагаюць пераносіць яму рэчы. Дзяніса паважаюць у турме — ён мае аўтарытэт.
- Сам Дзяніса лічыць, што сядзіць у «манастырскай келлі». «Чуе гадзіннік, бачыць анёла. Родныя сцены, нават турэмныя — падтрымліваюць».
- Вольга носіць два шлюбных пярсцёнкі - сваё і Дзяніса. Пярсцёнак Дзяніса забралі пры ператрусе і аддалі праз год. З тых часоў Вольга носіць іх на сваёй руцэ, «каб яны былі побач заўсёды», паведамляе Telegram-канал «Право имеют».
Новыя «экстрэмісты»
Інфармацыйная прадукцыя Telegram-канала «Задержания, суды в Лиде» і Telegram-чата «Задержания, суды в Лиде ЧАТ» прызнана экстрэмісцкімі матэрыяламі па рашэнні суда Лідскага раёна Гродзенскай вобласці ад 6 верасня 2022 года.
6 гадоў калоніі пенсіянеру
Суд Ленінскага раёна Гродна 1 верасня прысудзіў 70-гадовага пенсіянера з Нясвіжа Васіля Дземідовіча да 6 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму са штрафам у памеры 50 базавых велічынь (1600 рублёў).
Яго абвінавацілі ў абразы прадстаўніка ўлады, суддзі, Лукашэнка і арганізацыі масавых беспарадкаў, паведамляе Вясна.
Справу разглядаў суддзя Юрый Казакевіч.
Паводле версіі абвінавачвання, Дземідовіч, будучы актыўным удзельнікам канала «Каратели Беларуси» і суполкі «Чат группы каратели» ў перыяд з верасня 2021 года па студзень 2022 года, размяшчаў у Telegram каментары, якія змяшчаюць падбухторванне, жаданне, зацікаўленасць і гатоўнасць да стварэння ўзброеных аб’яднанняў, накіраваныя на прычыненне шкоды.
З пенсіянера таксама знойдуць маральную кампенсацыю пацярпелым у памеры 32 000 руб.
Музыка Ігар Банцэр на волі
Пра гэта «Медиазоне. Беларусь» 19 верасня распавялі яго блізкія. Па іх словах, цяпер Банцэр «знаходзіцца ў цяжкім маральным і фізічным стане». У суме ён правёў за кратамі 45 сутак за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў».
Фігурантаў справы Аўтуховіча зноў зьмясьцілі ў карцар
Па словах жонкі палітвязня Алены Гундар, увечары 17 верасня Уладзіміра змясцілі ў карцэр. Ён адмовіўся жыць у адной камеры з падселенымі да яго двума зняволеным «нізкага сацыяльнага статусу». За гэта адміністрацыя турмы пакарала яго 10 суткамі ў карцэры, піша «Вясна Брэст».
Гундар абвясціў галадоўку на ўвесь тэрмін спагнання — будзе піць толькі ваду. Акрамя гэтага, Уладзімір захварэў, таму яму патрэбныя лекі. Магчыма, ён захварэў на каранавірус.
Мікалая Аўтуховіча таксама змясцілі ў карцэр. «Аўтуховіч змешчаны ў карцэр на 10 сутак. Справа ўжо ідзе да завяршэння, але „ім“ усё мала», — напісала яго дачка ў Instagram.
Палітзняволены
Журналіста Паўла Мажэйкі з Гродна прызналі палітвязнем. Ён узяты пад варту за рэалізацыю свабоды выказвання меркаванняў, паведамляе «Вясна».
Лекар са Смаргоні Яўген Бужынскі таксама прызнаны палітвязнем. Ён узяты пад варту па арт. 368 і 369 КК за абразу Лукашэнкі і прадстаўніка ўлады.
Новыя «тэрарысты»
«Спіс тэрарыстаў» папоўніў 35-гадовы Іван Кашко, жыхар Гродзенскай вобласці. Ён абвінавачваецца па арт. 130 КК.
Ліквідацыя
У стадыі ліквідацыі знаходзяцца чатыры арганізацыі з Гродзенскай вобласці:
Смаргонскі мясцовы дабрачынны фонд «Паўночныя Афіны М. К. Агінскага» — па рашэнні Гродзенскага абласнога суда ад 22 жніўня.
Грамадскае аб’яднанне ветэранаў-аднапалчан, удзельнікаў баёў за горад Гродна ў 1941−1944 гадах — па рашэнні Гродзенскага абласнога суда ад 19 жніўня.
Таварыства абароны правоў спажыўцоў — па рашэнні Гродзенскага абласнога суда ад 22 жніўня.
Грамадскае аб’яднанне «ПОЛЬСКА МАТЕЖ ШКОЛЬНА» — па рашэнню Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь ад 13 верасня.
Арышт
Затрыманы 15 верасня лідчанін Руслан Васільеў падвергнуты адміністрацыйнаму арышту ў 10 сутак. 25 верасня ён выйшаў на волю, паведамляе Telegram-канал «Задержания, суды в Лиде».
За рэгістрацыю ў плане «Перамога» ГУБАЗіК затрымаў гродзенца
У Гродне затрымалі актывіста Яўгена Юнцэвіча. Гэта адбылося 18 верасня. Пра затрыманне стала вядома праз «пакаяльнае відэа». Прычынай затрымання стала тое, што Юнцэвіч, нібыта зарэгістраваўся ў плане «Перамога», а таксама распаўсюджваў экстрэмісцкія матэрыялы. Верагодня, што супраць актывіста распачалі крымінальную справу.
«Жартаваць трэба». Беларускія стэндап-комікі аб гумары падчас вайны і рэпрэсій
Тысячы людзей, якія сядзяць у беларускіх турмах па палітычных прычынах, і мільёны ўкраінскіх бежанцаў — гэта не тое, над чым жартуюць комікі. Аднак нават у няпростыя часы гумар дапамагае перажыць трагедыі і страты. Аб тым, якое гэта — жартаваць падчас вайны і рэпрэсій, як успрымаюць гэта гледачы і карыстаецца папулярнасцю камедыя на беларускай, мы распыталі двух стэндап-комікаў, якія выступаюць зараз у Еўропе. А яшчэ пагаварылі з антраполагам пра гумар, які з’яўляецца ахоўнай рэакцыяй і дапамагае знаходзіць аднадумцаў.
Праваабаронца спытаў, ці можна пікетаваць у Facebook з БЧБ-сцягам. Вось што адказаў гарвыканкам
Праваабаронца Павел Левінаў спытаў у Віцебскага гарвыканкама, ці можна яму правесці пікет на асабістай старонцы ў Facebook і размясціць там нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг. Так ён хацеў публічна выказаць погляды на «падзеі грамадска-палітычнага жыцця». Гарвыканкам забараніў яму гэта рабіць — вось на якой падставе.