Астравецкай раённай бібліятэцы могуць не прысвоіць імя Адама Мальдзіса, як паведамлялася раней. Пра гэта распавяла праўладная актывістка з Гродна Вольга Бондарава. Раней аб прысваенні імя і размяшчэнні адпаведнай шыльды распавёў сын літаратара Яраслаў.

Па словах Яраслава, 24 чэрвеня 2022 года выйшла рашэнне Астравецкага райвыканкама аб перайменаванні бібліятэкі. “Звычайную шыльду ўжо зрабілі. Мемарыяльную не атрымаецца: ёсць пастанова Савета Міністраў № 1372, па якой падобныя дошкі размяшчаюцца на будынках, дзе вядомы чалавек працаваў, або жыў. Мы ў фае будзем рабіць роспіс: адкрытая кніга, на адной старонцы выява Адама Мальдзіса, на другой поўная назва бібліятэкі. Шыльду яшчэ не прымацавалі. Плануем гэта зрабіць да 7 жніўня, 90-годдзя Адама Іосіфавіча”,- пісаў Яраслаў Мальдзіс у Facebook са слоў дырэктара бібліятэкі.

“Прапольскі дзеяч” і “махровы нацыяналіст”

“Шыльдачку на раённую бібліятэку ў Астраўцы з імем нацыяналіста Адама Мальдзіса вешаць не будуць. Але гэта не ўсё. Аказваецца, яго імем хацелі таксама назваць адну з Астравецкіх вуліц. Гэтая ідэя таксама прызнана няўдалай. Згодны💯”, – напісала Вольга Бондарава ў сваім Telegram-канале. Дакументальнага пацверджання гэтаму пакуль няма.

13 ліпеня Вольга ад імя грамадскага аб’яднання “Гродзенскі гісторыка-патрыятычны пошукавы клуб “Аркона” звярнулася ва ўпраўленне культуры Гродзенскага аблвыканкама, “каб прасігналізаваць аб дзівацтвах, якія адбываюцца ў Астраўцы”. Яна лічыць, што кіраўніцтва Астравецкага райвыканкама не мела рацыі, калі “цішком прагаласавала за прысваенне дзяржаўнай установе культуры імя прапольскага дзеяча і махрыстага нацыяналіста Адама Мальдзіса”. Адказ ад ведамства яна пакуль не размясціла.

Хто такі Адам Мальдзіс?

Адам Мальдзіс – савецкі і беларускі літаратуразнаўца, літаратурны крытык, публіцыст, празаік, перакладчык, доктар філалагічных навук. Памёр ва ўзросце 89 гадоў у студзені 2022 года. Мае Ордэн Францыска Скарыны (дзяржаўная ўзнагарода) і медаль “100 гадоў БНР”. Заслужаны дзеяч культуры Польшчы. Пісаў для “СБ-Беларусь Сегодня” . Узначальваў Нацыянальны навукова-асветніцкі цэнтр імя Францішка Скарыны. Быў сябрам Уладзіміра Караткевіча.