«Я ва Украіне», — напісаў журналістцы Hrodna. life гродзенец Косця (імя змененае) амаль праз два месяцы спробаў трапіць добраахвотнікам ва ўкраінскае войска. Дзеля гэтага яму давялося перасекчы пяць краін і прайсці мноства перамоваў і ўзгадненняў. Цяпер разам з сабакам Вольфам Косця служыць у батальёне імя Кастуся Каліноўскага. Для Hrodna. life ён распавёў, чаму хацеў стаць добраахвотнікам і за што зараз ваюе.

На апошнія грошы паехаў ваяваць ва Украіну

Пасля жнівеньскіх падзей 2020 года Косця з’ехаў з Гродна і жыў у Грузіі. «Мы прыехалі ў Тбілісі на пункт збору ў першы ж дзень [вайны]. Тады прэзідэнт Зяленскі сказаў: „Звяртайцеся ў пасольствы ў сваіх гарадах“. Я знайшоў у інтэрнэце, што людзі збіраюцца ля консульства ў Тбілісі і паехаў туды», — распавёў Косця карэспандэнтцы Hrodna.life.

На мітынгу ля амбасады Украіны сабралася шмат ахвотных ваяваць за Украіну. «Там быў дзед 68-гадовы з Абхазіі. Ён казаў: „Дайце мне аўтамат!“. Людзі гатовыя былі ісці хоць санітарамі, хоць ваду падаваць».

Праўда, у першыя дні вайны консульствы самі не ведалі, як дапамагчы ўсім ахвочым трапіць ва Украіну і абараняць краіну. Хлопцаў накіравалі ў Турцыю — праз яе ў гэты час накіроўваліся ва Украіну гуманітарныя рэйсы. У дыппрадстаўніцтве Украіны ў Стамбуле вырашыць пытанне з накіраваннем у краіну таксама не ўдалося.

«Мы прыйшлі ў консульства, а нам адмовілі [дапамагчы трапіць ва Украіну]. Камон, кажу. Мы наогул хочам вашу краіну абараняць. Нам жыцці свае для гэтага не шкада. Але не. Па выніку засталіся на вуліцы».

Косцю прыйшлося вярнуцца ў Грузію і шукаць іншыя шляхі. Пасля доўгіх працэдур анлайн верыфікацый і ўзгадненняў ягоны маршрут прайшоў праз Польшчу і Малдову. Ён прызнаецца, што ў выніку на ўсе спробы трапіць ва Украіну сышлі апошнія грошы. Але ў сярэдзіне красавіка ў яго ўсё атрымалася. Косцю залічылі байцом у батальён беларускіх добраахвотнікаў імя Кастуся Каліноўскага.

Батальён Кастуся Каліноўскага — беларускі добраахвотніцкі батальён, сфармаваны ў сакавіку 2022 года для абароны тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны ад расійскага ўварвання. У фармаванне ўвайшлі сябры тактычнай групы «Беларусь», удзельнікі арганізацыі «Белы легіён», прадстаўнікі руху «Малады фронт», грамадзяне Беларусі, якія эмігравалі ва Украіну пасля пратэстаў летам-восенню 2020 года. У Дзень Волі, 25 сакавіка, батальён увайшоў у склад Узброеных сілаў Украіны.

«Зашнураваў красоўкі і застаўся на плошчы»

Да жніўня 2020 года Косця быў адным з многіх хлопцаў-падшыванцаў: «Нарадзіўся, рос, у школу хадзіў у Гродне. Гуляў у рэгбі і амерыканскі футбол. Пасля школы збіраў мэблю і працаваў на будоўлі. Вайна была — калі толькі ў двары яблыкамі. Або ў кампутарных гульнях, — распавёў ён Hrodna.life. — Ці ў нейкіх вулічных калатнечах».

Самая вялікая «калатнеча» здарылася з Косцем пасля выбараў 9 жніўня на плошчы Савецкай. «Нас затрымалі аднымі з першых, — успамінае ён. — Нават не думаў, што такое ў Гродне магчыма. Што выйдуць людзі, што будуць круціць нават жанчын з дзецьмі. Вядома, я пачаў абурацца і апынуўся ў турме».

