Прыватны дом, стылізаваны пад замак, стаіць у 50 м ад касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі 1870 года. Мяркуючы па фота і апісані, яго перабудавалі са старога дома святара.

«Ахінуты гісторыяй»

«Побач з касцёлам знаходзіўся дом і дворык каталіцкага святара. Менавіта на гэтым гістарычным месцы і пабудаваны наш сучасны замак. Сучасныя матэрыялы дома вытанчана спалучаюцца са старадаўнім цагляным мурам дома», — сказана ў абвестцы аб продажу дома.

Дом двухпавярховы, з двума санвузламі. Ён уяўляе сабой цэнтральную цагляную частку з двухсхільным дахам і мансардным паверхам і прыбудаваныя да яе з чатырох вуглоў вежы. Дзве з іх стаяць на апорах. «Вытанчанасць, прастата і манументальнасць гэтага дома ахінутая гісторыяй», — сказана ў апісанні.

Сцены дома збудаваныя з цэглы і газасілікатных блокаў, уцяпленне — пласт мінеральнай ваты ў 5 см. Звонку сцены вежаў атынкаваныя, дом часткова задэкараваны галандскай абліцавальнай цэглай ручной фармоўкі. Падмурак — маналітны стужкавы.

Агульная плошча дома складае 286 кв.м, жылыя з іх 152 кв. м. Кошт пытання — 241 794 рублёў.

Пяць спальняў і музычны пакой

Паводле праекта на першым паверсе запланаваны прасторныя гасцёўня з печкай-камінам і кухня-сталовая. Можна ўладкаваць трэнажорную залу, більярдавую, музычны пакой. Прадугледжана прасторная тэраса. На другім паверсе адведзены пакоі пад пяць спальняў і кабінет, ёсць балкон. Склеп — «старадаўні, з арачнымі скляпеннямі з цэглы».

Дах пакрыта мяккай дахоўкай, ёсць водаадводы. Вокны арачныя і панарамныя, з пластыкавымі трохкамернымі шклопакетамі з двухбаковым ламінаваннем.

У дом заведзеная электрычнасць. З інжынерных сетак ёсць разводка вады і каналізацыі, але самі яны адсутнічаюць. Газу таксама няма, але газаправод «побач, па дарозе».

Прыдамавы ўчастак прастакутнай формы, займае 12 сотак. На ўчастку пасаджаны газон, растуць дэкаратыўныя хмызнякі і туі. Каля дома пабудаваны вялікі гараж і гаспадарчая пабудова. Пад’езд да дома заасфальтаваны. Можна выкарыстоўваць дом як жыллё, а можна арганізаваць гасцінічна-турыстычны бізнес, адзначана ў аб’яве.

Дом у сядзібным парку

Участак з домам-замкам знаходзіцца проста ў сядзібным парку Антановіч-Чацвярцінскіх канца XIX стагоддзя. У 100 м ад яго працякае рэчка Спушанка. Парк мае статус помніка прыроды і займае тэрыторыю больш за чатыры гектары. Сама сядзіба не захавалася.

Касцёл дзейнічае, ахоўваецца дзяржавай як помнік архітэктуры. Службы праходзяць па нядзелях. У касцёле пахаваныя прадстаўнікі роду Антановіч-Чацвярцінскіх.

Чытайце таксама: