Штогадовы “Адэльскі фэст” адбудзецца ў мястэчку Адэльск 13 чэрвеня. Гасцям прапануюць абраць найлепш упрыгожаны падворак, разглядзець дываны і пашпацыраваць па музеі пад адкрытым небам. Пра гэта паведаміла БелТА са спасылкай на метадыста Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра Наталлю Рамановіч.

Чым плануюць забаўляць гасцей на фестывалі
Пасля службы ў адэльскім касцёле арганізуюць забаўляльную і музычную праграму. На фестывалі будзе працаваць пляцоўка з дэгустацыяй страў нацыянальнай кухні ад мясцовых гаспадынь. Сярод страваў прапануюць: бабку, кішку, хатні хлеб, клінковыя сыры, мясныя і бульбяныя стравы.
Акрамя гэтага, арганізуюць спаборніцтва ў паяданні дранікаў на хуткасць.
Чытайце таксама: Дранікі і бабку з-пад Гродна прызналі гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Што гэта дасць у практыцы і чаму забылі пра кішку?
Арганізатары прапануюць гасцям пашпацыраваць па музеі пад адкрытым небам, наведаць выставу аднаго дня “Адэльскія двары” і абраць найлепш упрыгожаны падворак. На фестывалі можна будзе паглядзець дываны, створаныя паводле тэханалогіі падвойнага ткацтва [від ткацтва на кроснах – Hrodna.life].
Для дзяцей арганізуюць гульні, літаратурны дартс, а таксама фотазону “Сэлфі ў вышыванцы” і фотакрос “Адэльск чытае”.
Падчас фестывалю можна прыняць удзел у майстар-класах па вытворчасці беларускай куклы, выцінанкі і пляценні паясоў. А таксама пазнаёміцца з народным майстрам музычных інструментаў Мар’янам Скрамблевічам. Фэст завершаць начныя гулянні і фейерверк.
Чытайце таксама: Дзясяткі інструментаў і кожны ўнікальны. Мар’ян Скрамблевіч выступіў у краме «Лёля»
Чаму “Адэльскі фэст” ніколі не пераносяць
“Адэльскі фэст” штогод святкуюць 13 чэрвеня і ніколі не пераносяць. Свята прымеркавана да дня памяці святога Антонія Падуанскага. Яго лічаць абаронцам Адэльска, а яго выява размешчана на гербе мястэчка. У 2010 годзе ў цэнтры мястэчка святому ўсталявалі помнік.


