Вучань 7 класа гродзенскай школы № 35 Улад Герасімовіч ужо год стварае пабудовы ў Minecraft. Сярод аб’ектаў - помнік воінам-вызваліцелям у Гродне ў выглядзе танка Т-34−85. Як гэта манетызаваць і як гульня развівае, школьнік распавёў Hrodna.life.
На Youtube-канале «Smollsie» хлопец паказвае, як стварае пабудовы ў гульні Minecraft. Ён ужо пабудаваў трохмачтавы фрэгат і трохмачтавы рбыг, танк САУ, гоначны балід з Формулы-1, грузаперавозачны карабель, ваенны джып, верталёт Мі-8, фуру дальнабойшчыка, БелАЗ, праваслаўную царкву, ваенную машыну для перавозкі салдат.
Minecraft — камп’ютарная індзі-гульня ў жанры «пясочніца», створаная ў 2009 годзе. Свет гульні цалкам складаецца з квадратных блокаў. Гульцы здабываюць рэсурсы, каб будаваць дамы, замкі і цэлыя гарады. Абмежаванняў у Minecraft фактычна няма, акрамя вышыні ўзроўню.
Ёсць і гродзенскія аб’екты: помнік воінам-вызваліцелям — танк Т-34−85 на пастаменце. Таксама Улад пабудаваў Эйфелеву вежу, старажытнагрэцкі храм і карабель «Тытанік».
— Усе гэтыя аб’екты існуюць у наш час, — адзначыў хлопец у размове з Hrodna.life. — У планах у мяне стварыць карабель Britannic, яхту, самалёт.
«Тытанік» за тры дні
На стварэнне аб’ектаў у хлопца сыходзіць ад дзвюх гадзін да аднаго дня. На стварэнне «Тытаніка» сышло больш за тры дні. Для стварэння аб’екта ў першую чаргу трэба вывучыць дэталі будучага будынка, разгледзець аб’ект на фотаздымках, а потым ужо займацца будаўніцтвам, гледзячы на фатаграфіі, распавёў Уладзімір.
— Свайго ўзроўню я дасягнуў дзесьці за год сталай працы ў Minecraft. Каб дасягнуць такога ўзроўню, як у мяне, патрэбныя уседлівасць, старанне і вольны час, — лічыць школьнік. — На маю думку, пабудовы — гэта вельмі захапляльна. Гэта развівае ўяўленне і дае магчымасць фантазаваць пры стварэнні будынка з розных блокаў.
Мяркуючы па Instagram, хлопец таксама захапляецца падарожжамі, хадзіў на адкрыццё мотасезона і канцэрт Алёны Ланской, распавядаў пра сваё захапленне Minecraft на тэлебачанні. У каментарах яго нават просяць навучыць сына будаваць гэтак жа.
Як атрымаць за гэта грошы?
Захапленне можна манетызаваць — напрыклад, праводзячы трансляцыі на Youtube, будуючы за пэўную суму даната пазначаны ў ім аб’ект, распавёў Улад.
Пры жаданні аб’екты можна спампаваць. Таксама іх можна паглядзець у праграме і нават прайсціся «ўнутры».