Гродзенскі бар “Los Amigos” збірае грошы, каб разлічыцца з даўгамі за арэнду і камунальныя паслугі. Іх назбіралася на 10 тыс. рублёў. Праз гэта ўладальніку закрылі доступ да памяшкання, пакуль ён не разлічыцца.

Арэндадаўца: “Надзея памірае апошняй”
Бар “Los Amigos” размяшчаецца на першым паверсе ў камяніцы на вуліцы Урыцкага, 26. На вокнах бара ўласнік памяшкання Ігар Гарбуноў ужо павесіў аб’яву, што здае яго ў арэнду.
“Што будзе з барам?” – запытаўся ў Гарбунова журналіст Hrodna.life, які прыйшоў пад выглядам зацікаўленага ў арэндзе прадпрымальніка. “А вам уладальнік грошай вінен?” – адказаў уласнік.
Што тычыцца арэнды ці выкупа бара, ён папрасіў пачакаць. “Пакуль рана казаць. Бар яшчэ можа вярнуцца, можа расплоцяцца, – сказаў арэндадаўца. – Надзея памірае апошняй”.

Як назбіралася запазычанасць на 10 тысяч рублёў?
Дырэктар бара Сяргей Віктараў аб’явіў збор ахвяраванняў і дэпазітаў сярод сваіх прыхільнікаў. За першыя тры дні яны сабралі 20% ад патрэбнай сумы. Тэрмін для сплаты пазыкі – два тыдні. “Так, мы аблажаліся! Але выпраўляем памылкі”, – напісалі на старонцы бара ў Instagram.
За апошнія два месяцы прыбытак бара не пакрываў арэнду і камунальныя плацяжы. “Не хапіла крыху часу, каб выйсці на патрэбныя сумы, бо шлях развіцця ўжо быў вызначаны (пікнікі, шыльда, анлайн і афлайн рэклама, акцыі…)”, – напісана ў Instagram.
Кошт арэнды бара ў месяц – 900 еўра. Уласнік памяшкання не пайшоў насустрач арандатару і не зафіксаваў аплату ў рублях, калі курсы валют гвалтоўна выраслі ў сакавіку. У некаторых іншых месцах Гродна арэндадаўцы аказаліся больш лаяльнымі і знізілі цэны арэнды.
Як бар збірае грошы
Уладальнікі бара прапанавалі сваім кліентам тры варыянты дапамогі.
Першы – дэпазіт. Можна зрабіць грашовы ўнёсак, а пасля аднаўлення працы бара яго можна будзе выдаткаваць на ежу і напоі.
Другі – бязвыплатная дапамога. Бар прыме грашовую дапамогу, калі госці гатовыя ахвяраваць нейкую суму.
Трэці – рэпост і распаўсюд інфармацыі праз сацыяльныя сеткі. Такім чынам можна распавесці пра праблему і выратаваць бар, лічаць уладальнікі.
“Мы звярнуліся менавіта да нашых сяброў, сталых кліентаў, тых, хто любіць наш бар”, – удакладніў у размове з Hrodna.life дырэктар.

Як дапамагаюць іншыя бары
Сумесна з іншымі гродзенскімі барамі “Los Amigos” арганізаваў збор данатаў за “Тэкілу з сангрытай”. Кожнага, хто зрабіў ахвяраванне, частавалі тэкілай. Такія акцыі адбыліся ў барах “Куба” і “Бухта” 29 і 30 красавіка, а таксама ў бары “5NO” 1 траўня.
Бар “Los Amigos” адкрылі ў лютым 2020 года. Ён спецыялізуецца на мексіканскай кухні і аформлены ў мексіканскай тэматыцы. На сценах можна ўбачыць самбрэра і “мексіканскія” сувеніры. Там падаюць традыцыйныя стравы Мексікі: бурыта, кесадылья, начос. Сярод напояў можна пакаштаваць ліманады, тэкілу і сангрыю.

Побач можа з’явіцца яшчэ адзін бар
На другім паверсе камяніцы ў канцы 2021 года адкрылі апарт-гатэль “У Груши”. Яго гаспадыня валодае таксама 40 кв.м на першым паверсе. Там яна хоча адкрыць кафэ-бар для сваіх пастаяльцаў і гараджан. Да лета 2022 года яна планавала пачаць будаўнічыя працы. Разам з уладальнікамі бара Los Amigos яна хацела ўпарадкаваць унутранны дворык і зрабіць летнюю пляцоўку.

Чытайце таксама: У старой камяніцы ля турмы адкрылі апарт-гатэль і плануюць зрабіць кавярню


