Навіны

У Гродне ўратуюць ад разбурэння найстарэйшую капліцу на Вайсковых могілках. Што для гэтага патрэбна

Лютэранская капліца-пахавальня генерал-маёра Аляксандра Русаў на Вайсковых могілках на вул. Белуша дачакалася аднаўлення. Працы будуць праведзеныя ў межах бягучага рамонту, каб захаваць пабудову на будучыню, піша Telegram-канал Urban Hrodna. Кошт будаўніча-мантажных працаў складзе 20,5 тыс. руб.

Капліца Русаў - зараз найстарэйшы аб’ект на вайсковых могілках — знаходзіцца ў кепскім стане, з яе абвальваецца плітка. Яна была збудаваная ў стылі эклектыкі з элементамі рэтраспектыўна-гатычнага стылю.

Грошы на аднаўленне капліцы шукала лютэранская абшчына з 2019 года. Зараз фінансаванне вылучылі ў рамках дзяржаўнай праграмы «Культура Беларусі» на 2021−2025 гг. Аб’ём работ запланаваны невялікі, але патрэбны для таго, каб капліца працягнула існаваць, распавяла Urban Hrodna архітэктарка Алена Шчасная, навуковая кіраўнічка аб’екта. Падрыхтоўчыя працы на капліцы ўжо пачаліся.

Галоўнае — абараніць капліцу ад вады

У капліцы збіраюцца аднавіць дах, кладкавыя швы і вадасцёкавую сістэму: калісьці вадасцёкі зніклі і зараз вада сцякае проста па сценах, руйнуючы іх. Таксама зробяць адмостку па перыметры капліцы, заменяць страчаныя цэглу на кутніх карнізах, зашкляць захаваныя металічныя пераплёты вокнаў, адрэстаўруюць металічныя дзверы.

Таксама плануюць узнавіць страчаныя каменныя крыжы з ружовага граніту і дэкаратыўныя разеткі з пясчаніку паводле захаваных аналагаў, магчыма аднаўленне ўваходнага ганка.

«Калі хопіць грошай, зробім больш. Але ўсё даражэе, калі праграма ["Культура Беларусі"] фармавалася, цэны на матэрыялы былі адны, зараз — іншыя. Будзем глядзець, што трэба ў першую чаргу», — патлумачыла Алена Шчасная.

Кошт будаўніча-мантажных працаў для аднаўлення капліцы-пахавальні Русаў складзе 20,5 тыс. руб. Выканаўцаў зараз шукае гродзенская ЖКГ.

Чаму важна захаваць капліцу

Зараз нашчадкаў Русаў не засталося, сачыць за пахаваннем няма каму. У 2019 годзе на капліцы з’явіліся таблічкі пра небяспеку падыходзіць бліжэй за 10 м — з помніка абвальвалася плітка і цэгла. Сродкі на рэстаўрацыю тады шукала сучасная гродзенская абшчына лютэран, але рэстаўрацыя не пачалася.

Капліца не толькі найстарэйшы аб’ект на могілках, але і частка архітэктурнай спадчыны горада, якую важна захаваць.

«Архітэктурная спадчына — гэта маркеры развіцця горада ў розныя перыяды і стагоддзі, якія адлюстроўваюць узровень жыцця гараджан, тэхналогіі будаўніцтва, нацыянальны склад насельніцтва і канфесіі, якія пераважаюць, правілы ўшанавання і захавання памяці тых, хто пайшоў у іншы свет», — лічыць Алена Шчасная.

Хто такі генерал Русаў

Аляксандр Русаў удзельнічаў у Крымскай вайне, кіраваў падаўленнем сялянскіх хваляванняў у Кіеўскай губерні. У 1885 годзе ў званні генерал-маёра выйшаў у адстаўку і купіў фальварак Закрэўшчызна паблізу цяперашняй чыгуначнай станцыі Жытомля. У тым жа годзе яго прызначылі правадыром дваранства Гродзенскага павета. Таксама Русаў быў старшынёй з’езду міравых пасярэднікаў, старшынёй камітэта грамадскага здароўя, узначальваў павятовую санітарную камісію і камісію па складанні спісаў прысяжных засядацеляў. З 1892 года быў сябрам Гродзенскага павятовага аддзялення Літоўскага епархіяльнага вучэльнага савета.

Аляксандр Русаў быў лютэранінам. Калі ён памёр 6 кастрычніка 1896 года, яго пахавалі на могілках, заснаваных пры яго ўдзеле. Праз некалькі гадоў жонка, таварышы па службе, калегі па грамадскай дзейнасці і сябры лютэранскай абшчыны Гродна ўзвялі над магілай капліцу. Гэтая пабудова перажыла савецкі час, калі руйнавалі іншыя помнікі і знішчылі лютэранскую частку могілак, а на частцы пахаванняў збудавалі шматпавярховік.

Чытайце таксама:

Апошнія запісы

«Пекла на зямлі». Гродзенка падзялілася, як працуе кадастравае агенцтва падчас рамонту

Шматгадзінныя чэргі, перфаратар і два акенца на рэгістрацыю. Дзяўчына схадзіла ў Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай…

21 лютага 2025

У конкурсе «Гродна Азот» да Дня роднай мовы паўдзельнічалі два пенсіянеры і ідэолаг

Прадпрыемства "Гродна Азот" 12 лютага ў Telegram-канале анансавала конкурс да Дня роднай мовы. Да самога…

21 лютага 2025

У Польшчы закрылі справу аб давядзенні беларускага экс-палітвязня да самагубства

Палітзняволены з Гродна Кірыл Кетурка скончыў жыццё самагубствам у Цэнтры ўтрымання пад вартай у Варшаве-Служэўцы…

21 лютага 2025

Дырэктара прадпрыемства з Ваўкавыскага раёна судзяць за разгалашэнне службовай таямніцы

Былому сенатару і дырэктару «Краснасельскбудматэрыялы» Уладзіміру Кісялёву пагражае да трох гадоў калоніі за разгалашэнне службовай…

21 лютага 2025

Сыркі «Малочнага Міру» не спадабаліся МАРГ — там знайшлі прапаганду нацызму

"Малочны Мір" абавязалі змяніць назву для серыі глазураваных сыркоў. Пасля чыёсьці скаргі ў Міністэрства антыманапольнага…

21 лютага 2025

Нерухомасць тыдня: у Гродне прадаецца кватэра — сапраўдны постсавецкі олдскул

На Гагарына, 25 у Гродне прадаецца двухпакаёвая кватэра з выдатна захаваным постсавецкім інтэр'ерам. Дом, у…

21 лютага 2025