Участак на вуліцы Акадэмічнай, 13 паспрабуюць прадаць з аўкцыёну 18 жніўня 2022 года. Там можа з’явіцца гандлёвы цэнтр, кропка грамадскага харчавання альбо жылы дом. Пра гэта паведаміў Гродзенскі цэнтр нерухомасці.

Гістарычны цэнтр Гродна ўшчыльняюць: зямлю насупраць кірхі выставілі на аўкцыён
Участак на продаж на вуліцы Акадэмічная. Крыніца: gcn.by

Што гэта за ўчастак і якія ёсць абмежаванні

На аўкцыён выставілі ўчастак памерам каля пяці сотак. Ён знаходзіцца ў дварах насупраць лютэранскай кірхі - паміж дзіцячым садком № 21 і кафэ «Yellowstreet17». Частка зямлі занятая гаражамі, плошча якіх — 98 кв.м.

Паводле ўмоваў аўкцыёна гаражы трэба рэканструяваць і захаваць параметры асноўнага будынка, яго канструкцыйных, архітэктурных і стылістычных асаблівасцей і элементаў. Гэта звязана з тым, што ўчастак знаходзіцца на тэрыторыі гістарычнага цэнтра Гродна, які ахоўваецца як гісторыка-культурная каштоўнасць.

Што можна зрабіць з гаражамі

Гаражы можна перабудаваць пад будынак грамадскага прызначэння. Гэта можа быць гандлёвы цэнтр, офісы, кропка грамадскага харчавання, будынак медычнай альбо культурніцкай сферы. Побач можна ўзвесці навабуд падобнага прызначэння або жылы дом.

Зараз на тэрыторыі адсутнічаюць усе камунікацыі, акрамя электрычнасці.

За колькі плануюць прадаць участак

Аўкцыён адбудзецца 18 жніўня 2022 года. Новы ўладальнік атрымае права арэнды тэрыторыі на 50 гадоў.

Пачатковая цана лота — 35,1 тыс. рублёў. З іх 23,7 тыс. рублёў - цана за нерухомасць, а 11,4 тыс. рублёў - права арэнды зямельнага надзела.