Могілкі жаўнераў Арміі Карёваў знішчылі ў вёсцы Плябанішкі [Гродзенскі раён — Hrodna.life]. Там былі пахаваны чатыры жаўнеры, паведаміў партал Glosznadniemna.pl.
У могілках каля вёскі Плябанішкі былі пахаваны Казімір Ахрамовіч, Мечыслаў Місюта, Баляслаў Місюра, Ганна Зарыцка. Яны загінулі 24 верасня 1943 года ў сутычцы з немцамі.
Як загінулі жаўнеры Арміі Краёвай
Група жаўнераў, сярод якіх быў паранены капітан Баляслаў Місюра, затрымалася ў ляснічоўцы побач з вёскай Плябанішкі. Мясцовы солтыс [мясцовы старшыня — Hrodna.life] данёс пра гэта немцам. Яны прыбылі ў Плябанішкі і атакавалі жаўнераў.
Цела капітана Місюры згарэла ў падпаленай ляснічоўцы. Потым немцы кінулі целы ў калодзеж. Санітарку Ганну Зарыцку немцы павезлі ў бок Гожы і закапалі пры дарозе. Пазней мясцовыя жыхары перапахавалі ахвяраў.
У 1990-х на месцы, дзе загінулі жаўнеры, усталявалі крыж на сродкі Гэлены Пшэпесць. Яна нарадзілася ў Плябанішках, а пазней жыла ў Гданьску.
Магілы бураць, але ёсць бязвіз
Руйнаванні помнікаў і пахаванняў польскіх жаўнераў пачалося летам 2022 года. З таго часу зафіксавана ўжо некалькі такіх выпадкаў.
Чытайце таксама: У Стрыеўцы зруйнавалі помнік загінулым польскім жаўнерам. Гэта ўжо пяты выпадак у Гродзенскай вобласці
У Польшчы асудзілі кампанію па знішчэнні слядоў польскасці ў Беларусі. Афіцыйная заява польскага Міністэрства замежных спраў з’явілася на сайце ведамства 6 ліпеня. Яна з’явілася пасля ў сувязі са знішчэннем пахавання салдат Арміі Краёвай у вёсцы Мікулішкі Ашмянскага раёна. МЗС Беларусі паведаміла ў адказ, што ў гэтым населеным пункце «воінскіх пахаванняў і пахаванняў замежных вайскоўцаў не зарэгістравана» і законнасць «работ па ўладкаванні тэрыторыі» ў дадзеным месцы была пацверджана Генпракуратурай пасля атрымання дадзеных, што чалавечыя парэшткі там адсутнічаюць.
Мясцовыя ўлады Гродзенскай вобласці таксама не каментуюць руйнаванне магіл польскіх жаўнераў. Затое арганізавалі для палякаў бязвізавы ўезд і запрашаюць у госці. Паводле інфармацыі Дзяржпамежкамітэта, з 1 ліпеня па канец жніўня 2022 года, магчымасцю бязвізавага наведвання скарысталіся 4 678 грамадзян Польшчы.
Чытайце таксама: Палякі паедуць, але гэта не будуць турысты. Слухайце, што пра новы беларускі бязвіз думае эксперт з Беластока