нерухомасць у Гродне

Выстава сучаснай скульптуры ў Гродне ўжо не адкрыецца. Прапанаваная форма далейшай працы экспазіцыі не задаволіла куратара і адміністрацыю галерэі. Мяркуючы па каментары куратара Івана Арцімовіча, частку работ прапанавалі прыбраць, але ён з такой прапановай не пагадзіўся.

«Я не лічу правільным выкрэсліваць з экспазіцыі будзь-каго з аўтараў, ці некаторыя іх працы па абсалютна надуманых прычынах, агучаных не прафесіяналамі. Я (думаю, як і многія з вас) хацеў бы, каб айчыннае мастацтва зберагала лепшыя свае дасягненні, напаўнялася цікавым зместам і новымі формамі, каб у нас быў СВОЙ уласны шлях і наша скульптура была рознай. У гэтай разнастайнасці я бачу ў будучыні магчымасць фарміравання ўласнай мовы, якая будзе адрозніваць нас ад астатняга свету, — напісаў у Facebook Іван. Ён падзякаваў усім, хто дапамог выставе з’явіцца і цікавіўся яе лёсам. Куратар адзначыў, што яна праіснавала ўсяго чатыры гадзіны пасля адкрыцця.

У каментарах падтрымалі яго рашэнне і адзначылі, што яно годнае «сапраўднага куратара».

У галерэі - праблемы

Хто прапанаваў новую форму выставы і ў чым яна заключалася, Hrodna.life даведацца пакуль не ўдалося. Куратар паабяцаў пагаварыць пра гэта пазней.

На наступным тыдні працы здымуць і яны вярнуцца да аўтараў. Паводле інфармацыі Hrodna.life, ва ўладальнікаў галерэі з’явіліся некаторыя праблемы з-за выставы. Падрабязнасці гэтага невядомыя.

Выстава закрылася пасля даносу?

Выстава станковай скульптуры «СКУЛЬПТУРА» адкрылася 29 красавіка ў ў галерэі «400 квадратаў» у ТРК Triniti. Яна павінна была працаваць да канца траўня. З просьбай закрыць выставу да ўладаў звярнулася актывістка Вольга Бондарава. На яе думку, некаторыя мастакі, якія ўдзельнічаюць у ёй, вядомыя антыдзяржаўнымі выказваннямі. Ці звязанае спыненне працы з яе зваротам, невядома — ні прадстаўнікі ТРК, ні гарвыканкам, ні куратар сітуацыю Hrodna.life не пракаментавалі.