Стравы з таркаванай бульбы з Гродзенскай вобласці - дранікі, бульбяныя бліны і бабку — прызналі гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Гэта адбылося 13 траўня на пасяджэнні Рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры, паведаміў Telegram-канал «Культура Гродненщины».
Стравы для дэгустацыі прадставілі гаспадыні Гродзеншчыны. «Дранікі» і «бульбяныя бліны» прыгатавалі жыхаркі Іўеўшчыны і Лідчыны. «Банды на дубовых лісцях» — гаспадыні з мястэчка Юбілейны Ваўкавыскага раёна. «Бульбяную бабку» — з Адэльска Гродзенскага раёна.
Дранікі прыйшлі з Германіі, а вось кішка і бабка — беларускія
«У прынцыпе, гэта вартае пачынанне. Стравы з таркаванай бульбы сапраўды можна лічыць нацыянальнымі беларускімі, хаця яны і прыйшлі да нас з Германіі пры пасярэдніцтве габрэяў-карчмароў», — рассказаў Hrodna.life гісторык Алесь Белы.
Алеся Белага здзівіла, што не згадана бульбяная кішка — блізкая да бабкі страва, толькі ў абалонцы з кішак. «І кішку і бабку можна лічыць найболей беларускімі з гэтых страў. Таму што самі назвы беларускія. У Польшчу яны прыйшлі ўжо ад нас. Як тыпова „крэсовыя“ стравы. У польскім Супраслі нават праводзіцца штогадовы чэмпіянат свету па запяканні кішкі і бабкі. Але я нічога не чуў пра ўдзел беларускіх каманд».
Уключылі ў спіс — а што далей?
Алесь Белы не зусім разумее, што вынікае з уключэння гэтых страў у афіцыйны спіс у практычнай плоскасці - «апроч чыста бюракратычных маніпуляцый».
«Як бы гэта мусіла выглядаць у ідэале? Дзяржава мусіла б стымуляваць, напрыклад, стварэнне асацыяцый вытворцаў гэтых страў, або рэстаратараў, якія ўзялі б на сябе абавязак стала падтрымліваць наяўнасць гэтых страў у продажы. А ўзамен атрымалі б нейкія гаранты на развіццё і прасоўванне сродкамі дзяржаўнага і адміністрацыйнага рэсурсу. Але я не ўпэўнены, што выпадковы турыст, заехаўшы ў той жа Адэльск, зможа лёгка знайсці гэтыя стравы ў мясцовым грамадскім харчаванні», — сказаў Алесь Белы.
Чытайце таксама: Абяцаюць найлепшыя дранікі ў горадзе: на Ажэшкі адкрылася кафэ з беларускім каларытам
Акудовіч: «мутныя» крытэрыі і «нармальнае» брэндзіраванне
Гісторык і экскурсавод Цімафей Акудовіч у сваім Facebook крытыкуе саму працэдуру унясення ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Гэта нібыта дае брэндзіраванне, але яно не працуе належным чынам. «Нармальнае брэндзіраванне прадукту значна лагічней рабіць з дапамогай нармальных піяршчыкаў, а не праз Мінкульт», — піша Акудовіч.
Ён лічыць крытэрыі дзяржаўнага спісу «мутнымі», а саму працэдуру вельмі залежнай ад таго, ці ёсць у канкрэтным раёне актыўныя працаўнікі культуры.
«На раёне можа захавацца ўнікальная нематэрыяльная з’ява, але мясцовы работнік культуры жыве ад 9 мая да 3 ліпеня і знаць нічога не знае пра традыцыю. А ў суседнім раёне амбітны культработнік фіксуе і падае хоць бы што, каб засвяціцца. І ў Радзе мусяць працаваць з тым, што дойдзе. А фіксуе з’яву ён непрафесійна. І досыць часта не бачыць дыяментаў сярод шаблонных рэчаў. Фармаваць спіс і праводзіць фіксацыю лагічней спецыялістам. І не з пазіцыі пасіўных „прыёмшчыкаў“, але з актыўнай пазіцыі збіральнікаў», — тлумачыць сваю пазіцыю Акудовіч.
Галоўная думка Акудовіча: «Сапраўдныя нематэрыяльныя каштоўнасці не жывуць у Дамах Культуры». Маўляў, занясенне ў спіс не захоўвае нейкага абраду ці трацыцыі, а толькі фіксуе. Каб традыцыя захавалася, яна павінна жыць у супольнасці.
Колькі розных рэцэптаў сабрала па ўсей Беларусі Міністэрства культуры?
Перад разглядам прапановы навукова метадычнай радай, традыцыю страваў з бульбы вывучылі і зафіксавалі па ўсёй Беларусі, запэўнівае Мінкульт. Агулам зафіксавана 235 народных рэцэптаў. Мінкуль абяцае ўключыць стравы з таркаванай бульбы ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі ў бліжэйшы час.