Лепшых кіроўцаў грамадскага транспарту выбіралі на конкурсе прафесійнага майстэрства на тэрыторыі “Тралейбуснага парка №3” у Мінску. У спаборніцтве ўдзельнічалі кіроўцы з розных гарадоў Беларусі. Прадстаўнікі “Гродзенскага тралейбуснага ўпраўлення” занялі першае месца ў заліку запрошаных каманд, піша Newgrodno.

Конкурс праводзіцца штогод, яго асноўная мэта – папулярызацыя прафесіі кіроўцы грамадскага транспарту і прафілактыка аварыйнасці, піша “Минск-Новости”. Папярэднія два гады праз каранавірус арганізатары праводзілі спаборніцтвы ў скарочаным фармаце, зараз вярнуліся да поўнага. Сёлета ў конкурсе 16 чэрвеня ўдзельнічалі 43 кіроўцы.

Адзін з этапаў адбору – тэарэтычны. На ім кіроўцы павінны адказваць на пытанні па правілах дарожнага руху. Асобна ацэньваюць навыкі кіравання тралейбусам: улічваецца хуткасць манеўравання і наяўнасць памылак. У фінальнай частцы выпрабаванняў ўсё больш відовішчна. Кіроўцы паказваюць некалькі фігур – “брама”, розныя спосабы заездаў у гараж, рух “змейкай” пярэднім і заднім ходам. “Змейку” і “браму” складаней за ўсё выконваць на тралейбусе з “гармонікам”, распавёў адзін з удзельнікаў Уладзімір Янучок.

Да гэтага, 3 чэрвеня, аналагічны конкурс праходзіў у Гродне. Тут яго праводзілі другі раз пасля 2019 года. У конкурсе ўдзельнічалі 17 каманд з розных гарадоў Беларусі і некалькі каманд з Расіі. Тады гродзенцам не дасталася першае месца ні ў асабістым, ні ў камандным заліку.