Рэстарацыя “Карчма” на вуліцы Савецкай, 31 пачала працаваць зноў. Ва ўстановы змяніўся ўладальнік і вытворчы працэс на кухні. Рэмонт быў выключна касметычны. Пра гэта Hrodna.life распавяла дырэктарка “Карчмы” Алена Зайцава.

Установа з гісторыяй: на Савецкай зноў працуе “Карчма”, але з новымі ўладальнікамі
Уваход у “Карчму”. Фота: Hrodna.life

Рэстарацыя “Карчма” аднавіла працу з 1 траўня 2022 года. Дагэтуль яна не працавала два гады. Папярэдні ўладальнік закрыў установу вясной 2020 года з-за пандэміі COVID-19. Новы ўладальнік памяшкання – бізнесовец з Мінска Ягор Харужэнка. 

“Месяц таму мы ўзялі памяшканне ў арэнду. Зрабілі касметычны рамонт, абнавілі мэблю, сцены і столі. Таксама змянілі вытворчы працэс на кухні”, – сказала Hrodna.life дырэктарка “Карчмы” Алена.

Установа з гісторыяй: на Савецкай зноў працуе “Карчма”, але з новымі ўладальнікамі
У памяшканні абнавілі мэблю і зрабілі касметычны рамонт. Фота: Hrodna.life

Назву не змянялі, бо гэта сваеасаблівая самарэклама

Назву рэстарацыі новыя гаспадары вырашылі не змяняць. “Гэта ўстанова ў якой ёсць гісторыя. Кожны гродзенец ведае пра “Карчму”. Гэта сваеасаблівая самарэклама”, – сказала Алена.

Па словах дырэктаркі, асноўны ўхіл зроблены на беларускую кухню для людзей з сярэднім заробкам.

Установа з гісторыяй: на Савецкай зноў працуе “Карчма”, але з новымі ўладальнікамі
“Карчма”. Фота: Hrodna.life

Рэстарацыя працуе штодзённа без выхадных з 9:00 па 23:00. Знаходзіцца на вул. Савецкая, 31 (вугал Савецкай і Ажэшкі).

Што здарылася са старой “Карчмой”, “Рэтра” і “КаваМаніяй”?

У лістападзе 2004 года ў памяшканні адкрыўся бар “Карчма”. Неўзабаве яго ўласнікі стварылі цэлую сетку ўстановаў. У будынку побач працавала кавярня “КаваМанія” і адна з найстарэйшых гродзенскіх піцэрый “Рэтра Піца”. На набярэжнай яны адкрылі “Карчму ля прычалу” (раней “Тры пескары”). У стварэнні ўстановаў удзельнічалі не толькі мясцовыя бізнесмены браты Дзмітрый і Аляксандр Грыкі, але і літоўскі капітал. Дзякуючы бязвізу ў 2016-2020 гадах “Карчма” працавала і нават прэзентавала на турыстычнай выставе ў Варшаве ўласны праект «Смакi старой Гароднi». Аднак з 2020 года бізнес братоў Грыкаў быў зачынены, іх фірма “Гродактек” у канцы красавіка 2022 года была выключана з Адзінага дзяржаўнага рэестру.

Установа з гісторыяй: на Савецкай зноў працуе “Карчма”, але з новымі ўладальнікамі
Радкі з песні “У карчме” гурта “Стары Ольса” на сцяне ў рэстарацыі. Фота: Hrodna.life

Што ў гэтым будынку было раней

Рэстарацыя размяшчаецца ў скляпеннях былога палаца Масальскіх. Яго пабудавалі ў 1750-х гадах. Каля 1795 года будынак перабудавалі. З 1868 па 1903 год будынак арандавала тэлеграфнае ведамства. У канцы XIX ст. тут размяшчаліся розныя ўстановы і бакалейная крама. У міжваенны час будынак займаў аддзел па справах іпатэкі пры акружным судзе, натарыяльныя канторы, крама і іншае. Пасля Другой сусветнай вайны тут была бакалейная, а з 1950 года – мясная крама.

Установа з гісторыяй: на Савецкай зноў працуе “Карчма”, але з новымі ўладальнікамі
Барная стойка ў рэстарацыя “Карчма”. Фота: Hrodna.life