Дазвол на бяспошлінны ўвоз з-за мяжы тавараў на сумму € 1000 і вагой не больш за 31 кг перастане дзейнічаць 1 кастрычніка 2022 года. Ці працягнуць яго, вырашаць 23 верасня на Савеце Еўразійскай эканамічнай камісіі.

Дазвол на бяспошлінны ўвоз тавараў на 1000 еўра могуць працягнуць. Ад каго гэта залежыць
Мытня. Ілюстрацыйнае фота.

Калі дазвол не працягнуць, то з 1 кастрычніка вернуцца старыя ліміты. Праз мяжу можна будзе правозіць тавары цаной не больш за € 500 і вагой не больш за 25 кг.

Калі ўвялі новыя ліміты

Павышаныя ліміты на перавоз тавараў праз мытную мяжу ўвялі з 28 красавіка 2022 года. Яны распаўсюджваліся на краіны Еўразійскага Эканамічнага Саюза (ЕАЭС). Пры перавышэнні ліміта, падарожны павінен заплаціць пошліну — 30% ад цаны тавара, але не менш за € 4 за 1 кг вагі.

Папярэднія ліміты (€ 500 і 25 кг) дзенічалі з 1 студзеня 2019 года.

Хто хоча працягнуць дазвол

Расія хоча ініцыяваць працяг падвышаных лімітаў бяспошліннага ўвозу. Гэта пытанне разгледзяць 23 верасня на савеце Еўразійскай эканамічнай камісіі.

«Расійская Федэрацыя плануе падаўжэнне да 1 ліпеня 2023 года нормы аб бяспошлінным увозе тавараў коштам да 1000 еўра для асабістага карыстання. Захаванне гэтага парога дапаможа задаволіць попыт на імпартныя спажывецкія тавары, якія набываюцца самастойна — на маркетплейсах у замежных крамах або ўвозяцца ў багажы», — паведаміў «Інтэрфакс» са спасылкай на прэс-службу расійскага віцэ-прэм'ера Аляксея Аверчука.