Мясцовы дабрачынны фонд “Паўночныя Афіны М. К. Агінскага” і Грамадскае аб’яднанне ветэранаў-аднапалчан, удзельнікаў баёў за Гродна ў 1941-1944 гадах ліквідуюць праз Гродзенскі абласны суд. Стваральнікі фонду планавалі адрадзіць сядзібу Агінскага і зрабіць Залессе культурным цэнтрам.
Пасяджэнні аб ліквідацыі фонду пачаліся 15 жніўня. Суддзя ў анлайн-раскладзе суду не быў паказаны. Ініцыятарам ліквідацыі з’яўляецца адзін са стваральнікаў фонду – Смаргонскі гісторыка-краязнаўчы музей. Акрамя музея, заснавальнікамі з’яўляюцца Мінскі сталічны саюз прадпрымальнікаў і працадаўцаў і Маладзечанскае дзяржаўнае музычнае вучылішча імя М. К. Агінскага.
Фонд працуе з 2010 года. У планах фонду была рэстаўрацыя ансамбля былога палаца Агінскіх пачатку ХІХ стагоддзя ў Залессі, прыцягненне інвестыцый у Смаргонскі раён і развіццё яго культурнага і эканамічнага патэнцыялу.
У самім палацы рэстаўрацыя прайшла ў 2011-2014 гг., за апошнія гады ён стаў папулярным турыстычным напрамкам. Работы на тэрыторыі сядзібы – аднаўленне іншых будынкаў, вадаёма – працягваліся і ў наступныя гады. Фінансаваў аб’ект у тым ліку і Еўрасаюз у рамках трансгранічных праграм.
Фонд арганізоўваў у сядзібе балі, пленэры, валанцёрскія работы па ачыстцы парку, праводзіў семінары.
Паўночныя Афіны – гістарычная назва сядзібы Агінскага, якая ў XIX стагоддзі была культурным цэнтрам рэгіёна.
Чытайце таксама: Грошай ад Еўрасаюза не будзе. Што чакае найбуйнейшы маёнтак ВКЛ пад Навагрудкам пасля ліквідацыі фонду, які яго ратаваў
Ліквідацыя аб’яднання ветэранаў
Суд аб ліквідацыі аб’яднання ветэранаў адбудзецца 19 жніўня. Суддзя – Сяргей Піпко. Заяўнік па ліквідацыі аб’яднання – Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Гродзенскага аблвыканкама.
Аб’яднанне ветэранаў-аднапалчан існуе з 1995 года. Аб дзейнасці арганізацыі ў інтэрнэце інфармацыі няшмат. Напрыклад, у 2006 годзе арганізацыя ўдзельнічала ў падрыхтоўцы і правядзенні візіту польскіх ветэранаў у Гродне на 9 траўня. У тым жа 2006-м ветэраны з гэтай арганізацыі сустракаліся са студэнтамі гродзенскіх ВНУ, ездзілі з імі на Лінію Сталіна.
За апошнія паўгода ў Гродне ліквідавалі:
- Гродзенскае грамадскае сямейнае аб’яднанне “Парадыгма”,
- Гродзенскае абласное грамадскае аб’яднанне “Чатыры вятры”,
- Дзіцяча-юнацкае грамадскае аб’яднанне “Спартыўна-творчая студыя ФАЕР”,
- Грамадскае аб’яднанне “Байцоўскі клуб “Чорная пазнака”,
- Абласны спартыўна-патрыятычны клуб “Гонар Радзімы”,
- Гродзенскае абласное грамадскае аб’яднанне былых малалетніх вязняў фашысцкіх канцлагераў,
- “Краязнаўчае таварыства – Коматава»,
- “Устойлівае развіццё вёскі”.
У пачатку жніўня пачаліся суды аб ліквідацыі мясцовага дабрачыннага фонду “Наша Карэліччына”.
Яшчэ каля 20 арганізацый ліквідавалі з лета 2021 года. Многія арганізацыі не былі звязаны з палітыкай, а займаліся настольнымі гульнямі, развіццём спорту і інфраструктуры, адукацыяй. Некамерцыйныя арганізацыі, што засталіся, абяцалі пасартаваць па ступені “фінансавання тэрарызму”.



