Макавага поля за 10 км ад Ліды, куды беларусы з розных гарадоў прыязджалі па прыгожыя фота, больш няма. Пасля экспертызы высветлілася, што мак, які расце на 106 га, утрымлівае наркатычнае рэчыва. Поле знішчылі, а зямлю канфіскавалі ва ўладальніка.
Поле з макамі каля вёскі Малое Ольжава належала мясцоваму фермеру. Яго далі яму для вырошчвання азімага рапсу. Фермер і пасеяў на ім рапс, але пустазелле-мак другі сезон запар цалкам яго заглушаў. Пасля наплыву аматараў фотасесій прадпрымальнік нават звярнуўся да праваахоўнікаў, каб тыя дапамаглі з аховай поля, пісала “Лідская газета”. Міліцыя ж узяла ўзоры маку на хімічную экспертызу на наяўнасць у ім забароненых рэчываў.
Поле знішчылі, зямлю забралі
Пра знішчэнне знакамітага поля паведаміла раённая газета “Принеманские вести” са спасылкай на прэс-службу Лідскага РАУС.
Фермер атрымаў ад міліцыі прадпісанне скасіць поле, але марудзіў. Экспертыза ж пацвердзіла ў кветках з гэтага поля небяспечнае наркатычнае рэчыва – макавую саломку. Адразу пасля атрымання вынікаў уся плантацыя была знішчана. Зямельны надзел у фермера канфіскавалі за несвоечасовае выкананне прадпісання і ігнараванне патрабаванняў міліцыі.
Чытайце таксама:





