У Гродне затрымалі адміністратара Telegram-канала і супрацоўніка школы. На праваслаўных святароў, у тым ліку з Гродна, націснулі за зварот супраць вайны. Затрыманая ў Гродне Лізавета Мерляк дала падпіску аб неразгалошванні. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў вобласці c 18 па 24 красавіка.
Суды ў Гродне
Да Паўла Абуховіча ў верасні 2021 года прыехала група захопу і затрымала яго за «экстрэмісцкія матэрыялы». Яго пачалі судзіць у Гродзенскім абласным судзе па шэрагу артыкулаў КК:
- 367 ч. 1 — Паклёп у дачыненні да прэзідэнта;
- 130 ч. 1 — Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варожасці;
- 368 ч. 1 — Абраза прэзідэнта;
- 369 — Абраза прадстаўніка ўлады.
Таксама ў Гродзенскім абласным судзе пачалі судзіць Гемзу Уладзіміра Аляксеевіча паводле арт. 130 КК «Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці».
СК: справы аб экстрэмізме складаюць не больш за 5−6% ад агульнай колькасці злачынстваў
Асноўную ўдзельную вагу складаюць паклёп, абразы, распаўсюджванне інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных — 41%. Яшчэ 17% складаюць апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці. З рэальным прымяненнем гвалту здзейснена нязначная колькасць злачынстваў гэтай катэгорыі.
Новыя «экстрэмісты»
Суды ў Гродне прызналі экстрэмісцкімі супольнасць «STOP LUKA» у сетцы «Аднакласнікі» і Telegram-чат «Белсатаўшчына».
Затрымалі сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі з Барысава Ігара Ледніка
Са слоў партыйцаў, 18 красавіка дадому да Ігара Ледніка прыехаў аўтамабіль з гродзенскімі нумарамі. Прычыны затрымання ўдакладняюцца, паведамілі ў партыі.
Яму ўжо двойчы прысуджаліся «адміністрацыйныя» суткі. Ён інвалід другой групы — мае праблемы з сэрцам.
Палітвязень і журналіст Дзяніс Івашын з адвакатам пачалі вывучаць матэрыялы яго крымінальнай справы
«Безумоўна, ніякіх падрабязнасьцяў нам ніхто паведамляць ня будзе. Падпіску пра неразгалошаньне ніхто не скасоўваў, хоць „сьледчыя“ самі ўсё пасьпяхова зьлілі зь месяц таму», — напісала яго жонка Вольга Івашына.
Дзяніс Івашын — палітвязень і журналіст. Яго падазраюць па ст. 365 КК «Умяшальніцтва ў дзейнасць супрацоўніка органаў унутраных спраў» і арт. 356 КК «Здрада дзяржаве». Яго прызналі палітвязнем. Ён адмовіўся пісаць Лукашэнку ліст аб памілаванні. У сакавіку яго абвінавацілі ў супрацоўніцтве з украінскай выведкай.
Ігар Банцэр, Эдуард Пальчыс, Андрэй Пачобут: Беларусь на 7-м месцы ў свеце па колькасці пісьменнікаў за кратамі
У Freedom to Write Index за 2021 год уключаныя 10 беларускіх аўтараў: Валерыя Касцюгова, Ігар Банцэр, Уладзімір Мацкевіч, Эдуард Пальчыс, Андрэй Пачобут, Алесь Бяляцкі, Мікалай Дзядок, Мікалай Папека, Алесь Пушкін, Аляксандр Фядута. Пры гэтым, відавочна, не ўсе пісьменнікі ўключаны ў спіс. Напрыклад, там няма Паўла Севярынца, паведамляе «Свабода».
Freedom to Write Index за 2021 год змяшчае звесткі аб пісьменніках, навукоўцаў і публічных інтэлектуалах, якія ў 2021 годзе былі ў турме альбо пад вартай з-за сваёй пісьменніцкай дзейнасці або выяўленага іншым чынам права на свабоду выказвання.
У інтэрнэце апублікавалі дызайн кабінета дырэктара мясакамбіната з велізарным партрэтам Лукашэнкі. Адмінам паблік пагражаюць судом
Паблік «Волковыск онлайн» апублікаваў ва «ВКонтакте» рэндэры інтэр'еру кабінета кіраўніка прадпрыемства (на малюнках ёсць лагатып Ваўкавыскага мясакамбіната), якія апублікавала ў сябе ў сацсетках Брэсцкая студыя дызайну «Хамелеон», паведамляе «НН».
У каментарах да навіны людзі сталі абурацца багатым дызайнам пры невысокіх заробках на прадпрыемстве.
Праз некаторы час дызайнерская студыя пачала патрабаваць ад аўтараў пабліка прыбраць фотаздымкі, абвінавачваючы ў парушэнні аўтарскага права. Калі не выдаляць, адмінам пагражаюць судом і гіганцкім штрафам.
«<…>Кабінеты кіраўнікоў дзяржпрадпрыемстваў не з’яўляюцца сакрэтнымі аб’ектамі для падаткаплацельшчыкаў нашай краіны. Ну ці для студыі гэта не той праект, якім варта ганарыцца?!» — задаюцца пытаннем аўтары пабліка.
Ваўкавыскі паблік апублікаваў фота дызайну кабінета дырэктара мясакамбіната. Фота: НН Ваўкавыскі паблік апублікаваў фота дызайну кабінета дырэктара мясакамбіната. Фота: НН Ваўкавыскі паблік апублікаваў фота дызайну кабінета дырэктара мясакамбіната. Фота: НН Ваўкавыскі паблік апублікаваў фота дызайну кабінета дырэктара мясакамбіната. Фота: НН
Затрыманне ў Гродне
23 красавіка стала вядома аб затрыманні дальнабойніка ў Гродне. Паводле яго слоў, ён быў падпісаны на экстрэмісцкія каналы і чаты. У іх ён нібыта распаўсюджваў экстрэмісцкія матэрыялы, заклікаў да гвалту па адносінах да работнікам міліцыі і распаўсюджваў іх асабістыя дадзеныя. Быў футбольным фанатам ФК «Ліда». Зарэгістраваўся ў плане «Перамога».
Па версіі праўладных Telegram-каналаў, яго будуць судзіць па артыкулах 369 і 361−1 КК.
Факты аб «справе Зельцара»
- Каля 200 беларусаў былі затрыманыя па «справе Зельцара». Ужо сем месяцаў людзі ў турме, паведамляе «С*****а».
- Вядома пра два прысуды па такіх справах. Два гады калоніі атрымаў 45-гадовы жыхар Магілёва за «абразу прадстаўніка ўлады». Два з паловай гады калоніі атрымаў жыхар Брэста.
- Сем месяцаў сядзіць у турме жыхар Гродна Аляксандр Курганскі. Сваякі распавялі «С*****е», што суда да гэтага часу не было, так як не гатовая лінгвістычная экспертыза. «У некаторых іншых з Гродна, якія таксама сядзяць за каментары, экспертызы ўжо гатовыя, толькі судоў пакуль не было», — сказала адна з сваячак былога выратавальніка.
- 27 жыхароў Гомеля следства аб’яднала ў групу. Гэта людзі, якія пісалі розныя каментары ў розных сацыяльных сетках. Следчых дзеянняў не праводзяць — чакаюць экспертыз.
- «Следчы патлумачыў, што група-таму што адзін бачыў, што пішуць іншыя, і таксама нешта пісаў. Вось група!» — кажа сваячка затрыманага.
У Гродне затрымалі адміністратара Telegram-канала
Аб затрыманні адміністратара Telegrаm-канала «Гродно чат здравомыслящих» стала вядома 24 красавіка. Вядома, што гродзенец працаваў у школе. Паводле версіі міліцыі, ён размяшчаў у ім экстрэмісцкія матэрыялы і абражаў службовых асоб. Яго канал выдалілі пасля затрымання. У 2020 годзе хлопец напісаў абразлівы каментар на адрас Аляксандра Лукашэнкі. Ён раскаяўся ў зробленым. Яго будуць судзіць па арт.368 КК і 369 КК.
Лукашэнка ўпершыню выказаўся аб затрыманні 35 лекараў-траўматолагаў
35 лекараў-траўматолагаў затрымалі па Беларусі, расказаў на сустрэчы Аляксандр Лукашэнка. Сярод затрыманых — лекар, які абследаваў і яго самога. Пры ператрусах у затрыманых знайшлі ад € 300 000 да € 650 000. Лукашэнка лічыць, што адказваць за гэта павінен міністр аховы здароўя.
Ім можа быць змененая мера стрымання пры ўмове выканання шэрагу патрабаванняў. У тым ліку гаворка ідзе — аб прызнанні віны, аб вяртанні сум і аб вяртанні на працоўныя месцы ў тыя ўстановы аховы здароўя, якія ім будуць вызначаныя міністрам.
Як стала вядома «НН», амаль усе затрыманыя па «справе траўматолагаў» кампенсавалі «шкоду». Частку затрыманых сёння адпусцілі і адразу адправілі на працу. Вядомых хірургаў ставяць працаваць у прыёмныя пакоі. Вядома пра як мінімум пяць чалавек, але выпушчаных можа быць больш.
Што тычыцца затрыманага Андрэя Тодрыка, загадчыка артапеда-траўматалагічнага аддзялення № 2 БХМД Гродна, — яго пакуль няма на працоўным месцы. Верагодна, яго не адпусцілі з СІЗА.
