Суд Ленінскага раёна Гродна прызнаў інфармацыйную прадукцыю MOST Media экстрэмісцкай. Гэта адбылося яшчэ 28 красавіка 2022 года, але ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў рашэнне дадалі толькі ў сярэдзіне траўня. Разам з сайтам экстрэмісцкімі прызналі суполкі ў ВКонтакте і Facebook, а таксама Telegram-канал.
«Чаканае рашэнне. Сёння прадукцыя большасці па-сапраўднаму прафесійных беларускіх СМІ прызнана экстрэмісцкай. Нашаму праекту ўсяго чатыры месяцы, і нас ужо ўнеслі ў гэты „чорны спіс“ — значыць, мы робім усё правільна. Для нас і нашых чытачоў нічога не змяняецца: мы па-ранейшаму будзем расказваць праўду. Ад сваёй місіі — аб’ядноўваць людзей, быць мостам паміж Польшчай і Беларуссю — не адступаем» — сказаў Руслан Кулевіч на сайце MOST.
Што такое MOST
MOST — каманда беларускіх журналістаў, якія знаходзяцца ў польскім Беластоку. Яны распавядаюць пра падзеі, якія адбываюцца ў Беларусі і Польшчы. Сярод асноўных тэм — навіны Гродна і Беластока, гісторыя, культура і турызм у памежных раёнах. Заснавальнік MOST Media — гродзенскі журналіст Руслан Кулевіч.
Чытайце таксама: «Мая новая місія — запісваць гісторыі беларусаў, якія з’ехалі». Руслан Кулевіч запускае свой відэапраект
Падпіска — не тое ж, што захоўванне
З лютага 2021 года пачалі прызнаваць экстрэмісцкімі многія пратэстныя Telegram-каналы і чаты, а таксама каналы медыя: як агульнабеларускія, так і мясцовыя. Пасля рашэння судоў іх ўносяць у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. За размяшчэнне спасылак на іх або распаўсюд ці захоўванне інфармацыі (фота, відэа з лагатыпамі) з іх пагражае адміністрацыйная адказнасць і пакаранне ажно да арышту.
Падпіска на такія каналы не роўная захоўванню экстрэмісцкіх матэрыялаў. Тым не менш, падпісчыкам варта праверыць свае тэлефоны і камп’ютары: у наладах Telegram па змаўчанні стаіць запампоўка медыяфайлаў на прыладу. Мы пісалі аб тым, як праверыць і змяніць налады.
Чытайце таксама: