нерухомасць у Гродне

Ва ўсіх медыцынскіх цэнтрах «Ладэ» прыпыняюць аказанне медыцынскіх паслуг з 16 траўня, паведамілі у кампаніі. Як надоўга — пакуль невядома. Прычынай стала прадпісанне Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.

Медцэнтры зноў пачнуць прымаць пацыентаў, як толькі ліцэнзуючы орган Міністэрства аховы здароўя Беларусі прыме рашэнне пра аднаўленне дзеяння ліцэнзіі кампаніі.

Пра тое, што Міністэрства аховы здароўя прыпыняе ліцэнзію прыватных медцэнтраў «Ладэ» і мінскай «Клінікі А1» стала вядома 5 траўня. Міжведамасная камісія, створаная Камітэтам дзяржкантролю, правяла пазапланавую праверку філіялаў «Ладэ» ў Гродне і Брэсце, цэнтральнага офіса медцэнтра і «Клінікі А1». Былі прэтэнзіі да вядзення дакументацыі, парушэнняў клінічных пратаколаў, лекаў, неабгрунтаванай выдачы бальнічных. У дзень, калі прэс-цэнтр Міністэрства здароўя паведаміў пра рашэнне прыпыніць ліцэнзію, у самой клініцы пра яго не ведалі і гатовыя былі запісаць на любую дату.

Медцэнтры змогуць працягнуць працу, калі выправяць недахопы на працягу паўгода, расказалі ў Мінздароўя. Для гэтага кампаніі павінны звярнуцца з інфармацыяй пра ліквідацыю парушэнняў. Міністр аховы здароўя Зміцер Піневіч не лічыць прыпыненне дзеяння ліцэнзіі на меддзейнасць прыватных клінік экстраардынарным фактам.

«Ладэ» — найбуйнейшы недзяржаўны шматпрофільны медыцынскі цэнтр Беларусі. Кампанія працуе з 1992 года. Меддапамога прадастаўляецца па 60 напрамках, у тым ліку стаматалогія, КТ і МРТ, афтальмалагічная хірургія, рэпрадуктыўнае здароўе (правядзенне ЭКА). У клініка-дыягнастычнай лабараторыі выконваюць больш за 300 відаў аналізаў. Медцэнтры «Ладэ» адкрытыя ў Мінску, Гродне і Брэсце. У медцэнтрах «Ладэ» працуе каля 1000 лекараў, агульная колькасць супрацоўнікаў - больш за 2000 чалавек.

У Гродне на дадзены момант ёсць два цэнтры — на вуліцы Паліграфістаў і на Замкавай. Рыхтуецца да адкрыцця асобны будынак «Ладэ» на вуліцы Вялікай Траецкай.