Цукар у Гродне 18 ліпеня скуплялі ў крамах «Санта», «Маяк», «Ника» і «Вишневец». Вывозілі яго «па 50 кг» і «цэлымі каляскамі», распавялі чытачы Hrodna.life ў Instagram. Скончыўся цукар і каля горада — у Падлабенні і Рацічах. Прычынай гэтаму сталі чуткі пра падаражэнне, хоць Белдзяржхарчпрам і Міністэрства антыманапольнага рэгулявання гандлю (МАРГ) абверглі іх.

17 ліпеня ў Брэсце, Пінску і Брэсцкай вобласці пачалі актыўна скупляць цукар — нібыта праз чуткі пра падаражэнне да 4 рублёў пры цяперашняй цане ў 2.29−2.60 рублёў. Праз суткі ў некаторых крамах Брэсцкай вобласці цукар скончыўся. 18 ліпеня ажыятаж дайшоў і да Гродна.

«Сёння (18 ліпеня — Hrodna.life) вывозілі цукар знітоўкамі на вазках з крамы каля дома („Санта“)», — распавяла чытачка Hrodna.life. «З крамы па 50 кг сёння вывозілі. Вывезлі ўсё», — пацвердзіла іншая карыстальніца Instagram. «У Рацічах і Падлабенні ўсе раскупілі», — паведаміў чытач.

«Была ў краме „Маяк“ увечары (18 ліпеня — Hrodna.life), цукру не было, а людзі прыходзілі і прыходзілі менавіта за ім і абураліся, дзе цукар?», — падзяліўся карыстальнік.

«Самы вялікі запас цукру па сетцы — яго вынеслі»

«Тут («Копеечка» ў цэнтры) праходнасць крамы невысокая, таму спакойна на працягу дня вывозілі вазкамі. Вечарам было больш актыўна. Без шуму. За нядзелю (17 ліпеня — Hrodna.life) не скажу. Накшталт як самі прадаўшчыцы казалі, што ў іх быў самы вялікі запас цукру па сетцы, і яго вынеслі. Пра завозы не ведаю, не цікавілася. [Куплялі] на «будучыя варэнне/віно». Бабкі прычым не набіралі, два-тры пакеты ў сярэднім. А больш 40−45−50 гадоў мужчыны вывозілі вазкі, — падзялілася крыніца рэдакцыі.

Мяркуючы па апытанні, 33% чытачоў нашага Instagram чулі аб павышэнні коштаў на цукар, 37% - не, 30% - лічыць, што ўсё гэта чуткі.

Белдзяржхарчпрам: цэны не павысяцца

На праблему адрэагаваў Белдзяржхарчпрам. У сярэднім насельніцтва краіны спажывае каля 10−15 тыс. тон цукру штомесяц. У летні час попыт павялічваецца да 20−22 тыс. тон у месяц — для кансервацыі ягад і садавіны, прывёў лічбы Белдзяржхарчпрам на сваім партале 18 ліпеня.

На складах заводаў знаходзіцца больш за 100 тыс. тон цукру. Гэты аб’ём пакрывае патрэбу ўнутранага рынку да пачатку новага сезону вытворчасці цукру, які пачнецца ўжо ў верасні. Сфармаваны запас прадукцыі дазваляе захаваць цяперашнія цэны на цукар, сцвярджаюць у ведамстве.

Пастаўкі цукру павялічаць

МАРГ таксама абверг інфармацыю аб тым, што цукар рэзка падаражэе. У ведамстве адзначылі, што цэны на цукар рэгулююцца пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 214, якім ўстаноўлена гандлёвая надбаўка (з улікам аптовай надбаўкі) у памеры 15%.

Пастаўкі цукру ў гандлёвыя сеткі павялічаць.