Прысуд — 1,5 гады абмежавання волі - вынес 58-гадовай Юліі Каваленцы суд Ленінскага раёна Гродна. Гэта адбылося 21 чэрвеня 2022 года. Прычына — каментар жанчыны пад запісам на старонцы Hrodna. life у Facebook. Пра гэта паведаміў праваабарончы цэнтр «Вясна».

1,5 гады “хатняй хіміі” за абразу міліцыянтак: жанчыну асудзілі за каментар пад пастом Hrodna.life
Юлія Каваленка.

Юлію Каваленку прызналі вінаватай паводле арт.369 КК (Абраза прадстаўніка ўлады). Акрамя «хатняй хіміі» Каваленка мусіць выплаціць пацярпелым маральную шкоду — 3000 рублёў.

За які каментар асудзілі жанчыну і хто пацярпелыя?

Каваленку асудзілі за каментар, якія яна пакінула ў верасні 2020 года ў суполцы Hrodna. life у Facebook. Пад пастом Юлія напісала: «С*чки». Каментар быў накіраваны ў бок супрацоўніц гродзенскага АМАПу Марыі Мазуркевіч і Юліі Бандарчук. Яны праславіліся тым, што 9 жніўня 2020 года, жорстка збілі фармацэўтку Марыну Палікарпаву. Супрацоўнікі міліцыі выявілі каментар толькі ў красавіку 2022 года.

У час суда жанчына сказала, што раскайваецца ў здзейсненым, што не пісала больш ніводнага каментара, не хадзіла на мітынгі і не падпісвалася на экстрэмісцкія каналы.

Справу разглядаў суддзя Гурын

Справу разглядаў суддзя Руслан Гурын. Ён раней судзіў гродзенцаў Любоў Сарлай, Марыю Палікарпаву, Ігара Бублікава (Рэмзіка), старшыню Саюза Палякаў Беларусі Анжаліку Борыс, і іншых.