За няпоўную занятасць з-за прастою прадпрыемства арганізуюць даплаты. Пра гэта паведаміла міністарка працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч падчас мерапрыемства, прысвечанага святу працы 1 траўня. Ужо адбываецца ўзгадненне з органамі ўпраўлення, а таксама Федэрацыяй прафсаюзаў.
У міністэрстве працы ўжо рыхтуюць новы праект закона. Праект уключае ў сабе тры блокі пытанняў.
Першы тычыцца працоўных адносінаў. «Мы разумеем, што неабходна аператыўнае прыняцце рашэнняў па арганізацыі бізнес-працэсаў, па змене замоўцы. Таму запланаваны пераход на больш кароткія тэрміны па змене істотных умоваў працы», — сказала Касцевіч БелТА.
Можна будзе хутчэй сысці да іншага наймальніка, калі ў яго ёсць праца
Другі блок — «аб патрымцы» працаўнікоў. Ён закране пытанні часовага пераводу да іншага наймальніка. Зараз такі тэрмін складае паўгода. Яго хочуць павялічыць, каб чалавек меў магчымасць перайсці да іншага наймальніка, дзе ёсць замовы і патрабуюцца супрацоўнікі. Таксама можна будзе аддалёна заключаць кантракт з тымі супрацоўнікамі, якія працуюць дыстанцыйна.
У міністэрстве паднялі пытанні непоўнай занятасці супрацоўнікаў. «Гаворка ідзе аб калектывах, якія знаходзяцца на прастоі, а супрацоўнікі - на вымушанай няпоўнай занятасці. У рамках гэтай нормы мы падтрымалі 20 тысяч чалавек. Прадугледжваецца адрасная падтрымка тых працоўных калектываў, якія знаходзяцца на прастоі», — сказала Касцевіч.
Трэці блок распрацавалі для падтрымкі сем’яў, дзе выхоўваюць дзяцей. Калі прыбытак сям'і ўпаў, у міністэрстве хочуць спрасціць парадак атрымання адраснай дапамогі, каб падтрымаць людзей. Як гэта будзе працаваць пасля спрашчэння, БелТА не паведаміла.
На гродзенскім заводзе «Радыёхваля» супрацоўнікаў адпраўляюць у адпачынак
Пасля пачатку вайны Расіі супраць Украіны ў лютым 2022 года на гродзенскім заводзе «Радыёхваля» супрацоўнікаў пачалі адпраўляць у адпачынак. Некаторыя пачалі пісаць заявы на звальненне, бо на заводзе няма працы.
Гэта звязана з тым, што асноўны замоўца жгутоў «Радыёхвалі» — «Фальксваген Груп Рус». З-за вайны ва Украіне канцэрт Volkswagen Group спыніў вытворчасць аўто Калузе і Ніжнім Ноўгарадзе. У канцэрне паведамілі, што яго супрацоўнікі ў Расіі атрымаюць кароткачасовую дапамогу.
Супрацоўнікаў гродзенскага завода «Радыёхваля» пачалі выпраўляць у адпачынкі ў пачатку сакавіка, бо «жгуты няма для каго вязаць».
Чытайце таксама: «Няма для каго вязаць жгуты». Што адбываецца ў Гродне на «Радыёхвалі», шчыльна звязанай са спыненымі расійскімі заводамі