У Гродне запланавалі рэканструкцыю ўчастка вул. Рэпіна. Ля вайсковай часці ў мікрараёне «Фолюш» пабудуюць аўтамабільную стаянку і кантрольна-прапускны пункт. Інфармацыю пра гэта апублікавалі на сайце дзяржзакупак.
Інстытут «Гроднаграмадзянпраект» выбірае субпадрадную арганізацыю. Яна выканае даследаванні і дыягностыку матэрыялаў дарожнага пакрыцця. Гэта трэба для заключэння магчымасці захавання, частковага або поўнага выдалення матэрыялу. Заяўкі прымаюць да 22 чэрвеня. На дыягностыку адвядуць 15 дзён. Падрабязнасцяў і дадатковых дакументаў у дзяржзакупкі няма.
У першым паўгоддзі 2022 года ў Гродне плануюць адрамантаваць больш за 20 дарог. Рамонт дарожнага пакрыцця адбудзецца, калі гэтаму будзе спрыяць надвор’е. Вуліцы будуць прыводзіць у парадак не ямачным рамонтам, а праз суцэльнае асфальтаванне.