Чытайце таксама: «Тэрміновікі - закладнікі сітуацыі». Дэмбелі распавялі пра ўдзел у разгонах пратэстаў у Гродне і Мінску

Па словах Косці, яго выпусцілі з турмы са штрафам у 20 базавых (у 2020 годзе — 540 рублёў) на наступны дзень. «Выйшаў і ўбачыў, што людзі зноў збіраюцца на плошчы. Я нават дадому не пайшоў. Зашнураваў красоўкі і застаўся на плошчы».

Успомніце, як гэта было: Работники «Химволокно» и «Гродно Азот» вторые сутки ведут переговоры с властями

«Вярнуцца ў Гродна — пасля перамогі»

Казаць пра тое, дзе і што цяпер робіць батальён і сам Косця — нельга. Гэта закрытая інфармацыя. Затое ўспамінаць свой горад — можна. Добраахвотнікі распавядаюць адзін аднаму пра свае родныя мясціны. «Люблю Гродна, сумую. Мару прайсціся ўначы па цэнтры горада або пагуляць з сабакам у Пышках. Гэта найлепшы горад на планеце. Хачу туды вярнуцца пасля вайны, — кажа Косця, а потым удакладняе, — пасля перамогі».

добровольцы в Украине, батальон Кастуся Калиновского
Байцы батальёна Кастуся Каліноўскага. Скрын з відэа тэлеканала ICTV

У войску Косця не служыў. Пра сапраўдную вайну чуў ад аднаго з сваіх сваякоў, які ваяваў у Афганістане. «Маглі забіць, — скупа казаў той. — [у вёсцы] маглі накарміць, а маглі ў спіну стрэліць». Яшчэ ён заўсёды казаў, што «Лепш бы не было ніякай вайны» і называў яе «бессэнсоўнай стратай для ўсіх».

Вайна за Украіну, на думку Косці, іншая: «Гэта вайна за свабоду. Не на дзень, не на месяц — да перамогі. Каб нашы дзеці маглі жыць. Каб унукі жылі. Добраахвотнікі тут яшчэ доўга будуць патрэбныя. Пакуль галоўная зброя Украіны — баявы дух і аўтаматы».

добровольцы в Украине, батальон Кастуся Калиновского
Косця служыць разам з сабакам — нямецкай аўчаркай Вольфам. Цяпер ён адпускае 7-месячнага шчанюка працаваць на затрыманне, ахову і пошук. Скрын з відэа телеканала ICTV

МУС Беларусі 26 сакавіка 2022 года заявіла, што ім вядома пра 50 удзельнікаў батальёна імя Кастуся Каліноўскага. Паводле беларускага заканадаўства не санкцыянаваны ўладамі Беларусі ўдзел у баявых дзеяннях на тэрыторыі іншай дзяржавы лічыцца наёмніцтвам.

Артыкул 133 КК прадугледжвае за гэта ад 3 да 7 гадоў пазбаўлення волі. Паводле артыкула 361−3 «удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях, вярбоўка альбо падрыхтоўка асоб да такога ўдзелу» караецца турэмным зняволеннем на тэрмін да 5 гадоў. Калі ўдзел у батальёне кваліфікуюць па артыкуле 356−1 як «пераход на бок ворага падчас вайны або ўзброенага канфлікту, альбо іншае аказанне дапамогі замежнай дзяржаве (…) у правядзенні дзейнасці, накіраванай на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь», то максімальнае пакаранне складзе 15 гадоў пазбаўлення волі.

Калі мы ўсе вернемся — гэта будзе райскае месца

У Грузіі ў Косці таксама з’явіўся сябар, які раней ваяваў. «У Батумі я жыў у грузінскага спецназаўца, які ваяваў у Іраку, Афганістане. Яму 48 гадоў, ён увесь у шнарах. Ён пасля вайны серфінгам захапіўся. Змог знайсці сябе — не заскочыў у бутэльку, не падсеў на траўку. Гэтай вясной яго ў Каліфорнію клікалі, на найлепшыя хвалі. А ён паехаў ва Украіну ваяваць».

Пра свае пасляваенныя планы Косця кажа, што «ўсё будзе добра». А яшчэ, што ён бы хацеў арганізаваць у Гродне цэнтр дапамогі падлеткам: «Калі яны пасля заняткаў будуць усміхацца, а не шкадаваць пра страчаны час, гэта будзе самай лепшай узнагародай».

Дзяўчыне, з якой пазнаёміўся ў Грузіі, і якая чакае Косцю з вайны, ён паабяцаў абавязкова паказаць свой родны горад: «Калі мы ўсе вернемся, гэта будзе райскае месца».