Ужо ў наступным годзе вуліца Замкавая на ўсім працягу можа стаць закрытай для руху транспарту. Пра гэта паведаміў старшыня гарвыканкама Мечыслаў Гой міністру культуры Анатолю Маркевічу 3 чэрвеня падчас адкрыцця гандлёвага цэнтра «на Замкавай» (Дома рыбака), піша «Вечерний Гродно».
Права праезду пакінуць для аўтамабіляў спецыяльных службаў (пажарныя, хуткая, аварыйныя службы) і жыхароў вуліцы. У планах гарадскіх уладаў дадаваць па адной пешаходнай вуліцы штогод, удакладняе выданне.
У такім выпадку Замкавая стане другой пешаходнай вуліцай у Гродне. На ёй ужо працуюць тры кавярні, рэстаран-бровар і бар. Інвестар праекта адноўленага Дома рыбака таксама хоча размясціць у новым ГЦ у першую чаргу грамадскае харчаванне. Такім чынам Замкавая стане папулярным месцам адпачынку ў цэнтры горада і, як спадзяецца дырэктар кампаніі-інвестара Віталь Хрусцель, канкурэнтам Савецкай плошчы. Інвестары хочуць прапанаваць захаваны аўтэнтычны склеп у арэнду пад рэстаран. Ён мог бы называцца «Шынок» — бо гістарычны будынак на гэтым месцы быў менавіта шынком. Ці стане Замкавая копіяй Зыбіцкай, як піша Sputnik, пакажа час: зараз вялікую яе частку складаюць жылыя дамы.
Чытайце таксама: Откроется без рыбки. Нужен ли городу «исторический» Дом рыбака
Пешаходнасць Замкавай абмяркоўваюць ужо даўно. Зараз тупіковую вуліцу часта выкарыстоўваюць як паркоўку, прыязджаючы ў цэнтр. Яшчэ ў 2016 годзе гісторык Алесь Хацько казаў, што добрым варыянтам было б зняць асфальт і цалкам або часткова аднавіць на вуліцы захаваны пад ім брук. У 2017 краязнаўца Ігар Лапеха прапаноўваў зрабіць уезд у квартал платным і нават распрацаваў альтэрнатыўную схему парковачных месцаў у дварах. У 2018 годзе на абмеркаванні Генплана для Гродна гарадскія ўлады нарэшце паабяцалі, што Замкавая стане пешаходнай.
Згодна з праектам дэталёвага планавання цэнтра Гродна, які зацвердзілі ў 2021 годзе, да 2030 года пешаходнай павінна стаць не толькі Замкавая, але і вялікая частка гістарычнага цэнтра. Бязтранспартная зона будзе ў межах вуліц Давіда Гарадзенскага, Вялікай Траецкай, Віленскай, Ажэшкі і Сацыялістычнай. Пешаходнай стане тэрыторыя прыкладна 600 на 900 м. Каб вывесці з цэнтра транзітны транспарт, вакол яго арганізуюць абводнае кальцо. Таксама ў Гродне з’явіцца новы тып вуліц, дзе рух будзе даступны толькі грамадскаму транспарту з прыярытэтам пешаходаў і веласіпедыстаў.