На Дзевятоўцы пачалі стварэнне парку. Жыхары змагаліся за яго 15 гадоў

На Курчатава прыступілі да стварэння новага парку. Ён з’явіцца каля царквы, якая будуецца, ужо восенню 2022 года. Як змагаліся за яго жыхары і што чакае Гродна па азеляненні, узгадаў Telegram-канал Urban Hrodna.

Зараз на пляцоўку, адведзеную пад будучы парк, завозяць грунт і рыхтуюць яе пад пасеў травы, расказалі на «Гродна Плюс». У найбліжэйшы час там плануюць кладку пешаходных сцежак.

Падрыхтоўка пляцоўкі пад парк. Скрыншот рэпартажу «Гродна Плюс»

У будучым парку збіраюцца высадзіць каля пяцісот дрэў і амаль дзве тысячы кустоў і кветак. Праца будзе залежаць ад пагодных умоваў.

Пляцоўку пад парк падрыхтуюць да верасня. Непасрэдна азеляненне пачнуць восенню, каб пасадкі маглі прыжыцца.

Доўгі шлях Дзевятоўкі да парку

Жыхары Дзевятоўкі чакаюць парку даўно. Будаўніцтва храма Раства Хрыстова на Курчатава пачалі ў 2007 годзе. На той момант вакол яго была запраектаваная паркавая зона, пісаў S13.

У 2010 годзе старшыня Гродзенскага гарвыканкама Барыс Казялкоў ухваліў прапанову упраўлення архітэктуры і горадабудаўніцтва стварыць зялёную зону на Дзевятоўцы. Яна павінна была з’явіцца ў раёне Палескага парку на месцы пусткі, але не з’явілася. У 2011 улады зноў паабяцалі разбіць на Дзевятоўцы парк з добраўпарадкаваннем і веладарожкамі. У 2016 годзе жыхары мікрараёна звярнуліся да кіраўніцтва горада з прапановай закласці сквер уздоўж чыгункі паміж вул. Белыя Росы і Асфальтная. Да прапановы гродзенцы нават прыклалі варыянт праекта, але рэалізаваны ён не быў.

План ад жыхароў Дзевятоўкі

У 2018 годзе новую зону адпачынку запланавалі ўжо ў раёне вул. Таўлая і Старамалышчынскай.

Новае магчымае месца зоны адпачынку

Тады ж, у 2018 загаварылі аб будаўніцтва высотак на месцы планаванай зялёнай зоны ля храма Раства Хрыстова на Курчатава. Настаяцель храма айцец Уладзімір Асадчы і мясцовыя жыхары асцерагаліся, што парку не будзе. Уладзімір Асадчы нават прапаноўваў самастойна з добраахвотнікамі распрацаваць праект парку і правесці пасадкі, каб арганізаваць там зону адпачынку з каскаднымі сажалкамі.

У 2018 годзе ў гонар юбілею раёна паблізу, на Ліможа ў раёне"Еўраопта", высадзілі алею. Пазней, у студзені 2020 там разбілі сквер і пасадзілі яшчэ 130 саджанцаў дрэў і кустоў.

У Гродне не хапае зеляніны, але гэта збіраюцца выправіць

У 2021 годзе пачалі працу над Схемай азелянённых тэрыторый агульнага карыстання для Гродна. Яе распрацавалі з улікам дзейнага генеральнага плана развіцця Гродна да 2030 года. Распрацоўка горадабудаўнічага праекта абышлася ў 155 тысяч рублёў.

Уся плошча азелянёных тэрыторый агульнага карыстання ў Гародні цяпер складае 1687,7 га (11,9% ад плошчы горада). Паказчык азелянення адпавядае норме толькі для паркаў гарадскога значэння, куды ездзяць і ходзяць усе. Азелянёных тэрыторый раённага значэння — маленькіх сквераў паблізу ад дома — у Гродне не хапае ў абодвух раёнах.

Згодна з ЭкаНіП у Гродне на кожнага жыхара павінна быць па 8 кв. м азелянёных тэрыторый агульнага карыстання гарадскога значэння і па 7 кв. м — раённага. Агулам па 15 кв. м зеляніны на чалавека. Цяпер у Ленінскім раёне на чалавека прыпадае 10,9 кв. м зялёных тэрыторый агульнагарадскога значэння і 1,31 — раённага значэння. У Кастрычніцкім — па 5, 84 кв. м гарадскога значэння і 1, 41 кв. м. раённага. Па падліках планіроўшчыкаў, з улікам пералічаных у Схеме азелянёных тэрыторый перспектыўных зонаў сітуацыя павінна выправіцца. Да 2030 года ў Гродне плануюць дасягнуць 22 кв. м зеляніны на кожнага жыхара.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Улады зробяць «раскладанку» са славутасцямі Гродна. Што туды патрапіла?

Новы сувенір у выглядзе "раскладанкі" са знакавымі аб'ектамі Гродна ствараюць улады. Яго выканаюць у выглядзе…

22 снежня 2024

У Гродне прайшоў парад Дзядоў Марозаў і Снягурак

Некалькі сотняў Дзядоў Марозаў, Снягурак, сабачак, вавёрачак і разнастайных іншых персанажаў 20 снежня прайшлі ад…

21 снежня 2024

Нерухомасць тыдня: у Гродне прадаюць кватэру «калекцыянера» з электракамінам

Трохпакаёвая кватэра знаходзіцца на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў. Сцены ў ёй абвешаныя рэпрадукцыямі, дзвярныя праёмы выкананы…

21 снежня 2024

І нават ICQ. Ва ўстанове Гродна будуць сачыць за перапіскамі супрацоўнікаў

Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для сачэння за актыўнасцю ў камп'ютарах закупляе Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі…

21 снежня 2024

Ля сажалкі на Рэпіна з’явіцца дзіцячая інклюзіўная пляцоўка — ужо запланавалі будаўніцтва

У Гродне рэканструююць тэрыторыю, прылеглую да вадаёма па вул. Рэпіна. Там жа ўладкуюць дзіцячую інклюзіўную…

21 снежня 2024

У Гродне з’явіцца музей Льва Бакста? Такую прапанову агучылі ў сінагозе

У Гродне адкрылася выстава, прысвечаная мясцоваму ўраджэнцу мастаку Льву Баксту. Экспазіцыю размясцілі ў харальнай сінагозе,…

20 снежня 2024