Беларусь і Расія рыхтуюць узаемнае прызнанне сертыфікатаў вакцынацыі супраць COVID-19. На расійскім прававым партале 24 жніўня апублікавалі адпаведнае распараджэнне ўрада Расіі за подпісам яго кіраўніка Міхаіла Мішусціна.

Урады дзвюх краін маюць абмяняцца нотамі і заключыць пагадненне аб узаемным прызнанні сертыфікатаў вакцынацыі супраць каранавіруснай інфекцыі. Распараджэнне абавязвае прыняць прапанову Міністэрства аховы здароўя Расіі, узгодненую з зацікаўленымі органамі і папярэдне прапрацаваную з беларускім бокам.

Абодва бакі абавязуюцца не прымяняць абмежаванні, звязаныя з COVID-19, у дачыненні да ўладальнікаў сертыфікатаў аб вакцынацыі, выдадзеных на тэрыторыі Беларусі або Расіі. Абмежаванні таксама не будуць прымяняцца да асоб да 18 гадоў без сертыфіката. У саміх сертыфікатах павінна быць прозвішча, імя, імя па бацьку і дата нараджэння ўладальніка, серыя і нумар дакумента, які сведчыць яго асобу і QR-код, які пацвярджае вакцынацыю.

Выкарыстанне персанальных дадзеных бакамі будзе ажыццяўляцца з захаваннем нацыянальнага заканадаўства бакоў і толькі для пацверджання вакцынацыі. Персанальныя дадзеныя з сертыфіката не падлягаюць апрацоўцы і выкарыстанню бокам у іншых мэтах, не прадугледжаных гэтым пагадненнем. Таксама бок, які счытвае інфармацыю, павінны забяспечыць яе абарону ад трэціх асоб і распаўсюджвання.

Пасля ўступлення пагаднення ў сілу бакі абмяняюцца ўзорамі сертыфікатаў і будуць апавяшчаць аб іх зменах. Кожны з бакоў зможа прыпыніць дзеянне пагаднення цалкам або часткова і афіцыйна паведаміць пра свой намер у любы момант.

Бліжэйшы час даўжынёй у дзевяць месяцаў

Узаемнае прызнанне сертыфікатаў вакцынацыі абмяркоўвалі яшчэ ў снежні 2021 года. Тады міністр аховы здароўя Расіі Міхаіл Мурашка назваў прызнанне сертыфікатаў тэхнічным пытаннем, якое можа быць вырашана ў бліжэйшы час.

На цяіперашні момант абмежаванняў па ўездзе з Расіі ў Беларусь без падстаў, у тым ліку з мэтай турызму, няма. Абмежаванні па ўезду ў Расію, уведзеныя ў красавіку 2020 года, былі знятыя 18 сакавіка 2022 года.

Да гэтага трапіць у Расію наземным транспартам (аўтобусам ці аўтамабілем) маглі толькі тыя беларусы, хто накіроўваўся на лячэнне, з прычыны смерці блізкага сваяка, або тым, хто мае расійскі від на жыхарства. Рух цягнікоў паміж краінамі аднавіўся 21 лютага 2021 года. Для паездкі ў Расію пасажыр павінен быў мець негатыўны ПЦР-тэст, зроблены не пазней за 72 гадзіны да перасячэння мяжы. Таксама абавязковым было выкарыстанне расійскага мабільнага дадатка «Путешествую без COVID-19», у якім утрымліваліся дадзеныя пра вакцынацыю і ПЦР-тэсты. Пры гэтым загрузіць у яго сертыфікат вакцынацыі, зробленай у Беларусі, было немагчыма, хоць расійскай вакцынай «Спутник V» у нашай краіне прышчаплялі з канца 2020 года.

Новую хвалю каранавіруса ў Беларусі прагназуруюць на восень 2022 года. Чакаюць яе і ў Расіі.

Чытайце таксама: