Адзін з найбольш папулярных фантанаў Гродна, фантан па вул. Маставой каля Гродзенскага драмтэатра, збіраюцца абследаваць. Папярэдні спіс праблем нямалы: палова свяцільнікаў падсвятлення негерметычныя, пачала разбурацца гранітная чаша фантана, а сістэма ачысткі вады не працуе.

На абследаванне фантана хочуць выдаткаваць каля 8 тысяч рублёў з гарадскога бюджэту. Выканаўцаў работ шукала Гродзенская гарадская жыллёва-камунальная гаспадарка. З абследаваннем тэхнічнага стану фантана павінны справіцца за 5 каляндарных дзён.

Што здарылася з фантанам

У фантане збіліся налады кіравання аўтаматызаваным электраабсталяваннем, стала некарэктна працаваць праграма кіравання самім фантанам, састарэў кампутар. Праз гэта выйшлі з ладу 4 магнітныя пускальнікі, не працуе пераўтваральнік частаты і рухавік на пагружную помпу.

Свяцільнікі падсвятлення не падлягаюць рамонту: у іх парушаная герметычнасць і згнілі платы. З 124 свяцільнікаў страцілі герметычнасць і заліты вадой 50%. У чашы фантана ад вады часткова разбурылася гранітнае пакрыццё.

Гісторыя тэатральнага фантана

Усяго ў Гродне сем вулічных фантанаў, даступных ўсім: на плошчы Савецкай, каля драмтэатра, каля філармоніі, фантан «Сяброўства народаў» каля Беларускага інстытута правазнаўства, фантан на Паповіча каля кінатэатра «Кастрычнік» і два фантаны ў парку Жылібера. Іх абслугоўвае ГКПП «Гарсвятло», а ваду пастаўляе ГУКПП «Гроднаводаканал».

Каскадны фантан каля абласнога драматычнага тэатра з’явіўся у 1984 годзе адначасова з завяршэннем будаўніцтва тэатра. Фантан быў абліцаваны мармурам, з дэкаратыўным падсвятленнем. Абнаўлялі яго ў 2008 годзе падчас рамонту тэатра. Чашу для фантана вырабіў Гродзенскі каменаапрацоўчы завод. Там жа рабілі фантан на Савецкай плошчы і для парка Жылібера.

Чытайце таксама: