Веламарафон “Суседзі” пройдзе на Аўгустоўскім канале 22-24 ліпеня 2022 года. Гэтым разам да веласпаборніцтваў далучылі бегавыя. Замест ліквідаванага ўладамі “ВелоГродно” марафон арганізоўвае грамадскае аб’яднанне “СК Run4Fun” і Гродзенскі райвыканкам.

Веламарафон "Суседзі - 2019". Фота: Hrodna.life
Веламарафон “Суседзі – 2019”. Фота: Hrodna.life

Калі адбудуцца спаборніцтвы

Месца старта арганізуюць на тэрыторыі шлюза Дамброўка. Там жа будзе размяшчацца лагер для ўдзельнікаў марафона.

Веласіпедныя спаборніцтвы пачнуцца 23 ліпеня ў 11:00. Можна паўдзельнічаць у:

  • дзіцячым велазаездзе (да 6 гадоў) 200 м
  • міні-марафоне (10 км)
  • фіт-марафоне (23 км)
  • паўмарафоне (40 км)
  • марафоне (80 км)
  • камандных спаборніцтвах

Бегавыя спаборніцтвы пачнуцца 23 ліпеня ў 17:30. Будзе пяць відаў спаборніцтваў:

  • дзіцячае (да 12 гадоў) 1 км
  • 5 км
  • 10 км
  • паўмарафон 21 км
  • камандныя спаборніцтвы

Прыняць удзел у марафоне можа любы ахвотны. Да 16 ліпеня трэба зарэгістравацца. Азнаёміцца з рэгламентам веламарафона можна тут

Палякі і літоўцы могуць не прыехаць

Да арганізацыі веламарафона ў гэтым годзе далучыліся спартоўцы з грамадскага аб’яднання “Run4Fun”. Такі саўдзел дазволіць “упрыгожыць марафон, пашырыць яго, а таксама падзяліцца вопытам”, сказаў Hrodna.life галоўны суддзя веласіпедных дысцыплінаў Іван Найдзёнаў

“У сувязі з сітуацыяй, якая склалася, ёсць верагоднасць, што польскія і літоўскія спартоўцы ў гэтым годзе не прыедуць. Магчыма, з Расіі прыедуць. За першы дзень ужо зарэгістраваліся восем чалавек”, – сказаў Іван Найдзёнаў.

У 2022 годзе змяніліся арганізатары веламарафона

Раней веламарафон “Суседзі” арганізоўвала грамадскае аб’яднанне раварыстаў “ВелаГродна”. Летам 2021 года ўлады ліквідавалі арганізацыю. На марафоне “Суседзі 2022” з папярэдняй каманды арганізатараў і валанцёраў будзе “тры-чатыры чалавекі”, расказала Hrodna.life былая прадстаўніца “ВелаГродна” Юлія Каляда

Сама Юлія ў арганізацыі веламарафона ў гэтым годзе не ўдзельнічае. Таксама яна яшчэ не вырашыла ці паедзе як удзельніца спаборніцтваў.

“Арганізатары аматарскіх мерапрыемстваў гэта “фанаты” спорта, у добрым сэнсе. Яны бяруцца за арганізацыю ад любові да справы, а не па ўказцы. Марафон адбудзецца толькі таму, што такія людзі не могуць жыць без прыгодаў, азарту, прасоўвання важных для іх каштоўнасцей. “Лепш ці горш” [арганізуюць мерапрыемства – заўв. Hrodna.life] гэта адзнака, прычым папярэдняя. Упэўнена, новая каманда арганізатараў правядзе марафон годна”, – сказала Юлія Каляда

Што такое веламарафон “Суседзі” 

Веламарафон “Суседзі” – штогадовы міжанарожны фестываль. Яго арганізоўваюць на Аўгустоўскім канале веласіпедысты Гродна з 2011 года. У 2020 і 2021 годзе марафон не праводзілі. Прычына – неспрыяльная эпідэміялагічная сітуацыя.

Чытайце таксама: «Хто будзе адстойваць правы раварыстаў?» Улады хочуць ліквідаваць «ВелаГродна», з якім раней супрацоўнічалі