Праваабаронца Павел Левінаў спытаў у Віцебскага гарвыканкама, ці можна яму правесці пікет на асабістай старонцы ў Facebook і размясціць там нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг. Так ён хацеў публічна выказаць погляды на «падзеі грамадска-палітычнага жыцця». Гарвыканкам забараніў яму гэта рабіць — вось на якой падставе.

У сваім звароце Павел спаслаўся на тое, што раней беларусам выносілі адміністрацыйныя пастановы за размяшчэнне ў сетцы БЧБ-сцяга і прызнавалі гэта пікетам (паводле ч.1 арт. 24. 23 КаАП). Таму ён папрасіў дазволіць правесці масавае мерапрыемства — пікетаванне. Адпаведныя дакументы ёсць у рэдакцыі Hrodna.life.

Дазвольны прынцып правядзення масавых мерапрыемстваў увялі ў новай рэдакцыі закона «Аб масавых мерапрыемствах» у 2021 годзе. Пры гэтым скасавалі паведамляльны прынцып, калі жадаючыя маглі паведаміць выканкаму пра мерапрыемства і правесці яго ў дазволеным месцы.

«Правесці ўборку на акаунце»

У якасці месца правядзення мерапрыемства праваабаронца пазначыў Facebook. Таксама Павел паведаміў аб часе пачатку і канца пікету. «Пасля правядзення пікетавання будзе праведзена ўборка тэрыторыі на старонцы „Павел Левинов“ у сацыяльнай сетцы „Facebook“ („Meta“) глабальнай сеткі Інтэрнэт», — абавязаўся беларус.

Таксама ён паабяцаў «пастаянна прысутнічаць пікетаванні», «мець адметны знак арганізатара пікетавання», «не перашкаджаць руху транспарту і пешаходаў, не ствараць перашкоды для бесперабойнага функцыянавання арганізацый» — як і трэба па законе.

У правядзенні адмовілі

Віцебскі аблвыканкам вырашыў, што заява аформлена няправільна і пададзена ў парушэнне абзаца другога часткі пятай артыкула 5 Закона «Аб масавых мерапрыемствах». У сувязі з гэтым у правядзенні пікету адмовілі. Такі адказ прыйшоў за подпісам намесніка старшыні аблвыканкаму Вячаслава Дурнова.

Праваабаронца будзе абскарджваць адказ гарвыканкама.

Чытайце таксама: Як у Гродзенскай вобласці судзяць за БЧБ-сцяжкі і «Пагоню»