У Стрыеўцы зруйнавалі помнік загінулым польскім жаўнерам. Гэта ўжо пяты выпадак у Гродзенскай вобласці

У Гродзенскай вобласці працягваюць руйнаваць польскія мемарыяльныя месцы. У вёсцы Стрыеўка Гродзенскага раёна скінулі помнік салдатам Арміі Краёвай (АК), якія загінулі ў баі з нямецкімі захопнікамі. Суседнія дрэвы спілавалі. Гэта ўжо пяты зруйнаваны ў апошні час у Гродзенскай вобласці мемарыял загінулым польскім жаўнерам.

У 1943 годзе ў Стрыеўцы загінулі 32 польскія жаўнеры партызанскага фармавання АК. Пра руйнаванне чарговага помніка паведаміў прадстаўнік непрызнанага беларускімі ўладамі Саюза палякаў Беларусі Марэк Занеўскі. Месца, дзе быў разбураны помнік, наведаў Генеральны консул у Гродне Анджэй Рачкоўскі.

Помнік жаўнерам у Стрыеўцы да руйнавання. Фота: Facebook Марэка Занеўскага
Месца, дзе быў помнік, наведаў консул. Фота: Facebook Марэка Занеўскага

Помнік усталявалі ў 1992 годзе намаганнямі Сусветнага саюза салдат АК пры падтрымцы Савета па захаванні памяці баёў і пакутніцтва. На шыльдзе помніка былі таксама пазначаны імёны вайскоўцаў, якія ваявалі ў Стрыеўцы і чыё месца пахавання невядомае.

Руйнаванне магіл стала масавай з’явай

Да таго 9 ліпеня стала вядома пра руйнаванне могілак у Карэліцкім раёне (вёска Качычы), 8 ліпеня — у Ваўкавыску, 4 ліпеня — у Ашмянскім раёне (Мікулішкі), 1 ліпеня — у Бераставіцкім (Ёдкавічы).

Паводле ранейшай інфармацыі МЗС Польшчы, невядомыя таксама апаганілі польскія надмагіллі і помнікі ў Багданах, Бабровічах, Дындылішках, Іўі, Ашмянах. Агулам жа на тэрыторыі Гродзенскай вобласці знаходзіцца каля 550 месцаў пахавання польскіх вайскоўцаў, удзельнікаў нацыянальных паўстанняў і абаронцаў Гродна. Гродзенскія ўлады ніяк не каментуюць гэтыя падзеі.

«Наўмысная дэградацыя адносін» ці помста?

Прадстаўнік Міністэрства замежных спраў Польшчы 30 чэрвеня звярнуўся да беларускіх уладаў з заклікам неадкладна спыніць акты вандалізму на могілках, выявіць і прыцягнуць да адказнасці вінаватых. «Гэта нагадвае пра самыя чорныя моманты гісторыі камунізму. Папярэднія паведамленни пра разбурэнні польскіх ваенных магіл не могуць быць успрынятыя інакш, як як наўмыснае дзеянне па далейшай дэградацыі ўзаемных адносін паміж польскай і беларускай рэспублікамі», — сказана ў заяве МЗС Польшчы, якая з’явілася на афіцыйным сайце 5 ліпеня.

Паводле інфармацыі мясцовых органаў улады, воінскіх пахаванняў і пахаванняў замежных вайскоўцаў у гэтым населеным пункце не зарэгістравана, сказана ў заяве МЗС Беларусі ад 7 ліпеня наконт руйнавання ў Мікулішках. «Ніхто не можа папракнуць нас у апаганенні месцаў пахавання, зносах помнікаў ці іх псаванні, як гэта адбываецца ў шэрагу сумежных краін», — дадалі ў заяве і нагадалі пра «каля 30 актаў вандалізму ў дачыненні да помнікаў людзям, якія аддалі свае жыцці за яе [Польшчы] вызваленне ад фашызму».

«Справа палякаў» пачалася з ушанавання польскіх вайскоўцаў

У час Другой сусветнай вайны Армія Краёва была канспірацыйным вайсковым фармаваннем, падначаленым польскаму ўраду ў выгнанні. Яна ваявала супраць нямецкіх захопнікаў. У студзені 1945 года АК была распушчана. Пры гэтым яе рэшткі працягнулі супраціў Чырвонай Арміі, якая заняла тэрыторыю, што ў міжваенны час належала Польшчы.

У сакавіку 2021 года ў Беларусі з’явілася так званая «справа палякаў». Беларуская пракуратура распачала крымінальную справу за ўшанаванне антысавецкіх дзеячаў у Брэсце. МЗС Беларусі выслала з краіны консула ў Брэсце Ежы Цімафеюка, а пасля і генеральнага консула Гродна Яраслава Ксёнжыка. Старшыню непрызнанага беларускімі ўладамі Саюза палякаў Беларусі Анжаліку Борыс затрымалі 23 сакавіка 2021 года, журналіста і актывіста Саюза палякаў Анджэя Пачобута — 25 сакавіка таго ж года. Трох іншых затрыманых фігурантак «польскай справы» вывезлі ў Польшу ў канцы траўня 2021 года. Гэта Ганна Панішава і прадстаўніцы грамадскіх польскіх школ у Лідзе і Ваўкавыску Ірэна Бернацкая і Марына Цішкоўская.

Анжаліку Борыс і Анджэя Пачобута абвінавачваюць паводле артыкула 130 Крымінальнага кодэкса (Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці). Ім пагражае ад 5 да 12 гадоў зняволення. Іх прызналі палітвязнямі. У сакавіку 2022 года Анжаліцы Борыс перавялі пад хатні арышт.

Палякаў запрашаюць у Беларусь

З 1 ліпеня Беларусь скасавала ўязныя візы для палякаў. Новаўвядзенне дзейнічае па 31 снежня ўключна. Рашэнне прынята «ў мэтах падтрымання добрасуседскіх адносін», паведамілі на афіцыйным сайце Дзяржпагранкамітэта.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Улады зробяць «раскладанку» са славутасцямі Гродна. Што туды патрапіла?

Новы сувенір у выглядзе "раскладанкі" са знакавымі аб'ектамі Гродна ствараюць улады. Яго выканаюць у выглядзе…

22 снежня 2024

Нерухомасць тыдня: у Гродне прадаюць кватэру «калекцыянера» з электракамінам

Трохпакаёвая кватэра знаходзіцца на вуліцы Савецкіх пагранічнікаў. Сцены ў ёй абвешаныя рэпрадукцыямі, дзвярныя праёмы выкананы…

21 снежня 2024

І нават ICQ. Ва ўстанове Гродна будуць сачыць за перапіскамі супрацоўнікаў

Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для сачэння за актыўнасцю ў камп'ютарах закупляе Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі…

21 снежня 2024

Ля сажалкі на Рэпіна з’явіцца дзіцячая інклюзіўная пляцоўка — ужо запланавалі будаўніцтва

У Гродне рэканструююць тэрыторыю, прылеглую да вадаёма па вул. Рэпіна. Там жа ўладкуюць дзіцячую інклюзіўную…

21 снежня 2024

У Гродне з’явіцца музей Льва Бакста? Такую прапанову агучылі ў сінагозе

У Гродне адкрылася выстава, прысвечаная мясцоваму ўраджэнцу мастаку Льву Баксту. Экспазіцыю размясцілі ў харальнай сінагозе,…

20 снежня 2024

Цяпер дабрацца з Гродна ў Віцебск можна без перасадак — гэта адзін з самых доўгіх маршрутаў у краіне

Маршрут праз усю Беларусь запусціла гродзенская фірма "Пазітыў-тур". Шлях з Гродна ў Віцебск складзе амаль…

20 снежня 2024