На святароў РПЦ націснулі за зварот супраць вайны. Сярод іх — гродзенцы
«Падпісаў, бо было важна акрэсліць сваю пазіцыю», — распавёў Hrodna. life адзін з беларускіх святароў, якія падпісалі калектыўны зварот святароў Рускай праваслаўнай царквы супраць вайны ва Украіне. Пасля гэтага яго выклікалі на «небяспечную размову».
На момант публікацыі гэтага матэрыялу зварот падпісалі амаль 300 святароў. Падпісантаў з Беларусі — каля 20 чалавек, распавёў Hrodna.life адзін з іх. У спісе рэдакцыя ўбачыла не менш за пяць святароў з Гродна і Гродзенскага раёна.
Суд у Гродне прызнаў экстрэмісцкай кнігу «Вайсковая гісторыя Беларусі»
Кнігу Віктара Ляхора «Вайсковая гісторыя Беларусі. Героі, сімвалы, колеры» 18 красавіка прызнаў экстрэмісцкімі матэрыяламі суд Ленінскага раёна Гродна. Кніга ўжо з’явілася ў Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў на сайце Міністэрства інфармацыі Беларусі.
Ігар Банцэр заплаціць за камуналку віцебскай «хіміі», хоць не жыў там
Ігар Банцэр па рашэнні суда Ленінскага раёна Гродна заплаціць 81 рубель 66 капеек папраўчай установе адкрытага тыпу № 9 Віцебска і 64 рублі дзяржпошліны. Ігар настойваў, што яму няма за што плаціць. У спецінтэрнаце ПУАТ ён не знаходзіўся — яго рэгулярна адпраўлялі ў штрафны ізалятар. Але суддзя Вольга Шуманская прыняла рашэнне не на карысць былога палітвязня.
Таксама іскі вылучылі:
- ПУАТ № 3 па Брэсцкай вобласці да Джамідара Цімура Алегавіча,
- ПУАТ № 35 па Мінскай вобласці да Зіверда Андрэя Уладзіміравіча.
Касцюшка і Дамейка могуць знікнуць з сайта гродзенскай школы № 8
У красавіку на сайце СШ № 8 Гродна зменяць інфармацыю ў раздзеле «Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь». Цяпер там у ліку першых распавядаюць пра Барбару Радзівіл, Тадэвуша Касцюшку і Ігната Дамейку. Інфармацыю зменяць згодна з «нарматыўным прававым дакументам па патрыятычнаму выхаванню навучэнцаў». Прычынай стаў зварот актывісткі «ІнфаСпецНаз» Вольгі Бондаравай. З ёй пагадзіўся начальнік Галоўнага ўпраўлення адукацыі Руслан Абрамчык.
На «Гродна Азот» незадаволеныя працай незалежнага прафсаюза
Пытанне аб працягу фінансавання міжнародных грамадскіх арганізацый паднялі на сходзе дырэкцыі «Гродна Азот» 15 красавіка. Акрамя таго, кіраўніцтва незадаволена працай Беларускага Незалежнага прафсаюза. Яны не падтрымалі зварот супраць санкцый і не ўдзельнічалі ў суботніку. Пра гэта паведамілі ў карпаратыўным выданні «Гродзенскі хімік».
Актывістку Анжаліку Арэхву будуць судзіць
Анжаліку Арэхву, актывістку непрызнанага беларускімі ўладамі Саюзу палякаў у Беларусі, выклікалі ў міліцыю «на размову». У міліцыі Анжаліку Арэхву апыталі і склалі пратакол паводле арт 19.11 ч. 2 КаАП (распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі), напісала яна. Артыкул прадугледжвае штраф ад 10 да 30 базавых велічынь, або грамадскія працы, або адміністрацыйны арышт да 30 сутак — з канфіскацыяй прадмета або прылады адміністрацыйнага парушэння ці без яе.
Рэктарку ГрДУ ўзнагародзілі за «лідарства і паспяховае кіраўніцтва». Пры ёй звальнялі выкладчыкаў і рэпрэсавалі студэнтаў
Ірыну Кітурку, рэктарку Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, кандыдата гістарычных навук, адзначылі на конкурсе «Жанчына года — 2021» у намінацыі «за лідарства і паспяховае кіраўніцтва». Па версіі конкурсу, пад кіраўніцтвам Ірыны ВНУ дасягнуў асаблівых вышынь. Ірына Кітурка 25 жніўня 2020 года заявіла аб падтрымцы «купалаўцаў», якія пацярпелі пры затрыманні сілавікамі, а таксама паабяцала не звальняць выкладчыкаў і не адлічваць студэнтаў за палітычныя погляды. Але абяцанне не стрымала.
Затрыманая ў Гродне Лізавета Мерляк дала падпіску аб неразгалошванні
Сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі, міжнародны сакратар Беларускага Незалежнага прафсаюза Лізавета Мерляк дала падпіску аб неразгалошванні. Пра гэта стала вядома 22 красавіка. Падрабязнасці яе затрымання будуць невядомыя.Лізавету Мерляк затрымалі ў Гродне ўвечары 21 красавіка. У той жа вечар яе адпусцілі.
Таксама затрыманы Сяргей Антусевіч — былы работнік «Гродна Азот», які кіраваў незалежным прафсаюзам на прадпрыемстве. Цяпер жыве ў Мінску і з’яўляецца віцэ-старшынёй Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў.
Фінская Olvi страціць 33,2% продажаў пасля сыходу з Беларусі
Olvi выходзіць са складу акцыянераў «Лідскага піва». Выхад не будзе хуткім і можа зацягнуцца на год. Кампанія шукае патэнцыйных пакупнікоў бізнесу і адзначае, што сыход з Беларусі знізіць продажу кампаніі на траціну.
У кіраўніцтва фінскай кампаніі Olvi няма планаў звальняць альбо адпраўляць на прастой супрацоўнікаў сваёй беларускай дачкі «Лідскага піва». Больш за тое, кампанія рыхтуецца да высокага сезону, калі традыцыйна ўзрастае попыт на безалкагольныя напоі і піва.
У Гродне праз суд ліквідуюць краязнаўчае таварыства «Коматава»
Пасяджэнне аб ліквідацыі Гродзенскага грамадскага аб’яднання «Краязнаўчае таварыства — Коматава» прайшло 22 красавіка ў Гродзенскім абласным судзе. Вынікі пакуль невядомыя. Ісцец — Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Гродзенскага аблвыканкама. Суддзя — Сяргей Піпко. Арганізацыя займалася вывучэннем гісторыі цэркваў, захаваннем і аднаўленнем гісторыка-культурнай спадчыны.
Арганізацыю зарэгістравалі ў 2011 годзе, калі рыхтаваўся пуск Гродзенскай ГЭС і ваколіцы Коматава чакала затапленне. Мэта арганізацыі - даследаваць гісторыю мясцовых цэркваў, садзейнічаць захаванню і аднаўленню гісторыка-культурнай спадчыны. Кіраўнік арганізацыі - ураджэнец вёскі краязнаўца Васіль Сёмка. На 2020 год у складзе было 14 чалавек.
Наколькі глыбокі крызіс у Беларусі? Экспертка з Гродна распрацавала адмысловы індэкс
Гродзенка Алеся Руднік, даследчыца Цэнтра новых ідэй, і Генадзь Коршунаў, былы дырэктар Інстытута сацыялогіі НАН, распрацавалі першы ў Беларусі індэкс, які дазваляе комплексна ацаніць беларускі крызіс. Што такое рэзільентнасць і як доўга трэба будзе вырашаць наступствы крызісу, аўтары распавялі падчас анлайн-прэзентацыі.
Што чакае беларускую кінаіндустрыю
Саўдзел у ваеннай агрэсіі Беларусі комплексна паўплываў на сферу кіно і забаў. У тым ліку — камерцыйны пракат кіно і з яго стварэннем. Hrodna.life пагаварыў з кінакрытыкам Тарасам Тарналіцкім, пра тое, што мы ўжо не ўбачым у кіно, колькі засталося жыць прыватным кінатэатрам, ці ёсць хоць нейкія надзеі на беларускі кінематограф і за што павінна быць сорамна «Беларусьфільму».
Якія новыя радыяцыйныя рызыкі стварыла вайна ва Украіне
Чым вайна Расіі супраць Украіны адрозніваецца ад усіх папярэдніх войнаў, чаму не існуе мірнага атама і што рабіць з Астравецкай АЭС. На гэтыя тэмы выказаліся эксперты 19 красавіка ў час дыскусіі «І зноў Чарнобыль — новыя радыяцыйныя пагрозы і рызыкі. Што рабіць». Арганізавалі яе Press Club Belarus і грамадскае аб’яднанне «Экадом» (ліквідавана ў 2021 годзе па рашэнні Вярхоўнага суда).
Добраахвотнік з Гродна распавёў, як трапіў ва ўкраінскае войска
«Я ва Украіне», — напісаў журналістцы Hrodna. life гродзенец Косця (імя змененае) амаль праз два месяцы спробаў трапіць добраахвотнікам ва ўкраінскае войска. Дзеля гэтага яму давялося перасекчы пяць краін і прайсці мноства перамоваў і ўзгадненняў. Цяпер разам з сабакам Вольфам Косця служыць у батальёне імя Кастуся Каліноўскага. Для Hrodna. life ён распавёў, чаму хацеў стаць добраахвотнікам і за што зараз ваюе.