30 красавіка стаў апошнім працоўным днём «Свободной студии» на старым месцы па адрасе Маставая, 31 у Гродне. Працу заснавальніцы завяршылі вечарынкай у гонар закрыцця. Цяпер яны распрадаюць мэблю і думаюць, як арганізаваць працу далей.

У красавіку заснавальніцы ўжо не прадавалі абанементы — толькі разавыя заняткі.

«Тут правядуць шэраг рамонтных работ, якія закрануць наша памяшканне. Гэта звязана з прывядзеннем бягучых памяшканняў да пэўных нормаў, якія адпавядаюць бізнес-цэнтру. Гэтыя змены зрэжуць нашу залу да немагчымасці ў ёй працаваць. Памяшканне застанецца занадта маленькім. Гэта прымушае нас спыніць працу тут», — расказалі ў Instagram заснавальніцы «Свободной студии» Дар’я і Алеся.

Дар’я і Алеся хочуць працаваць далей. «Пакуль мы не ведаем, у якім фармаце, але мы працягваем пра гэта думаць і размаўляць», — распавяла Дар’я.

Зараз студыя распрадае мэблю і дэталі інтэр'еру.

«Свободная студия» — гэта творчы праект, які ўключае ў сябе танцы, фітнес, фатаграфію, тэатр і іншае. Стваральніцы вялі заняткі па стрэйчынгу, пілатэсу, стрып-пластыцы, кантэмпарары, бразільскай самбе. Таксама яны праводзілі заняткі па кантэмпарары для дзяцей. Існавала з 2017 года.