Гродзенскі гісторык Аляксандр Перагудаў адшукаў яшчэ адзін асобнік гравюры Цюнта. Гэта ўжо 13-ы, «а дакладней 12-ы з паловай» асобнік: правая палова раней невядомай копіі адсутнічае, паведаміла выдавецтва Imago у сваім Facebook.

Знайшлі яшчэ адну копію самай знакамітай гравюры Гродна. Але захавалася толькі палова
Выява знойдзенай гравюры з калекцыі Muzeum Narodowe w Warszawie, Oddział Muzeum w Nieborowie i Arkadii.

Дзе знайшлі гравюру

Палову гравюры знайшлі ў Польшчы. Яна паходзіць з радзівілаўскай калекцыі мап і гравюр з палаца ў Нябораве.

«Знаходка стала мажлівай дзякуючы сістэматычнаму пошуку па лічбавых бібліятэках і калекцыях музеяў, аналізу кнігазбораў і мастацкіх калекцый розных краін. Вядома, вялікую справу робіць інтэрнэт і дыгіталізацыя [адлічбоўка — Hrodna.life] скарбаў, аднак часам гэта і проста поспех», — сказаў Hrodna.life гісторык Аляксандр Перагудаў.

Па словах Аляксандра, ён выпадкова натыкнуўся на стары шляхаводнік. У ім была ўзгадка гэтай гравюры. Тады гісторык пачаў шукаць кантакты музею і перапісвацца з яго супрацоўнікамі. Яны пацвердзілі наяўнасць медзярыта (гравюры на медзі), а таксама даслалі Аляксандру здымак.

Знайшлі яшчэ адну копію самай знакамітай гравюры Гродна. Але захавалася толькі палова
Аляксандр Перагудаў. Фота Аляксандра Перагудава

Гравюр Цюнта болей, чым меркавалася раней

Асобнік адносяць да другога, пазнейшага накладу, бо ён не мае тлумачальных подпісаў у картушах. На думку выдавецтва Imago, магчыма, што на той час маленькія плыткі з тэкстамі ўжо былі згублены. Але гравюра мела попыт з-за высокай мастацкай якасці.

«Знаходка сведчыць, што гравюр Цюнта з панарамай Гродна болей, чым меркавалася раней. За мінулыя чатыры гады было знойдзена мінімум чатыры новыя месцы захоўвання гравюры, аднак у Гродне ці Беларусі яе дагутэль няма», - сказаў Аляксандр Перагудаў.

Сёння вядома пра 13 захаваных асобнікаў гэтай гравюры. «Яна [гравюра — Hrodna.life], як і раней, застаецца надзвычай рэдкай і каштоўнай, аднак мы можам казаць аб мінімальна задавальняючай колькасці дайшоўшых да нас гравюр».

Знойденая гравюра Цюнта — ужо пятая, якая захоўваецца ў Польшчы.

Чаму даследчыкі кажуць пра два наклады гравюры

«Медзярыт пакідае шмат пытанняў без адказу. Вядома, напрыклад, аб двух варыяцыях гравюры, якія адрозніваюцца мовай подпісаў - нямецкай альбо лацінскай. Ёсць некалькі асобнікаў са зменамі на малюнку, значыць нехта пазней падпраўляў медную пліту, таму даследчыкі кажуць пра два наклады гравюры», — сказаў Аляксандр Перагудаў.

На думку гісторыка, гравюра мела вялікі попыт, таму яе друкавалі зноў і зноў, нават калі таблічкі з тэкстам ўжо згубіліся. «Але дакладнай версіі, чаму так атрымалася, мы не маем. Звычайна гравюру друкавалі, пакуль меўся попыт, а медная пліта фізічна дазваляла гэта. Гэта ад 150−200 да 500−1000 адбіткаў. Добра, калі за 450 год да нас дайшло 10−15% накладу. Гравюра мае вялікі памер, а гэта ўскладняе яе захоўванне».

Аляксандр спадзяецца, што гэта не апошняя знаходка і гравюру атрымаецца завезці ў горад, які на ёй адлюстраваны.

Калі друкавалі гравюру

Панарама Гродна Ганса Адэльгаўзера і Маціаса Цюнта была ўпершыню надрукавана ў Нюрнбергу ў 1568 годзе.

23 ліпеня 1567 года Жыгімонт Аўгуст прыняў у Гродне маскоўскае, турэцкае, і малдаўскае пасольства. Паводле гэтых падзей, мастак Адэльгаўзер зрабіў ілюстрацыю. У 1568 годзе была выдадзена гравюра, якую зрабіў нюрнбергскі гравер Маціас Цюнт. Гэта першая праўдзівая выява беларускага горада: на гравюры ёсць Фара Вітаўта, Стары Замак, Каложа і іншыя сакральныя гродзенскія аб’екты — такія, якімі яны былі.

Знайшлі яшчэ адну копію самай знакамітай гравюры Гродна. Але захавалася толькі палова
Гравюра Адэльгаўзера-Цюнта

У 2008 годзе гравюру выставілі на аўкцыён у Варшаве. На таргі паехаў дырэктар Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея Юрый Кітурка. Пачатковая цана за гравюру была 40 тыс. злотых. Падчас таргоў цана вырасла да 95 тыс. злотых. У беларускіх улад не хапіла грошай, каб выкупіць лот, бо быў грашовы ліміт. Таму гравюра дасюль застаецца ў Польшчы.

Чытайце таксама: